Тэмп росту падрадных работ Брагінскага ўчастка ПМК-101 за першае паўгоддзе склаў 155% да ўзроўню мінулага года

Праздники и будни

0007

У маладога прараба Сяргея Кучыка ў гэтыя жнівеньскія дні шмат клопатаў. Разам з падначаленымі ён заняты на будаўніцтве малочна-таварнага комплексу для ААТ “Брагінка” на 600 галоў дойнага статка з даільнай залай. З мэтай падтрымкі рэальнага сектара эканомікі і стварэння новых рабочых месцаў такіх аб’ектаў у нашым раёне з’явіцца два: у “Брагінцы” і “Камарынскім”.

У ПМК-91, якая была на той момант самастойнай арганізацыяй, Сяргей Іванавіч прыйшоў у 2010-м. Брагінскім будаўнічым участкам УП “Калінкавіцкая ПМК №101 ААТ “Палессебуд” стала тры гады таму, хаця гэта мала што змяніла ў дзейнасці прараба. Кола абавязкаў тое ж самае, як і адказнасць за бяспеку людзей, ход і тэмпы работ, іх якасць. Ён – надзейны памочнік начальніка ўчастка Дзмітрыя Пятніцкага.

Тым, як складваецца эканамічная сітуацыя і ідуць справы сёлета, людзі задаволены. Са жніўня 2017-га па студзень бягучага года калектыў з 55 чалавек (менавіта столькі працуе на ўчастку) быў задзейнічаны на МТФ “Малейкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Пераможнік”. Дзмітрый Іванавіч прывёў цікавыя лічбы: тэмп росту падрадных работ за першае паўгоддзе склаў 155% да ўзроўню мінулага года. У грашовым вылічэнні – 1 млн 743 тысячы рублёў. Выручка ад рэалізацыі ў разліку на аднаго працаўніка павялічылася ў чатыры разы.

Для дастаўкі цэменту з Крычава па хадайніцтве Дзмітрыя Іванавіча ў Брагін перадалі дзве аўтамашыны. Тэхніка не прастойвае. На сто працэнтаў загружаны і раствора-бетонны вузел, які забяспечвае ўсе будаўнічыя арганізацыі, якіх у раёне зараз нямала. Аператарам тут працуе Генадзь Філіпенка, ад якога патрабуюцца не толькі ўменне, веды і вопыт, але і пільнасць, дакладнасць. У чэрвені на будаўнічыя пляцоўкі накіравана 1200 метраў кубічных бетонных сумесяў.

Генадзь Філіпенка
Генадзь Філіпенка
Раствора-бетонны вузел
Раствора-бетонны вузел

На поўную магутнасць эксплуатуюць зараз і пілараму. Як грыбы пасля дажджу вырастаюць у райцэнтры жылыя дамы. Матэрыялы для даху рыхтуюць брагінчане. Мы сталі сведкамі таго, як майстар Дзмітрый Лявінскі даваў указанне рабочым піларамы хутчэй падрыхтаваць і адправіць заказчыку чарговую партыю крокваў. Станочнік Сяргей Чубса – з ліку сумленных і дысцыплінаваных працаўнікоў.

Сяргей Чубса
Сяргей Чубса

Дарэчы, такіх тут нямала. Дзмітрый Іванавіч назваў прозвішчы тых, хто аддаў важнай і патрэбнай галіне больш за два дзесяцігоддзі свайго жыцця. Гэта механік-энергетык Барыс Краўчанка, вадзіцелі Сяргей Краўчанка, Мікалай Равянок, Іван Жураўскі і іншыя.

Барыс Краўчанка
Барыс Краўчанка
Сяргей Краўчанка
Сяргей Краўчанка
Іван Жураўскі і Мікалай Равянок
Іван Жураўскі і Мікалай Равянок

Начальнік участка ганарыцца, што яму ўдалося захаваць працаздольны калектыў, з якім можна вырашаць любыя задачы і спраўляцца з даведзенымі планамі. З непрытоеным сумам гаворыць, што ў Брагіне павінна быць свая арганізацыя. Марыць аб тым часе, калі ўсё вернецца “на круги своя”. Для гэтага ёсць тэхнічная база, умелыя і працавітыя людзі. А работы прадстаўнікам іх прафесіі хопіць заўжды. Узгадвае, што ў гады росквіту ПМК-91 адчувальна папаўняла раённы бюджэт.

З прафесійным святам вас, паважаныя! Будаўнічая галіна кожны год узводзіць тысячы квадратных метраў жылля, шматлікія сем’і становяцца шчаслівымі ў новых і ўтульных кватэрах. Плённай вам працы, упэўненасці ў заўтрашнім дні, невычэрпнай энергіі. Моцнага здароўя, дабрабыту, міру і згоды вам і вашым сем’ям. Няхай збываюцца ўсе мары.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий