Год малой радзімы: зямлі бацькоўскай прыцягненне

Год малой родины Популярное

priroda

На жаль, так сталася, што многім хатам Беларусі, якія нашы дзяды і бацькі будавалі, мы здраджвалі затым на працягу дзесяцігоддзяў. Уцякалі ў гарады, будавалі там хаты, аднак і тут не ўсе прыжываліся…

Мой народ заўважыў: “Усе мы родам з хат”. Які глыбокі сэнс закадзіраваны ў гэтым простым, на першы погляд, выразе. Мая бабуля Таццяна яшчэ ў маленстве згадала мне шматлікія мудрыя народныя выказванні пра хату: свая хатка як родная матка; няма лепшай хаткі, як у роднай маткі; якая Агатка, такая ў яе і хатка;
не да каляды, калі поўна хата бяды; лепш у сваёй хатцы, як у чужым палацы… Нездарма хату параўноўваюць з маці, бо маці клапоціцца, забяспечвае ўтульнасць, абараняе, зберагае.

Маеш хату – значыць, ты гаспадар. І добра, калі гаспадар і гаспадыня жывуць у хаце ў згодзе і каханні. Добра, калі хату вядуць сапраўдныя гаспадары! Несумненна, асоба значна лепш раскрываецца менавіта ў сваёй гаспадарцы. Тут усё вядома, усе дзеянні выпрацаваны і ўпэўненны. Тут усё сваё, родненькае, палітае потам продкаў. Таму мы лёгка даведваемся пра гаспадароў, убачыўшы іх хату. Яе ўнутраны і знешні выгляд – другі твар гаспадара. Мужчынская рука – гэта стрыжань хаты, яе знешні выгляд. Але ўнутраны камфорт, аўру цеплыні, спакою і гармоніі стварае жанчына. Яна надае хаце жыццё, як жыццё дзіцяці. Казалі: гумно плача без гаспадара, а хата без гаспадыні.

У Год малой радзімы вельмі захацелася паразважаць пра тыя аб’екты матэрыяльна-духоўнай пробы, з якіх па сутнасці традыцыйна і складалася наша нацыянальная рэчаіснасць. Нашы продкі будаванне для сябе жытла, размяшчэнне на пэўнай тэрыторыі прыпадабнялі стварэнню цэлага свету-космасу. Беларусы спрадвек любілі ставіць хаты на берагах рэк, азёр. А сцены, дах, вокны і былі тымі першымі межамі паміж асвоеным і неасвоеным, паміж “сваім” і “чужым”. Лічылі, што тая сцяна, на якой рабіліся вокны, павінна была глядзець на ўсход ці на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. Праз вокны ўнутраная прастора хаты лучылася з сонцам, кірункамі свету. Так, у адной з валачобных песень знаходзім слоўцы:

Пан хазяін адчыні аконца
На ўсход сонца.
Калі ў дзверы праходзілі людзі, то ў вокны – духі. Праз акно кантактавалі з душамі памерлых продкаў, што сыходзілі з неба. Таму на Дзяды лыжку кожнай абрадавай стравы клалі ў асобную пасуду на падаконніку – для памёрлых продкаў. Калі ж у час абрадавай вячэры зазвініць шыба, значыць, душы продкаў прыйшлі і нябачна прысутнічаюць на абрадзе.
Увесь інтэр’ер хаты і адлюстроўваў па-свойму ўнікальную будову сусвету. Жылая прастора – зямны свет, гарышча – нябёсы. Ролю самой зямлі-глебы выконвала падлога. Таму так распаўсюджана ў беларусаў абрадавае пасыпанне падлогі зернем. Напрыклад, на вяселлі пасыпалі зернем падлогу, каб у хаце не зводзіўся дабрабыт.

Мая бабуля Таня любіла загадваць мне загадкі: яна галодная – хата халодная, яна пад’ела – у хаце пацяплела. Гэта, канешне ж, пра печ – галоўную, амаль жывую істоту хаты, бо ў ёй пяклі хлеб, штодзённа гатавалі ежу, на ёй спалі, сушылі вопратку, абутак. Мне таксама пашчасціла яшчэ паспаць на бабулінай печцы. І сон пра такі цёплы сон сніцца мне праз усё жыццё. Ля печы, канешне ж, жыў пячны рыштунак: качарга, чанняла, вілкі. Супраць печы размяшчаўся знакаміты бабін кут, дзе стаялі вёдры, кадушкі. Любілі казаць “танчыць ад печы” – рабіць нешта спачатку, звярнуцца да першакрыніцы. Нашы продкі шанавалі культ печы, лічылі, што яна дае жыццё ўсёй хаце. Печ у хаце – другая маці.

У кожнай хаце, дзе былі маленькія дзеці, вісела падвязаная да бэлькі люлька (калыска). Над ёй маці заўсёды спявала свайму дзіцяці калыханкі. Уздоўж сцен у хаце стаялі лавы: дубовыя, добра ўмацаваныя, шырокія. Уздоўж сцяны, ад вугла да дзвярэй, размяшчалася паліца, на якую ставілі гарлачыкі, слоікі, каўшы, клалі лыжкі. Сваё месца займала і маслабойка, у ёй білі масла.

І вось ужо ўзгадваецца чарговая загадачка з далёкага маленства з вуснаў любай бабы Тані: пад адной страхой чатыры браты стаяць. Гэта, канешне ж, пра стол, за якім збіралася ўся сям’я. Над сталом вісеў саламяны павук – своеасаблівае нябеснае свяціла. Лічылі, што такі павук прыносіць шчасце.
Было ў хаце і святое месца, якое нашы продкі называлі покуць, або чырвоны кут. На покуці ў хаце заўсёды віселі абразы, убраныя вышытымі ручнікамі. Своеасаблівай духоўнай воссю тут выступае дыяганаль “кут-печ”, якая адным канцом (чырвоны кут) паказвае на святло, усход, божы бок, а другім канцом (печ) – на захад, цемру.
А якая ж хата без казачна-дзівоснага куфра? Там у гаспадыні былі і ручнікі, і кашулі, і абрусы. Рэчы на прыданае дачцэ і ў апошні шлях.

На гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў. І калі знахарка лячыла каго-небудзь у хаце, яна пачынала стукаць венікам столь – клікаць на дапамогу хвораму духа-заступніка сям’і.

Хата – гэта ўнікальны сімвал роднасці, на падставе якога не маглі не нараджацца шматлікія творы многіх мастакоў, пісьменнікаў, філосафаў, псіхолагаў, культуролагаў. Хата – надзейны падмурак існавання, жыцця наогул. І таму вышэйшы ідэал для творцы – не толькі выйсці з самой гушчы народа, з Хаты, але і застацца ў народзе, стаць народным.
Хаты – адметны, прыгожы твар нашай сінявокай Беларусі. Гэта любоў селяніна, хлебароба, які глыбока прывязаны да свайго кута. Гэта як сэрца для яго, гэта тое, што што яднае з навакольным асяроддзем. Хата – гэта доўгі і пачэсны сцэнарый жыцця беларуса. Такі шчыры, сумленны і пачэсны сцэнарый.

У беларускім фальклоры пастаянна сцвярджаецца, што трэба мець свой родны кут, сваю хату, бо гэта найвялікшае шчасце. Зусім невыпадкова хату параўноўваюць з маці: свая хатка як родная матка. Дарэчы, цікава, што акцэнт зроблены менавіта на слове “сваё”: “свая хатка”, “свой кут”, “свой вугал”, “сваё гняздо”, “свая лава”, “свая салома” і нават “свой сметнік”: на сваём сметніку і певень гаспадар.

Кожная беларуская сям’я на працягу многіх дзесяцігоддзяў імкнулася мець сваю незалежную гаспадарку: кожны пан у сваёй хаце. А само пытанне свабоды, волі заўжды было, бадай, самым актуальным пытаннем у гістарычным развіцці нашай нацыі.

І наадварот, чужая хата гаршэй ката. Лічылася горам, няшчасцем не мець сваёй прытуліны: бяда не мець свайго кутка. І сваю любоў да роднай хаты мы мацней за ўсё адчуваем на чужыне.

Хата – гэта збудаванне, дзе павінна жыць сям’я. Добра і ўвішна. Нельга не ўспомніць патрыятычнае, па-народнаму простае і мудрае слова Францішка Скарыны пра “вялікую ласку” – любоў чалавека да Бацькаўшчыны ў прадмове да кнігі “Юдзіф”. Успомнім, што сям’я дзеда Янкі Купалы была сагнана з роднага гнязда ў Пясках. І Ануфрый Дамінікавіч на працягу пятнаццаці гадоў пісаў прашэнні, каб адстаяць сваё права на роднае гняздо. І Янка Купала напісаў драму “Раскіданае гняздо”. На жаль, гнёзды многіх беларусаў таксама сталі раскіданымі, а на вокнах з’явіліся драўляныя крыжы, ля хат – бур’ян і чартапалох.

Літаральна ва ўсіх відах беларускага фальклору паэтызуецца гаспадар, які з’яўляецца культурным героем айчыннай традыцыйнай культуры і перш за ўсё земляробчага цыкла. Менавіта вобраз дома асацыіруецца з Радзімай, з нечым родным, кроўным, сваім. Матэрыяльныя патрэбы прымушаюць нас мець свой кут. І гэты “кут” паступова, але моцна, трывала прывязвае да сябе найперш таму, што ён “свой”, што ён раўнасільны любові, гармоніі і дабрыні.

Хата твайго роду заўсёды будзе з намі, будзе грэць наша сэрца. Пра яе мы ўсё жыццё бачым сны. Нават прарочыя. Лёс нярэдка заносіць нас далёка ад родных мясцін, але тое, што мы спасціглі ў маленстве, застаецца ў нашых сэрцах назаўсёды.

А радкі песняра Якуба Коласа ўжо даўно сталі духоўным гімнам беларусаў:

Мой родны кут,
Як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы…
Ёсць у хаце і парог. Менавіта з яго, з прыступкаў малой радзімы, мы сыходзілі ў свет вялікі – такі неабсяжны і загадкавы, як загадачкі маёй бабулечкі Таццяны. Само пераступанне цераз парог як мяжу паміж прасторай хаты і навакольным светам у народным побыце заўсёды суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі: калі варочаліся з царквы пасля хрышчэння, бацька клаў немаўлятка на некалькі хвілін на парозе, што значыла “асвятліць дзіця цераз парог”. Так новы член сям’і ўваходзіў у хату. Падчас сватання сват, пераступіўшы парог, нізка кланяўся і велічаў парог “залатым”. Чаму мы забылі ўсё гэта? Чаму мы, беларусы, працягваем здраджваць хатам свайго роду?

А мне ў вандроўках часта ўзгадваецца песня ў выкананні Анатоля Ярмоленкі і “Сяброў”:

Недзе там за лясамі
Белай птушкай вандруе
І спявае дзяцінства.
Усе мы родам з дзяцінства,
Усе мы родам з дзяцінства,
Дзе мама маладая,
Дзе ля вакна рабіну
Вясёлы вецер калыхае…

Канстанцін Карнялюк



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *