1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей

Грамадства

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Дзень добры, лета! Яркае сонца, буйная зеляніна, стракатыя кветкі… Чагосьці для поўнага шчасця яшчэ не хапае. Вядома ж, чароўных дзіцячых усмешак. Нездарма першага чэрвеня, з пачаткам школьных канікулаў, самыя найлепшыя пажаданні адрасоўваем маленькім жыхарам краіны. І ў які раз задумваемся: што мы, дарослыя, павінны зрабіць, каб жыццё падрастаючага пакалення было шчаслівае, а будучыня – светлая? Для гэтага патрэбна не так і многа: наша любоў, увага, клопат і цеплыня.

У Міжнароднага дня абароны дзяцей, дарэчы, ёсць свая гісторыя. Пасля Другой сусветнай вайны, у 1949 годзе, на кангрэсе жанчын у Парыжы прагучала клятва “нястомна змагацца за забеспячэнне трывалага міру як адзінай гарантыі шчасця дзяцей”. І ўжо ў наступным 1950-м дату першага чэрвеня адзначылі як свята ў 51 краіне. А мэтай праведзеных мерапрыемстваў стала абарона тых, хто не можа пастаяць за сябе самастойна. У першую чаргу – ад голаду і вайны.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адобрыла ініцыятыву і ўнесла свой уклад у абарону юнага пакалення. У 1959 годзе ёю была прынята Дэкларацыя правоў дзіцяці, у якую ўвайшлі артыкулы, што заклікалі бацькоў, дзяржаўныя органы, мясцовую ўладу і ўрад, грамадскія арганізацыі прызнаць выкладзеныя ў іх правы і свабоды непаўналетніх, а таксама імкнуцца да іх выканання. Праўда, дакумент не меў юрыдычнай сілы і насіў толькі рэкамендацыйны характар. Патрабаваліся іншыя законы, якія б маглі абавязваць. Таму ў лістападзе 1989-га была падрыхтавана Канвенцыя аб правах дзіцяці, якую падпісала 61 краіна. 13 ліпеня 1990 года яе ратыфікавалі і ў існуючым тады СССР.

Такім чынам, ужо не адно дзесяцігоддзе дата першага чэрвеня нагадвае грамадству аб неабходнасці захоўвання і павагі правоў кожнага дзіцяці, умацавання адказнасці за лёс нашай будучыні. На календары – свята, якое ў чарговы раз дае магчымасць адчуць усю важнасць клопатаў аб падрастаючым пакаленні. Ад таго, як выхаваем яго і што яму перададзім, залежыць далейшы лёс не толькі юных асоб, але і нашага раёна, вобласці, краіны ў цэлым.

У Рэспубліцы Беларусь ахова дзяцінства – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі, Кодэксе аб шлюбе і сям’і, Законе “Аб правах дзіцяці”, Дэкрэце №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, іншых дакументах. Дзейнічае сістэма сацыяльных дапамог, гарантый і льгот сем’ям з дзецьмі. На абароне інтарэсаў падрастаючага пакаленння стаяць прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, устаноў і арганізацый. Дзяржава і грамадства стараюцца зрабіць усё, каб з першых дзён свайго жыцця дзеці раслі ў атмасферы клопату, увагі, цеплыні. Яны – наш гонар і працяг, наша радасць і найвялікшае багацце. Таму няхай абаронай кожнаму стануць цяпло дамашняга ачага, пяшчота мацярынскіх рук, слушная парада бацькі, а любові будзе столькі, колькі прагне адкрытая душа. І не толькі ў сваё свята, а штодзённа, штогадзінна, штохвілінна.

Дарыце дзецям усмешкі, дабро і шчасце!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *