1 кастрычніка – Дзень пажылых людзей

Праздники и будни

photo_40924

Вядомы нямецкі паэт, пісьменнік і навуковец Іаган Гётэ мудра прыкмеціў, што прыгожыя маладыя людзі – усяго толькі капрыз прыроды, затое кожны пажылы чалавек ёсць твор мастака. І гэта сапраўды так. Сустрэць глыбокую старасць, не перастаючы быць карысным, захоўваючы інтарэс да жыцця, – вялікая заслуга. Толькі з вышыні сваіх гадоў, згадзіцеся, можна і падзяліцца вопытам, і даць слушную параду, і перасцерагчы іншых ад памылак. Для нас старэйшае пакаленне – крыніца духоўнасці, жыццёвай мудрасці і разважлівасці, прыклад працалюбства, мужнасці і патрыятызму. Таму будзем больш шчодрымі для яго на ўвагу, цёплыя словы і маральную падтрымку. Сёння наш абавязак – праявіць клопат і дапамагчы.

Так ужо атрымалася, што менавіта восенню, калі прырода расквечваецца самымі багатымі фарбамі, людзі паважанага ўзросту трапляюць у зону павышанай увагі. Першага кастрычніка мы адзначаем свята ў гонар пакалення, за плячыма якога шмат вялікіх спраў: перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, самаадданая праца на карысць роднай зямлі, дзеля шчаслівай будучыні дзяцей і ўнукаў. Таму ў чарадзе паўсядзённых турбот патрэбна знайсці час, каб адрасаваць такім жыхарам словы асаблівай удзячнасці, падарыць ім цеплыню сваіх сэрцаў, засцерагчы ад адзіноты. І не толькі ў гэты дзень.

Сёння, па даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, у нашым раёне пражывае 3509 пенсіянераў. Ёсць сярод іх адзінокія (186), удзельнікі Вялікай Айчыннай (6), узнагароджаныя ордэнамі і медалямі за працу і воінскую службу ў тыле ў гады вайны (6), вязні фашысцкіх канцлагераў (22). Сярэдні памер пенсій па раёне ў бягучым месяцы склаў каля 411 рублёў, ён вырас са студзеня ў сярэднім на 14 працэнтаў. Чытыром нашым землякам, дарэчы, устаноўлена пенсія за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь.

У Брагінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання з пачатку года звярнулася па самых розных пытаннях больш за 550 састарэлых грамадзян і інвалідаў. Паслугі на даму зараз атрымліваюць 343 чалавекі. Яшчэ 34 пражываюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Сёння дзяржава імкнецца ўсебакова падтрымаць людзей старэйшага пакалення, стварыць умовы для іх дастойнага жыцця. Так, з фонду сацыяльнай абароны сёлета аказана матэрыяльная дапамога 176 пенсіянерам і інвалідам на агульную суму 6252 рублі, а адрасную атрымалі 65 чалавек (на 15 813,74 рубля), 15 забяспечаны сродкамі рэабілітацыі. У 180 дамах адзінокіх грамадзян і інвалідаў з’явіліся аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, на што было выдаткавана 1310 рублёў.

Зрэшты, побач з намі ёсць яшчэ нямала землякоў, якія атрымалі права на заслужаны адпачынак, але застаюцца прыкладам дзіўнай працаздольнасці і адказнасці, не губляюць цікавасці да творчасці, прымаюць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. І гэтым даказваюць: узрост для добрых памкненняў, любімых захапленняў, карыснага правядзення вольнага часу – не перашкода. Час пакідае сляды на тварах, а не ў душы, таму не будзем лічыць гады. Лепш выкажам прадстаўнікам старэйшага пакалення шчырае прызнанне. І за сілу духа, і за набытую мудрасць, і за жаданне ўдзельнічаць у сацыяльнай дзейнасці і стваральных працэсах.

Няхай у вашым жыцці, паважаныя, будзе як мага больш ясных, сагрэтых любоўю родных і блізкіх, напоўненых увагай і падтрымкай тых, хто акружае, дзён. Дабрабыту вам, душэўнага спакою і аптымізму. Жывіце доўга! Радуйцесь поспехам сваіх дзяцей і ўнукаў, будзьце бадзёрымі, здаровымі і шчаслівымі!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *