Марыя Ясінская: камсамольская маладосць была шчаслівай

ВЛКСМ - 100 лет! Год малой родины Комсомолу Беларуси - 100 лет! Нашы праекты: імёны малой радзімы

YA_002

Нягледзячы на цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, сваю маладосць Марыя Мацвееўна Ясінская лічыць шчаслівай. З 1957 года працавала ў бібліятэцы ў вёсцы Залессе, з якой звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Знаходзілася яна на тэрыторыі саўгаса “Пасудава” ў маляўнічым месцы, у двух кіламетрах ад станцыі з аднайменнай назвай, дзе спыняліся цягнікі “Масква – Хмяльніцкі” і “Масква – Жытомір”. Моладзі ў саўгасе працавала шмат, і ёй, актыўнай, адукаванай дзяўчыне даручылі ўзначаліць камсамольскую арганізацыю.

У 1959-м сакратар пярвічкі Марыя Ясінская ўдзельнічала ў рабоце XXI з’езда Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі ад Камарынскага раёна. На форуме прысутнічала больш чым 618 тысяч дэлегатаў. Уражанні засталіся незабыўныя, асабліва ад культурнай праграмы.

Дзяўчыне пашчасціла сустрэцца з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі рэспублікі, пачуць іх цікавыя расказы пра сябе, творчую дзейнасць. Газету “Гомельская праўда” са сваім здымкам захоўвала з тае пары як самую дарагую рэліквію. На жаль, пасля аварыі на ЧАЭС, калі сям’я выязджала ў чысты раён, яна згубілася.

Была ў біяграфіі Марыі Мацвееўны яшчэ адна значная падзея: паездка ў 1978 годзе ў Маскву ў складзе дэлегацыі з пяці чалавек на ВДНГ. Пабываць у Крамлі, у Палацы з’ездаў, на стадыёне “Дынама”, дзе выступала Ала Пугачова, наведаць іншыя славутасці сталіцы і ўбачыць на ўласныя вочы шапку Манамаха – аб гэтым і не марыла.

Крыху бянтэжыла, што апрануты былі з культработнікам Людай Міроненкай вельмі сціпла, але ж прыроджанае пачуццё гумару і чалавечай годнасці выручалі ў розных сітуацыях. Партрэт лепшага бібліятэкара Марыі Ясінскай быў змешчаны на раённую Дошку Гонару.

Наколькі насычанае і яркае было жыццё ў Залессі, можна меркаваць па тым, што ў саўгаснай бібліятэцы налічвалася больш за 700 чытачоў. Хор з 70 чалавек быў вядомы за межамі раёна. З канцэртнымі нумарамі самадзейныя артысты ездзілі па ўсёй вобласці, дзе іх сустракалі гарачымі апладысментамі. Саўгас “Пасудава” быў на Камарыншчыне адзін, астатнія – калгасы. Будавалася тут не толькі ўласнае жыллё, але і дзяржаўнае. 70 кватэр узвялі для рабочых гаспадаркі, іншыя аб’екты сацыяльнага і культурнага прызначэння.

YA_001

Yasinskaya_002

Для вясковай моладзі стаў цесным немалы па плошчы клуб. Ужо былі завезены цэгла, блокі для новага, і тут выбух на ЧАЭС… І зноў выпрабаванні, трывогу і непакой давялося перажыць Марыі Мацвееўне, калі адсялялі жыхароў Залесся…

Нарадзілася яна ў 1937 годзе. Як і ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі, чыё дзяцінства супала з гадамі ваеннага ліхалецця, пазнала і голад, і холад, цудам засталася ў жывых. І сёння да драбніц памятае, як хаваліся ад немцаў у лесе людзі, шукаючы паратунку ад ворага, як гарэла суседняя вёска. У час аблавы дзяўчынку параніла ў нагу, а потым яна захварэла на запаленне лёгкіх, доўгі час не магла хадзіць. Калі б не мясцовая знахарка і адвары з траў невядома, што з ёй было б. Бацька дамоў не вярнуўся, загінуў у канцлагеры. Пасля вызвалення Камарыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярнуліся з маці ў вёску.

Дарэчы, раней яна насіла імя вядомага палітычнага савецкага дзеяча Молатава. Калі ў 1964-м вырашалі, чым яго замяніць, Марыя прапанавала: “Знаходзіцца за лесам, няхай будзе Залессем”. Так дзякуючы маёй гераіне ў гэтага населенага пункта з’явілася прыгожая і мілагучная назва.

У 1959-м, згодна з дадзенымі перапісу, тут пражывала 970 чалавек. Бібліятэкар была паважаным чалавекам, выбіралася дэпутатам мясцовага Савета, таму была ў курсе ўсіх спраў. Неабыякавасць і прынцыповасць праяўляла, калі неабходна было забяспечыць дрывамі пенсіянераў. Ад свайго не адступалася.

Са сваім суджаным пазнаёмілася ў Гродне, дзе вучылася. Гелярый Іванавіч нарадзіўся ў Польшчы, адсюль такое непрывычнае для нашых мясцін імя. У 1965-м на свет з’явіўся сын Юра, які стаў для маці апорай і падтрымкай.

Yasinskaya_001

Зараз Марыя Мацвееўна пражывае ў Брагіне ў вялікім доме адна. Мужа не стала ў 2008-м, калі яму споўніўся 71 год. Усе гаспадарчыя клопаты – на руках Юрыя Геляравіча і яго жонкі. Праўда, і матуля не цураецца работы, хаця кожны крок даецца ёй з цяжкасцю. У гародчыку растуць любімыя кветкі, якія пасадзіла вясной.

Паважаная Марыя Мацвееўна! Доўгага Вам веку. Няхай сэрца саграваюць не толькі ўспаміны аб шчаслівай мала-досці, але і радасці новага дня. Галоўная з іх – сын і яго сям’я.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *