Адбудзецца прэм’ера тэатральнай пастаноўкі “Карчма на Брагінцы”

Общество

premiera

23 чэрвеня ў аграгарадку Краснае адбудзецца прэм’ера тэатральнай пастаноўкі “Карчма на Брагінцы”, якую пакажуць самадзейныя артысты аматарскага тэатра “Натхненне”. Сямейны клуб з аднайменнай назвай быў створаны пры Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй у 2015 годзе.

Тэатральнае мастацтва аб’яднала неабыякавых людзей, здольных сваім талентам дарыць радасць іншым. Памятаю першыя рэпетыцыі ў фае музея, заняткі з прафесійным рэжысёрам з Мінска Таццянай Шылавай. Яе парады, як трымаць спіну, правільна і прыгожа гаварыць, паводзіць сябе ў час размовы, спатрэбіліся б у жыцці кожнаму. На жаль, толькі адзінкі згадзіліся прыходзіць зімовымі вечарамі на рэпетыцыі тэатральнага гуртка, каб спасцігаць сакрэты акцёрскага майстэрства і з дапамогай мастацкага слова ўздзейнічаць на чалавечыя душы і пачуцці.

Сёння можна ўжо сказаць, што за гэты час у аматарскага тэатра з’явіўся невялікі рэпертуар. Пачыналася ўсё з батлейкі, якую потым уключылі ў камерны спектакль “Калядная казка”. Паверыўшы ў свае сілы і здольнасці, вырашылі ўвасобіць на сцэне эпізод сустрэчы Марыны Мнішак і Лжэдзмітрыя I у тэльманаўскім парку (трагедыя Аляксандра Пушкіна “Барыс Гадуноў”). Ролю ганарлівай палячкі выканалі Алеся Даўгулявец, Іна Бандолік, Святлана Джулакян, Надзея Горст, Надзея Мялешка, Вольга Новік, Алёна Балобан. У кожнай было сваё бачанне вобраза, сваё ўяўленне пра авантурную дзяўчыну, прадбачлівую і хітрую, але ж прыгожую і абаяльную. Яны паказалі розныя характары, надзяляючы Марыну тымі якасцямі жаночай натуры, якія прыпісвалі ёй даследчыкі і гісторыкі. Пераўвасабляліся, зачароўвалі, прымушалі паверыць у праўдзівасць слоў пра каханне да царэвіча-самазванца і былі пераканаўчымі.

У ролю Лжэдзмітрыя I адразу ўжыліся Уладзіслаў Дзёкін, Сяргей Даўгулявец і Яўген Корхаў. У пастаноўцы была задзейнічана і Алеся Музычэнка, якая дапамагала гледачам зразумець, што адбываецца на сцэне, вобразна кажучы, уводзіла ў тэму.

І вось зноў зварот да класікі, на гэты раз – да апавядання Канстанціна Паўстоўскага “Карчма на Брагінцы”, якое пераносіць нас у XIX стагоддзе, у маёнтак Іёлча. Спектакль, на маю думку, неабходна паглядзець усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю і творчасцю вялікага рускага пісьменніка. Тым больш што нашы землякі-артысты рыхтуюцца да сустрэчы з гледачамі даўно і грунтоўна, на рэпетыцыі са сталіцы некалькі разоў прыязджала Таццяна Алегаўна. У пастаноўцы заняты кіраўнік аматарскага тэатра Уладзіслаў Дзёкін, а таксама Рыгор Шчучэнка, Вадзім Міронаў, Алеся Музычэнка, Іна Бандолік, Ірына Яшчанка, Мікалай Кірыльчук. Расказ пра мінулыя падзеі на Брагіншчыне будзе суправа-джацца музыкай. Уладзіслаў Мікалаевіч усіх сакрэтаў раскрываць не стаў, сказаў, што астатняе ўбачым у дзень прэм’еры.

Ідэя аб стварэнні тэатра, які дзейнічае пры сямейным клубе “Натхненне”, належыць прадстаўнікам ГА “Беларускі зялёны крыж”. Яны праявілі вялікую зацікаўленасць, неабыякавасць да традыцый і культуры нашага самабытнага краю, дапамагаюць іх адраджаць.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий