Па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі 20 кастрычніка ў Беларусі пройдзе акцыя “Чысты лес”

Год малой родины Популярное

000022

Асноўная мэта добраахвотнай акцыі – прыцягненне ўвагі да неабходнасці беражлівага стаўлення да галоўнага прыроднага рэсурсу краіны – лесу.

“Арганізацыі сістэмы Мінлясгаса штогод накіроўваюць значныя сілы і сродкі на навядзенне парадку ў лясным фондзе. Разам з тым праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адходаў, іншых пабочных прадметаў у лясах, прылеглых да аўтамабільных дарог і чыгунак, вакол населеных пунктаў, садоўніцкіх таварыстваў і дачных кааператываў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках па-ранейшаму застаецца актуальнай. У сувязі з гэтым міністэрства заклікае ўсіх неабыякавых жыхароў нашай краіны аб’яднаць намаганні і ўнесці лепту ў навядзенне парадку – добраўпарадкаваць прылеглую да сваіх населеных пунктаў тэрыторыю ляснога фонду”, – адзначылі ў прэс-службе Мінлясгаса

Стаць удзельнікам акцыі зможа любы жадаючы. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні дапамагчы ў навядзенні парадку ў лесе. Арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі забяспечаць усіх удзельнікаў мерапрыемства неабходным інвентаром.

Акцыя “Чысты лес” у Беларусі стала ўжо традыцыйнай. Упершыню яна была праведзена ў 2010 годзе, і з таго часу яе ўдзельнікамі сталі дзясяткі тысяч дабравольцаў. Мерапрыемства актыўна падтрымліваюць мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, дзяржаўныя, грамадскія і камерцыйныя арганізацыі, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы і іншыя ўстановы краіны.

У мінулым годзе акцыю “Чысты лес” падтрымалі больш як 35 тыс. удзельнікаў. Найбольш актыўна да мерапрыемства падключыліся жыхары Магілёўскай вобласці: свой уклад у захаванне зялёнага багацця Беларусі ў гэтым рэгіёне ўнеслі звыш 7,2 тыс. чалавек. На працягу дня добраахвотнікі па ўсёй краіне не толькі прыбіралі лес ад смецця і захламленасці, але і добраўпарадкоўвалі месцы адпачынку, рыхтавалі дэндрапаркі да зімоўкі, займаліся пасадкай лясных культур. За суткі ў лясах Беларусі было прыбрана амаль 2 тыс. куб.м смецця, ліквідаваны сотні звалак.

БелТА



Пакінуць адказ