Для супрацоўніц аддзела дыягностыкі зялёнае жніво пачалося з праверкі гатоўнасці траншэй

Грамадства Сельское хозяйство

Перад закладкай сенажу іх неабходна было ачысціць ад бруду і рэшткаў мінулагодніх кармоў, абкасіць, бетонныя пліты апрацаваць пяціпрацэнтным растворам хлорнай вапны. Калі пераканаліся, што гэта было зроблена, больш увагі сталі ўдзяляць тэхналагічнаму працэсу.

Яўгенія Кананок
Яўгенія Кананок

Падкошаная трава падвяльваецца, а пры закладцы ў ёмістасць дбайна ўтрамбоўваецца. Гэтае правіла зааветспецыялісты гаспадарак ведаюць. А калі забылі ці не захоўваюць, урач-таксіколаг, выпускніца акадэміі Віцебскай ветэрынарнай медыцыны Яўгенія Кананок (дарэчы, наша зямлячка, родам з Камарына) і лабарант-таксіколаг Алена Пашкевіч ім нагадваюць. Яны выязджаюць у населеныя пункты раёна рэгулярна, правяраюць вільготнасць масы, яе тэмпературу. Ад кожных 500 тон адбіраюць адну пробу, даследуюць у лабараторыі на ўтрыманне караціну, сухога рэчыва, нітратаў і нітрытаў.

Алена Пашкевіч
Алена Пашкевіч

Як расказала Алена Іванаўна, з назапашаных 17 953 тон сенажу праверана 15 460. Па такім паказчыку, як вільготнасць і карацін, увесь фураж адпавядае першаму класу. У норме таксама нітраты і нітрыты. У першыя дні зялёнага жніва парушэнні тэхналогіі нарыхтоўкі былі, таму давялося выдаваць прадпісанні. За якасцю сенажу, сена сочаць не толькі яны, але і спецыялісты Рэчыцкай інспекцыі ветэрынарнага нагляду.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Імя Жукава” ўжо запоўніла масай дзве траншэі, на чарзе – трэцяя. Тут выпрацавалася свая методыка: спачатку рыхтуюць сянаж у Бурках, потым – у Мікулічах і Конанаўшчыне.

Па адной ёмістасці кансерваванага корму назапашана ў “Брагінцы”, “Брагінскім” і “Пераможніку”, па тры – у “Камарынскім” і “Малажынскім” (у апошняй гаспадарцы работы каля трэцяй ёмістасці закончацца на днях). ААТ “Чамярыскі” заклаў дзве траншэі – у Хракавічах і Просмычах.

На кожную ёмістасць выдаецца пашпарт з адлюстраваннем лабараторных даследаванняў.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *