Зямля бацькоў: з нетраў народнай памяці

Год малой родины

Halki125

Населеныя пункты, вуліцы і плошчы, рэкі і азёры, паркі і скверы – усе яны, як і людзі, маюць імёны. І наўрад ці якое з іх узнікла выпадкова. Гэта па сутнасці люстэрка гісторыі і культуры нашага народа, яго побыту і звычаяў, светапогляду і менталітэту. Згадзіцеся: чалавек не дасць назву, якая ў чымсьці не адпавядала б, а тым больш пярэчыла ісціне. Таму кожнае трапнае слова паведамляе нам пра мінулыя падзеі і здарэнні, дапамагае ўявіць, чым жылі і займаліся нашы продкі, ці падкрэслівае пэўныя прыродныя, тэрытарыяльныя асаблівасці. Існуе нават спецыяльная навука – тапаніміка, якая даследуе паходжанне, гістарычныя змены і функцыянаванне геаграфічных назваў. Ды ці часта мы, мясцовыя жыхары, задумваемся аб іх сэнсе і значэнні? Ці разумеем мову сваёй зямлі? Давайце разам пацікавімся і паразважаем – добрую нагоду дае Год малой радзімы.

Вёска, дзе я нарадзілася, раскінулася непадалёку ад Дняпра, які нясе свае воды ў Чорнае мора, і толькі лічаныя кіламетры аддзяляюць яе ад дзяржаўнай граніцы з Украінай. А вось адкуль пайшла яе назва – Галкі, дакладна вызначыць так і не змагла. Нават калі дапусціць здагадку, што раней гэты маляўнічы куточак аблюбавалі аднайменныя птушкі роду крумкачовых, то ў артыкуле заслужанага дзеяча культуры БССР Юрыя Залатарэнкі “Тапаніміка родных мясцін”, змешчаным у адным з нумароў раёнкі за 1997 год, знаходжу іншае: “…многія населеныя пункты Брагіншчыны вельмі старажытныя. За сваю шматвяковую гісторыю іх назвы ў радзе выпадкаў страцілі сваё першапачатковае значэнне або зусім змяніліся. Характэрная ў гэтых адносінах гісторыя назвы в. Галкі. Ёсць вельмі цікавы гістарычны дакумент, які ставіць пад сумненне цяперашнюю версію назвы гэтага населенага пункта. Гэта “Абмежаваўчы акт Брагінскага графства”, складзены 7 сака-віка 1512 года. Ён уяўляе сабой запіс у актавую кнігу Мазырскага гарадскога суда ад 2 жніўня 1776 года.

Пачатак і канец дакумента напі-саны польскім скарапісам. Сам дакумент 1512 года складзены на тадышняй беларускай мове. Аднак паколькі ён быў унесены ў кнігі ў 1776 годзе (калі Беларусь ужо ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай), то пісар запісаў беларускі тэкст лацінскім шрыфтам. У ім утрымліваецца падрабязнае апісанне межаў тадышняй Брагінскай воласці з указаннем урочышчаў і населеных пунктаў, праз якія гэтыя межы праходзілі. Дзяк Кніцічаў, зрабіўшы апісанне па загаду караля Сігізмунда, паўднёвую граніцу вядзе ад Кажушкоў і Дронкі да вусця Брагінкі і затым – па Дняпры.

Або гэта слова «галкі» ў родным склоне тадышнім беларускім вымаўленні, якога прытрымліваўся і аўтар пісання, або нешта зусім іншае, якое потым трансфармавалася ў «Галкі», можна пакуль што меркаваць. Знамянальна другое – гэта невялікая брагінская вёсачка ўжо існуе пятае стагоддзе”.

Затое можна з дакладнасцю патлумачыць сэнсавыя значэнні многіх мясцовых назваў, якія не знойдзеш ні на адной геаграфічнай карце, – захаваліся толькі ў памяці людзей. І чаму б сапраўды не адчуць сябе хоць у нейкай ступені краязнаўцам?

Пачну якраз з таго, што амаль усе дамы тут размясціліся па адной крывалінейнай вуліцы, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Тафцізана Міндзігулава, пахаванага ў Галках у брацкай магіле воінаў, што загінулі восенню 1943 года пры вызваленні гэтых мясцін. Але нават такая простая планіроўка населенага пункта не перашкодзіла жыхарам раздзяліць яго на чатыры часткі, кожная з якіх атрымала сваю назву.

Хутчэй за ўсё, для больш хуткай арыентацыі на мясцовасці. Так што ў Галках ёсць Сяло – цэнтральная частка, адкуль населены пункт браў пачатак. А да яго з цягам часу, калі пачалі будаваць адна за другой хаты, “прыляпіліся” Ліпкі. Замосце размясцілася за мастом, якога не стала ўжо пасля пракла-дзенай асфальтаванай дарогі. А Хутар нібы адасобіўся, крыху аддаліўся ад іншых частак вёскі.

Старэйшыя жыхары гавораць, што некалі паміж Галкамі і Савічамі знаходзілася яшчэ адна вёсачка – Усохі (цяпер гэта проста мясціна з аднайменнай назвай), дзе налічвалася некалькі хат, а насельніцтва складалі людзі “прышлыя”. І назва, магчыма, звязана з сухім участкам, якому, у адрозненне ад Галак, ніколі не пагражала паводка, – можна было без перашкод займацца земляробствам.

Сказанае, дарэчы, пацвярджае і гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць”: Усохі – хутар, што ўваходзіў у склад Асарэвіцкага сельсавета. Перад Вялікай Айчыннай вайной тут было 10 двароў і пражывала 43 чалавекі. У жніўні 1943-га населены пункт спалілі нямецка-фашысцкія карнікі, і пасля вайны яго так і не аднавілі.

А да ўсяго варта дадаць, што менавіта на гэтай тэрыторыі, згодна з гістарычнымі звесткамі, здзейсніў свой подзвіг ураджэнец Башкірыі, імя якога і носіць вуліца ў Галках. 29 верасня 1943 года, у час баёў за Усохі, падраздзяленні 62-га гвардзейскага кавалерыйскага палка апынуліся пад варожым агнём, і тады камандзір разліку Тафцізан Міндзігулаў добраахвотна ўзяўся ліквідаваць агнявыя кропкі праціўніка. Аўтаматнай чаргой і гранатамі ён асабіста знішчыў варожы мінамётны разлік, а таксама падарваў нямецкі танк. Але пры выкананні задання загінуў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года гвардыі сяржанту Тафцізану Міндзігулаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем медаля “Залатая Зорка” і ордэна Леніна.

Шмат чаго цікавага, звязанага з жыццём і дзейнасцю мясцовых жыхароў, іх светапоглядам і супрацьстаяннем неспрыяльным прыродным з’явам, могуць паведаміць і іншыя тапонімы. Паблізу с Усохамі, напрыклад, знаходзіцца ўчастак лесу, у якім вельмі шмат арэшніку і ліставых дрэў. Таму, каб прабрацца праз густыя зараслі, іх даводзілася прарэджваць, высякаць. Адсюль і назва – Поруб. А дарога ад Усохаў захавала за сабой статус Панскай. Відаць, таму што даволі прасторная і добра ўтаптаная – па такой ездзіць толькі панам.

Як і ў многіх іншых вёсках, у Галках і вакол гэтага населенага пункта ёсць месцы, прыкмечаныя нашымі продкамі па іх памеры (Вялікае Поле, Вялікі Луг, Доўгі Лог), перавазе тых ці іншых раслін (Крушынава), частым гасцяванні нейкіх звяроў ці птушак (Воранава), прыналежнасці ў былыя часы вяльможным асобам (Княжына, Міхайлава).

Брод на Вялікім Лузе носіць назву Пярэгарадкі: раней яго перагароджвалі для лоўлі рыбы. А каля Вялікага Поля знаходзіцца ўрочышча Свіння. Кажуць, што раней тут былі балоты, якія прыносілі насельніцтву шмат непрыемнасцей. Сена, напрыклад, выносілі ўручную, бо коні грузлі ў багне. А каб даставіць копы дадому, даводзілася чакаць маразоў. Так што мясціна сапраўды дастаўляла вяскоўцам шмат клопатаў і праблем, ці, як гавораць, падкладвала свінню.

Адзін з найбольш жывапісных і блізкіх да вёскі берагавых прастораў мясцовыя жыхары назвалі Рубеж. І гэта не дзіўна: па другі бок Дняпра ўжо знаходзіцца Украіна. Так што даная тэрыторыя з’яўляецца па сутнасці рубяжом Беларусі, за якім – іншая рэспубліка.

Паміж Галкамі і суседняй вёскай Асарэвічы размясціўся ўчастак лесу, названы некалі Цыганскім Рогам. Раней гэта было пустыннае месца, дзе даволі часта спыняліся і разбівалі свае шатры цыгане. А ёсць яшчэ і Цітаў Рог. Гавораць, што вельмі даўно там жыў стары селянін Ціт, які раскарчаваў сабе ўчастак для пасеваў.

Луг па-за вясковымі агародамі невыпадкова атрымаў назву Лабок: у час разліву Дняпра ён здаваўся такім гладкім, як лоб чалавека, – не віднелася і бугарка. А адна з мясцін, запоўненая вадой, на ўскраіне Галак не высыхала нават у засушлівае надвор’е. Летам сюды наведва-ліся качкі, давалі нырца свойскія гусі, а зімой гойсалі па лёдзе дзеці. Вадзіліся і ўюны, якіх тут лавілі нейкім асаблівым спосабам, раскалоўшы лёд. Ад гэтага, магчыма, і назва – Калнова.

Час ідзе, і адны мясцовыя назвы ўпарта трымаюцца за жыццё, а другія змяняюцца пад уплывам абставін. Але і тыя, і іншыя захоўваюць у сабе адбітак імклівай рэчаіснасці. І калі, як з магнітнай ленты, сатруцца з памяці – згубім цэлы пласт свайго мінулага, які не дапамогуць аднавіць ні археалагічныя раскопкі, ні архіўныя тайнікі.

Магчыма, і вам, паважаныя чытачы, ёсць што паведаміць пра паходжанне назваў добра знаёмых, дарагіх сэрцу куточкаў – запрашаем падзяліцца гэтым на старонках газеты. Каб адкрыць іх таямніцы, пачуць і захаваць аповед роднай зямлі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *