Сёння – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Грамадства

kolokol89

Сёлетняй вясной на тэрыторыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” асабліва жалобна гучалі званы: 75 гадоў таму, 22 сакавіка 1943-га, карнікі сцерлі з твару зямлі вёску разам з яе жыхарамі. Гэта быў апошні дзень жыцця 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, самаму малодшаму з якіх з моманту з’яўлення на свет споўнілася ўсяго сем тыдняў. Старыя і малыя, хворыя і знямоглыя, жанчыны і мужчыны, іх усіх сагналі ў хлеў. Зачынілі. А потым… Унутры стаялі лямант, крыкі, дзіцячы плач – фашысты абклалі сцены саломай, палілі бензінам і чыркнулі запалкамі. Драўляная пабудова загарэлася, не вытрымалі – паваліліся пад націскам дзясяткаў людзей дзверы. Але тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага палону, фашысты спакойна расстрэльвалі. Яны вынеслі ні ў чым не павінным жыхарам смяротны прыгавор.

Прычына, па існуючай версіі, была простая: непадалёку ад вёскі партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону і нават забілі афіцэра Вёльке, чэмпіёна берлінскай Алімпіяды 1936 года, так што вока за вока. Жудасныя, страшныя правілы вайны: адказваць павінна было мірнае насельніцтва.

Спалілі карнікі і 26 дамоў. На месцы Хатыні засталося толькі папялішча. І гэта – адзін з тысячы фактаў, што сведчаць аб гітлераўскай палітыцы генацыду на акупіраваных тэрыторыях. Хаця… Вакол хатынскай трагедыі заўсёды ішло шмат размоў, асабліва – пасля распаду Савецкага Саюза. То вёску знішчылі  паліцаі, то партызаны, то войскі НКУС – абвінавачванні сыпаліся розныя.  І самае прыкрае, сумнае, непрыемнае: усё гэта гучала як нейкае апраўданне нацызму, здзейсненаму злачынству. Таму нават у галаве не ўкладваецца, як можна  спекуліраваць на трагедыі Хатыні, горы і вечным болі беларускага народа.

Мы, вядома, з пакалення, якое не ведае, што такое ісці на смерць, хавацца ў лесе ад ворагаў, цярпець іх катаванні і здзекі, баяцца кожнага шораху, бачыць забітых дзяцей, атрымліваць пахавальныя. Але ў Беларусі цяжка знайсці сям’ю, якая б не згубіла ў тое ліхалецце кагосьці з родных. Таму ад адной думкі, як змаглі нашы папярэднікі ўсё вытрымаць, колькі абарвалася жыццяў і пралілося крыві, знішчана мар і надзей у полымі, халадзее ўнутры. І не могуць не ўзрушваць гістарычныя факты, ваенныя фільмы, дакументальная хроніка – усё, што сведчыць аб перажытым беларускім народам у Вялікай Айчыннай. Хатынь – адзін з такіх напамінаў: жахлівая, страшная рэальнасць мінулага. Вёска, якая стала сімвалам смутку і жудасным прыкладам таго, што ўяўляе сабой фашызм.

Толькі тром хатынцам было суджана выбрацца з ахопленага полымем хлява і выжыць. Віктару Жалабковічу, напрыклад, тады налічвалася толькі каля сямі. І калі чытаеш яго паказанні – цяжкія, неймаверна пякучыя – не паддаюцца разуменню жорсткасць, бязлітаснасць і варварства фанатычных вылюдкаў. Вось толькі частка з пратакола яго допыту як сведкі трагедыі:

– Знаходзячыся побач з маці каля ўваходу ў хлеў, я бачыў праз шчыліну, як карнікі пачалі падкідваць да сцен салому, а потым сталі падносіць каністры з бензінам і абліваць ім сцены, пасля чаго ўсё гэта падпалілі. Калі агонь ахапіў будынак, зваряцелыя ад страху людзі, разумеючы, што ім суджана жывымі згарэць у агні, кінуліся натоўпам да дзвярэй хлява, які быў закрыты звонку драўлянай засаўкай, і сарвалі іх. Тыя, хто выбіраўся надвор, траплялі пад кулі і падалі ў некалькіх метрах ад хлява.

Я разам з маці, знаходзячыся ў другіх радах людзей, якія выбраліся з хлява, нейкім цудам пераадолелі гэтыя некалькі метраў, што аддзялялі нас ад зваленых кулямі аднавяскоўцаў, жывымі. Накрыўшы мяне сабой, маці шапнула, каб я не рухаўся. У гэты час я адчуў, як куля апекла мне левае плячо, я паведаміў аб гэтым маці і тут жа адчуў, як яна моцна ўздрыгнула, па ўсім яе целе прайшла сутарга, і яна заціхла, не адказваючы на мае пытанні. Я зразумеў, што яна мёртвая.

Ад пажарышча ў мяне пачало тлець адзенне. Каб неяк выратавацца ад агню, я адпоўз на некалькі метраў у бок і працягваў нерухома ляжаць, пакуль не сціхла стральба і не пакінулі вёску карнікі. Калі падняўся – тое, што ўбачыў, узрушыла мой дзіцячы розум. Першае жаданне, якое ўзнікла, – гэта зазнаць тую ж долю, што і мае аднавяскоўцы, спаленыя ў агні і палеглыя ад куль карнікаў. Калі б была такая магчымасць, я, не раздумваючы, кінуўся б у агонь, у якім загінулі мой бацька, браты і сястра. Ад хлява тады засталіся толькі дагараючыя касцякі яго вуглоў. На папялішчы трыма групамі, на адлегласці некалькіх метраў адзін ад аднаго, у розных позах ляжалі абгарэлыя трупы мужчын, жанчын і дзяцей. Некаторыя з іх яшчэ падавалі прызнакі жыцця і прасілі мяне даць ім вады. Я набіраў з бліжэйшых лужын чырвоную ад крыві ваду і ў прыгаршчах падносіў ім. Нават сваім дзіцячым розумам я ўсведамляў, што гэтыя людзі асуджаны і іх чакае немінучая смерць.

…Хто і калі пахаваў трупы і астанкі жыхароў вёскі Хатынь, мне невядома, бо пасля ўсяго не мог бачыць месца знішчаных аднавяскоўцаў. Мяне прытулілі сваякі з вёскі Казінец.

У жывых пасля трагічных падзей 22 сакавіка застаўся і 12-гадовы Антон Бараноўскі, якога параніла ў нагу, і гітлераўцы прынялі яго за мёртвага, што і выратавала. Пазней ён жыў у Мінску, трагічна загінуў у 1969-м. А з дарослых выжыў толькі 56-гадовы Іосіф Камінскі. Абпалены і паранены, ён апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. І яго чакаў яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў землякоў знайшоў свайго сына, які быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Хлопчык памёр на руках у бацькі.

Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага, як вядома, і пакладзены ў аснову скульптуры мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – “Няскораны чалавек”. Ён жыў пасля вайны ў вёсцы Козыры Лагойскага раёна Мінскай вобласці і да апошніх сваіх дзён прыходзіў у Хатынь. Памёр у 1973-м. Але яго праклён фашызму, любому злу на Зямлі – вечны. Як і звон смутку, болі сэрцаў, чалавечай памяці.

Страшны лёс разам з Хатынню раздзялілі больш за дзевяць тысяч сёл і вёсак Беларусі, 186 з якіх так і не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі. Таму мемарыяльны комплекс увасобіў у сабе вогненную трагедыю нашага народа. Тут моўчкі схілялі галовы прадстаўнікі самых розных дзяржаў: прэзідэнты і сяляне, вучоныя і святары, ваенныя і школьнікі, дыпламаты і дэпутаты… Людзі міру. А юбілейная дата, магчыма, прымусіла кагосьці, дапамагла знайсці ў сабе сілы зноў узяць у рукі дакументальную хроніку Алеся Адамовіча “Я з вогненнай вёскі” ці прыльнуць да экранаў, каб па-новаму ўспрыняць кінастужку Элема Клімава “Ідзі і глядзі”. Гэта – не творчая выдумка, гэта – жудасныя карціны, праўда Вялікай Айчыннай вайны. І каб  глыбей спазнаць яе, зразумець тыя пакуты, што выпалі на долю беларускага народа, варта перагарнуць старонкі трагічнага мінулага і сваёй малой радзімы.

Як сведчыць кніга “Памяць”, на тэрыторыі Брагіншчыны і Камарыншчыны нямецка-фашысцкія захопнікі поўнасцю або часткова знішчылі ў 1941–1943 гадах сорак шэсць населеных пунктаў. У іх ліку – Бярозкі, Жылічы, Новая Іёлча, Кірава, Крыўча, Лубенікі, Малажын, Рудня Жураўлёва, Чамярысы, Галкі…  Дзве вёскі: Байдакі, што ўваходзіла ў склад Мікуліцкага сельсавета, і Кулаковік – Савіцкага, пасля вайны так і не аднавіліся. У першай фашысты спалілі 31 двор, у другой – 23 і загубілі 11 жыхароў.

Расстрэлы, спаленні людзей, закопванне жывымі, забойствы дзяцей… Усё гэта было, у тым ліку і ў нашым раёне. Часта акупанты зрывалі злосць за смелыя дзеянні абаронцаў менавіта на мірных жыхарах. Тэрыторыі, што прылягалі да партызанскіх дыслакацый, яны ператваралі ў зоны выпаленай зямлі. Праводзячы аблавы, блакады месцаў базіравання партызан, асабліва вясной, летам і восенню 1943-га, гітлераўцы знішчалі цэлыя вёскі разам з іх жыхарамі. Толькі за некалькі майскіх дзён таго года, па існуючых звестках, адзін атрад эсэсаўцаў на чале з катам Шыманам спаліў у Баршчоўскім і Радзінскім сельсаветах (тады ўваходілі ў склад Камарынскага раёна), а таксама ў суседнім Хойніцкім раёне некалькі вёсак. Было знішчана 399 жыхароў населеных пунктаў Баршчоўка, Лясок, Масаны, Радзін, Уласы і інш.

Няма апраўдання жорсткаму тэрору, тым зверствам, што адчула на сабе мірнае насельніцтва. Няма апраўдання злачынствам супраць чалавецтва.

З успамінаў А.М. Старахатаха, былога жыхара в. Вельямоў (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС):

– …Бяжым з Апанасам і бачым, што з парога нашай хаты махае рукой мая маці і гукае:

– Апанас! Хадзі сюды, не бяжы ў свой двор!

Маці расказала, што ў нашу адсутнасць немцы выгналі вяскоўцаў з хат і паставілі каля Калузькавых бярозаў, пад прыцэлам кулямётаў. Стаялі так, пакуль не зявіўся нейкі нямецкі чын і не пачаў штосьці чытаць з паперкі. Перакладчык загадаў усім ісці на свае селішчы. А немцы і паліцэйскія пайшлі па вуліцы, робячы меткі крыжыкамі на некаторых варотах. Потым з тых двароў забралі ўсіх жыхароў і сагналі ў двор Грыцка. Апанас выскачыў з нашага двара і забег у сваю хату. Дарэчы, ён тады ацалеў.

Немцы пасадзілі вяскоўцаў з Грыцковага двара ў крыты грузавік і некуды павезлі. Мы думалі, што ў Піркі.

Запаліўшы хаты з крыжыкамі на варотах, фашысты і паліцаі селі ў машыны і паехалі з вёскі. А мы пачалі тушыць агонь, не дапускаючы яго да сваіх хат. Пасля таго мы, хлапчукі, пачалі аглядаць пажарышчы. На месцы хлява ў двары Волкава Паўла Раманавіча ўбачылі чорную кучу, якая густа дымілася. Наблізіўшыся да згарэўшага хлява, мы ўбачылі, што з тае кучы тырчаць чалавечыя ногі. Людзі ўсё зразумелі: у кучы – спаленыя вяскоўцы. Загаласілі жанчыны. Толькі па кавалках адзення і гузіках вяскоўцы пазнавалі родных і блізкіх. Ды па маленькіх дзецях, якія не абгарэлі, затуленыя мацярынскімі целамі.

Мужчыны зрабілі вялікую скрыню, у якой усіх загінуўшых і пахавалі. Пазней запрасілі папа, паставілі пры дарозе на ўскраіне вёскі крыж. Каля яго разаслалі палатно і справілі памінкі…

Напрыканцы 60-х гадоў каля месца пахавання спаленых вельямоўцаў быў узведзены цагляны абеліск з металічнай плітой, на якой пералічаны прозвішчы ахвяраў фашысцкага тэрору.

З успамінаў М.Ц. Назаравай, жыхаркі в. Вярховая Слабада (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС):

– Жорстка расправіліся з маімі аднавяскоўцамі фашысты ў красавіку 1942 года. Жыхароў зганялі ў хаты і спальвалі жывымі. Калі прыйшла наша чарга, маці крыкнула: Уцякайма, дзеці. Усіх не забюць! Мы кінуліся ў прыдарожныя кусты. Ззаду загрымелі стрэлы, але, на шчасце, кулі нікога з нас не закранулі. Мы схаваліся і перасядзелі да ночы ў нейкай яміне. Адтуль бачылі, як гарэла вёска, чулі страшныя крыкі жанчын і дзяцей. Потым усё сціхла. Ад нашай вёскі засталіся адны чорныя галавешкі.

Ці варта пасля ўсяго прыведзенага і ўзгаданага гаварыць, чым была тая вайна для нашых папярэднікаў і што яна азначала для той вялікай краіны, у якой мы нарадзіліся і калісьці жылі, чым адгукаецца ў сэрцах сучаснікаў?.. Званы Хатыні гучаць набатам, наказваюць нам: “Людзі, помніце!”, яны – як перасцярога ад паўтарэння страшнай трагедыі. І з кожным новым ударам глыбей разумееш пакуты, з якімі давялося сутыкнуцца нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай. Праўда вайны – вечная. Таму спынімся на хвіліну, успомнім, памаўчым… Гэта патрэбна ўсім, хто жыве пад мірным небам Беларусі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *