Падрыхтаваць дзяцей да школы многім сем’ям дапамаглі ўдзельнікі акцыі “Збяром партфель першакласніку”

Грамадства

Звычайна ў апошнія дні жніўня перад бацькамі паўстае пытанне, якое датычыць своечасовай падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года. Адзенне, абутак, ранец, пісьмовыя прыналежнасці… Набыць патрэбна ўсё. А калі дзіця ў сям’і не адно? Як і ў мінулыя гады, сёлета на дапамогу многім сем’ям прыйшлі ўдзельнікі дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку”, арганізатарам якой з’яўляецца аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Ад прадстаўнікоў прафсаюза дзяржорганаў юнаму жыхару Дубліна Мікалаю Кацубу рукзак з наборам пісьмовых прыналежнасцяў уручыў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук. Ён павіншаваў хлопчыка з пачаткам важнага этапу ў яго жыцці, пажадаў добрай вучобы, цікавых і радасных школьных гадоў.

Падарунак – для Мікалая Кацубы.
Падарунак – для Мікалая Кацубы.

У гэтай вёсцы пражывае яшчэ адзін першакласнік, якому пашчасціла атрымаць ранец у рамках дабрачыннай акцыі. На мінулым тыдні з прыемнай місіяй да Аляксандра Піляка завіталі намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жанна Чубса і псіхолаг установы Уладзіслаў Дзёкін. Яны ўпэўнены, што такі падарунак прастымулюе першакласніка з задавальненнем наведваць школу і вучыцца на “выдатна”.

Аляксандр Піляк паабяцаў вучыцца на "выдатна".
Аляксандр Піляк паабяцаў вучыцца на «выдатна».

Ніколі не застаецца ў баку ад добрых спраў і раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”. Па словах яе старшыні Сяргея Пархамца, сёлета да новага навучальнага года аб’яднанне перадало хлопчыкам і дзяўчынкам з дзіцячага дома сямейнага тыпу г.п. Брагіна пісьмовыя прыналежнасці на суму 70 рублёў.

Напярэдадні Дня ведаў гасцей з падарункамі сустракалі і выхаванцы Асарэвіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку. Старшыня Гомельскай абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” Юрый Куніцкі прывёз дзецям канцылярскія тавары і сродкі гігіены ад нямецкай арганізацыі “Разам у будучыню” (г. Пірна, Германія).

У гасцях у выхаванцаў прытулку.
У гасцях у выхаванцаў прытулку.

Па словах дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярыны Скараход, падчас акцыі “Збяром партфель першакласніку” рукзакі з наборам пісьмовых прыналежнасцяў ужо атрымалі каля 40 дзяцей. Многім падарункі будуць уручаны ў першыя дні верасня. Усяго ў дабрачынным мерапрыемстве прымаюць удзел 45 арганізацый.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *