Амаль 60 працэнтаў сем’яў у Беларусі змогуць скарыстацца механізмам жыллёва-будаўнічых зберажэнняў

Грамадства

Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль у час круглага стала ў прэс-цэнтры БелТА.

000022_

«Што датычыцца сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў, то яна разглядаецца ўжо шмат гадоў на дзяржаўным узроўні. Калі выдзяляліся значныя аб’ёмы сродкаў на падтрымку грамадзян у будаўніцтве жылля, гэта пытанне адышло на другі план. Цяпер мы вярнуліся да гэтага механізма, якім, зыходзячы з узроўню даходаў, можа скарыстацца амаль 60 працэнтаў дамашніх гаспадарак рэспублікі. У гэтай сістэме таксама ёсць элементы дзяржаўнай падтрымкі», — адзначыў Аляксандр Горваль.

Праект указа аб жыллёва-будаўнічых зберажэннях знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе. Дакумент прадугледжвае дыферэнцыяцыю па тэрмінах накаплення. Так, сем’і з больш высокім даходам змогуць назбіраць сродкі на паляпшэнне жыллёвых умоў за больш кароткі перыяд. Як паведамлялася, новая схема прадугледжвае перыяд ад трох да сямі гадоў, за час якога неабходна назбіраць не менш як 30 працэнтаў ад кошту будучага жылля. На астатнія 70 працэнтаў кошту прадастаўляецца крэдыт на перыяд ад 15 да 20 гадоў. Стаўка па крэдыце будзе на 1-2 працэнтныя пункты ніжэйшай за рыначную. Сёння па самых даступных крэдытах на нерухомую маёмасць, што прадастаўляюцца на агульных падставах, стаўка складае 13,5 працэнта.

«Іпатэчнае крэдытаванне і будаўнічыя зберажэнні — перспектыўныя механізмы, якія без масавага прыцягнення бюджэтных сродкаў дазволілі б грамадзянам палепшыць жыллёвыя ўмовы. Калі гаварыць аб першым механізме, то канцэптуальныя палажэнні вызначаны законам аб іпатэцы. Разам з тым не вырашаны прынцыповыя пытанні, якія датычацца магчымасці спагнання прадмета іпатэкі банкам у выпадку неплацяжоў. Акрамя таго, трэба, каб іпатэчнае крэдытаванне было цікава ў частцы больш нізкай працэнтнай стаўкі. Як правіла, у сусветнай практыцы іпатэчны крэдыт таннейшы, чым камерцыйны», — сказаў Аляксандр Горваль.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *