Радыяцыйны фон у Брагіне ў норме. Падстаў для хвалявання няма

Грамадства Популярное

Radiaciya_1

Размовы пра тое, што з пачаткам маштабных работ па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, вуліц, паркаў у Брагіне значана павысіўся радыяцыйны фон, можна пачуць часта. “Знеслі асфальт, якім прыкрывалі забруджаную пасля аварыі зямлю, павялічылася радыяцыя, таму ў мяне ўвесь час баліць і кружыцца галава”, – скардзілася знаёмая. Другая таксама звязала з гэтымі падзеямі дрэннае самаадчуванне, незразумелае пачуццё трывогі. Нават узнікла думка выязджаць адсюль.

Усхваляваныя жыхары тэлефануць у рэдакцыю, дзяржаўную ўстанову “Брагінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, цэнтральную раённую бальніцу. Ці ёсць падстава для такой актыўнасці, спрабуем высветліць разам з кампетэнтнымі ў гэтых пытаннях людзьмі. Па нашай просьбе ўрач-лабарант ЦГЭ Святлана Шкурко згадзілася ўзяць прыбор і ў чарговы раз праехаць па Брагіне, каб зрабіць неабходныя вымярэнні і паказаць, што прычын для панікі няма. “Трэцяга верасня мы з памочнікам урача-гігіеніста Веранікай Халіманчык пабывалі ў розных кутках гарпасёлка, правяралі радыяцыйны фон, – расказала Святлана Іванаўна. – Пры норме 0,60 мікразіверт у гадзіну ён складаў ад 0,15 да 0,36 мкзВ/гадз.”

Едзем з ёю ў самае забруджанае, па словах брагінчан, месца – на стадыён. Тут, маўляў, радыяцыя “зашкавальвае”, а побач жа школа, дзеці. Цярпліва чакаем, калі на дазіметры з’явяцца доўгачаканыя лічбы. Святлана Іванаўна адказвае на ўсе пытанні прахожых, тлумачыць, што згодна з методыкай вымярэння радыёметр неабходна трымаць да таго часу, пакуль не будзе зафіксаваны дапушчальны ўзровень хібнасці. Як высветлілася, радыяцыйны фон – усяго 0,10 мкзВ/гадз.

Невысокі ён быў і каля кар’ера (тут будзе сажалка), дзе працавала тэхніка і куды мы накіраваліся па просьбе маладой маці, каб развеяць усе яе сумненні.

Пакуль ішлі, Святлана Шкурко ўзгадала, як стадыён будаваўся, як здымалі верхні слой глебы і завозілі сюды зямлю з чыстых участкаў. Клопат пра здароўе людзей і іх бяспеку праяўляўся і тады, і зараз гэтаму пытанню ўдзяляецца шмат увагі. Радыя-цыйны фон правяраюць кож-ны дзень некалькі арганізацый раёна, дзе ёсць лабараторыі. Ва ўсіх на ўзбраенні – абсталяванне ўнітарнага прадпрыемства “Атамтэх”. Дарэчы, японцы, якія прыязджалі да нас, таксама карысталіся такімі ж прыборамі, хаця прывозілі свае. Ва ўжытку вырабы “Атамтэха” і ў Нарвегіі, дзе Святлана Іванаўна пабывала ў складзе дэлегацыі падчас рэалізацыі праектаў праграмы CORE (супрацоўніцтва для рэабілітацыі). Так што давяраць айчыннай тэхніцы можна.

Урач-лабарант паведаміла, што беспадстаўныя чуткі ўзні-калі гады два таму, калі гарэў лес у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку на тэрыторыі Хойніцкага раёна. Пасля зва-ротаў грамадзян узровень заб-руджанасці дазіметрамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (яны пра-ходзяць паверку кожны год) кантраляваў сам пракурор раёна. І тады ўсё было ў парадку, і зараз падстаў для хвалявання няма.

Для большай перакананасці паказанні радыёметра ў час работы Святланы Іванаўны зафіксавала рэдакцыйная фотакамера. Іх праўдзівасць можа пацвердзіць і жыхарка райцэнтра Наталля Фурс, якая зацікавілася нашымі вымярэннямі і папрасіла даследваць асобныя ўчасткі.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *