Рапс у ААТ «Брагінаграсэрвіс» пастаўляюць многія гаспадаркі вобласці

Грамадства

Вытворчыя памяшканні

У адзін з лістападаўскіх дзён 2010 года брагінчане ўбачылі вынікі рэалізацыі праекта “Стварэнне цэха па перапрацоўцы насення рапсу на базе ААТ “Брагінаграсэрвіс”. У работу запусцілі нямецкае абсталяванне, якое спецыялісты з Германіі манціравалі сумесна з мясцовымі ўмельцамі. Адначасова вучылі іх, тлумачылі, як эксплуатаваць складаныя механізмы, давалі парады. Насенне рапсу з дапамогай спецыяльнага прыёмніка трапляла ў млын, дзе ачышчалася, прасейвалася, а потым ішло ў бункер, адтуль падавалася ў агрэгат, які размяркоўваў яго. На выхадзе атрымліваўся алей і грануляваны жмых. Дапрацоўвалі алей у цаху, дзе ён фільтраваўся, ачышчаўся і выліваўся ў бочку. Харчовы гэта ці тэхнічны, высвятлялася пасля праведзенага аналізу. У першыя гады атрымлівалі алей, прычым самы каштоўны, для харчовай прамысловасці. Шэсць аператараў працавалі ў тры змены.

Raps-005

Мікалай ШУБЯНОК
Мікалай ШУБЯНОК
Уладзімір ПАЎЛЕНКА
Уладзімір ПАЎЛЕНКА

Не было аналагаў у рэспубліцы ўстаноўленаму ў лабараторыі абсталяванню для даследавання сыравіны па розных паказчыках. Каб вызначыць вільготнасць рапсу, сортнасць, утрыманне тлушчу, спатрэбілася ўсяго 40 секунд. А ў хуткім часе з’явілася сушылка ЗСК-40 з ёмістасцямі для дапрацоўкі і захоўвання зерня. За першае паўгоддзе 2011-га было рэалізавана 379 тон рапсавага алею, рэнтабельнасць складала 20%, а прыбытак – 1,171 млн рублёў (у цэнах да дэнамінацыі). Жмыха атрымалі 813 тон. Планавалася лінія для рафініравання і расфасоўкі, але ўсё засталося толькі добрай задумай. Звязана гэта было і з эканамічным крызісам, і з рэзкім ростам курсу долара.

За час існавання цэха з-за адсутнасці сыравіны даводзілася і прастойваць, але ж тэхналогія не змянілася. Сёлета ў раёне ўраджай насення алейнай культуры сабралі ўдвая большы, чым летась. Ёсць што паставіць на перапрацоўку партнёрам, таму мы зноў завіталі сюды, каб пераканацца, што абсталяванне працуе, у людзей ёсць занятак і заробкі. Як расказаў начальнік цэха Мікалай Шубянок, першыя тоны рапсу прынялі 28 чэрвеня. Уборка пачалася раней звычайнага, хаця потым камбайны дзён тры былі на прыколе. Ішлі дажджы. Вільготнасць насення была высокая, таму адпраўлялі яго на сушыльны комплекс, цераз які прайшло больш за тысячу тон насення.

У лабараторыі
У лабараторыі
Ідзе ачыстка рапсу
Ідзе ачыстка рапсу

За змену перапрацоўваюць 10-11 тон. У час ачысткі ад смецця адыходы складаюць два працэнты. Нямецкія агрэгаты працуюць у кругласутачным рэжыме. Як і людзі. Праўда, прасоўшчыкаў-адціскальшчыкаў засталося чатыры: Уладзімір Паўленка, Аляксандр Вініцкі, Дзмітрый Раманчук і Аляксандр Калівошка. Днём, калі адразу некалькі машын прывозяць сыравіну, на змену заступаюць удваіх, у начны час можна ўправіцца аднаму, паколькі механізмы працуюць у аўтаматычным рэжыме.

У мінулым годзе ў “Брагінаграсэрвіс” паступаў рапс з усёй вобласці, як, да слова, і сёлета. Цесныя кантакты наладжаны з сельгаспрадпрыемствам “Зара” Мазырскага раёна, які назапашвае тут для ўласных мэт 1200-1300 тон насення. Алею харчовага ўжо не атрымліваюць, а тэхнічны ідзе на камбінаты хлебапрадуктаў у Рэчыцу і Калінкавічы, дзе яго выкарыстоўваюць пры вырабе камбікорму для птушак.

У працэсе дзейнасці тэхналогію ўдасканальвалі, у прыват-насці, падабралі аптымальны для нашых умоў варыянт рашот. Мікалай Пятровіч па спецыяльнасці аграном, як лепш арганізаваць ачыстку насення, ведае, таму з першых дзён удзяліў гэтаму ўвагу. А вось шнэк вінтавы (каштуе тысячу еўра), як і фільтравальную сетку, даводзіцца заказваць цераз сталічную фірму ў Германіі. Такіх рабочых момантаў хапае.
ААТ “Брагінаграсэрвіс” дапамагае гаспадаркам, у якіх няма сушыльных комплексаў, рыхтаваць насенны матэрыял зерневых. У першую чаргу – “Брагінцы” і “Пераможніку”. Пасля таго, як машынна-трактарны парк прадпрыемства папоўніўся пяццю энерганасычанымі трактарамі, аб’ём паслуг аграрыям павялічыўся. Ад душы хочацца пажадаць калектыву плёну ў працы, запатрабаванасці і аптымізму, эканамічнай стабільнасці.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *