Ужо семдзесят тры гады, як адгрымела вайна, ды рэха тых падзей гучыць ва ўспамінах сведкаў

Общество

cwedki

Вайна… Такое кароткае слова, а колькі жудасці і гора тоіць у сабе. Колькі напісана і сказана пра той страшны перыяд Вялікай Айчыннай, але нават праз дзесяцігоддзі не забыць пра мужнасць і гераізм, неймаверныя страты нашага народа, які змагаўся за вызваленне Радзімы ад фашысцкіх захопнікаў. Гэта наша гісторыя, памяць і боль. Ужо семдзесят тры гады, як адгрымела вайна, ды рэха тых падзей гучыць ва ўспамінах сведкаў, дзяцінства і маладосць якіх прыпалі не на мірны, а напоўнены цяжкімі выпрабаваннямі час.

На жаль, такіх людзей побач з намі застаецца ўсё менш. Але мы памятаем пра іх, наведваем, стараемся нечым дапамагчы, заўсёды віншуем са святам Перамогі, выказваем словы ўдзячнасці за сённяшняе шчаслівае жыццё. І тым самым далучаемся да мерапрыемстваў у рамках патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”.

На тэрыторыі нашага сельсавета пражывае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Дзмітрыевіч Быстрык, якога мы сёлета запрасілі на мітынг, прысвечаны Вялікай Перамозе, павіншавалі са святам і ўручылі падарунак ад намесніка старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Веры Мялешкі. У сваю чаргу Фёдар Дзмітрыевіч расказаў школьнікам пра сваё нялёгкае дзяцінства, пра тое, як быў сувязным у партызанскім атрадзе: прыносіў ежу і медыкаменты, здабываў патрэбную інфармацыю пра немцаў, якія акупіравалі тэрыторыю, хаваў параненую партызанку. Вельмі ўразіў вучняў і ўсіх прысутных эпізод, калі 14-гадовы хлопец ледзь не загінуў. Партызаны далі тады яму заданне перарэзаць кабель і тым самым перарваць сувязь паміж немцамі. Ён узяў з сабою брата і пайшоў выконваць даручанае. Калі кабель быў перарэзаны, хлопцы схаваліся ў стог саломы, які стаяў непадалёку. Ды хутка іх знайшлі аўчаркі, з якімі немцы кінуліся на пошукі злодзеяў. Выратаваў ад смерці перакладчык, які сказаў немцам, што хлапчукі хацелі з рознакаляровых правадкоў кабеля зрабіць сабе рамні ці паясы.

cwedki 2

Анастасіі Іванаўне Барысавай з Мікуліч, калі пачалася вайна, было толькі шэсць гадкоў. Але яна бачыла немцаў і памятае, што тады адбывалася.

Жанчына напярэдадні свята таксама распавяла вучням пра выпадак, які выратаваў яе сям’ю ад расстрэлу. У той час, калі немцы акупіравалі тэрыторыю сучасных Мікуліч, многія жыхары хаваліся ў лесе каля вёскі Рыжкаў. Пасля аблавы Насцю і яе сям’ю разам з аднавяскоўцамі паставілі ў шарэнгу пасярод вёскі, каб расстраляць. Але маці дзяўчынкі ўспомніла, што пры ёй знаходзіцца ліст-апавяшчэнне, у якім гаворыцца, што бацька Анастасіі Іванаўны знаходзіцца ў нямецкім палоне. Яна асмелілася і паказала яго захопнікам. Тады немцы загадалі ім пакінуць шарэнгу. Такім чынам сям’я ўратавалася.

Дарэчы, мы знялі сюжэт з гэтым аповедам і прынялі ўдзел у абласным конкурсе відэаролікаў “І няхай пакаленні памятаюць”, дзе наша работа адзначана за арыгінальную падачу матэрыялу.

Пакідаюць нас сведкі вайны, але памяць пра іх застаецца ў нашых сэрцах, якую мы павінны захаваць і данесці да нашчадкаў.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
старшыня прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУА “Мікуліцкая сярэдняя школа”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *