Галоўнае для пажылых людзей — гэта адчуваць, што яны не лішнія ў грамадстве, што не забытыя

Грамадства

098766655

Напярэдадні Дня пажылых людзей хочацца падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы, сваімі ўражаннямі ад артыкула Валянціны Шчарбаевай “Уважение к возрасту”, змешчанага ў адным з восеньскіх нумароў “СБ. Беларусь сегодня”. Поўнасцю згодзен і падтрымліваю аўтара. Сваім доўгім лёсам пажылыя людзі выхоўваюць у нас любоў да жыцця, у якім было ўсё: ваеннае ліхалецце, няпростыя пасляваенныя гады, вялікія новабудоўлі і цяжкая ручная праца ў сельскай гаспадарцы, былі і радасныя дні. Нам трэба павучыцца мужнасці ў гэтых паважаных людзей, браць з іх прыклад.Яны заслугоўваюць павагі і розных прывілей ад грамадства.

Прачытанае прымусіла паразважаць над тым, ці правільна мы разумеем лозунг “Маладым усюды ў нас дарога, старым усюды ў нас гонар”, ці дастаткова ўвагі ўдзяляем старэйшаму пакаленню, праяўляем клопат пра яго. Які прыклад у гэтым паказваем сваім дзецям і ўнукам? Часам, згадзіцеся, увесь клопат зводзіцца да таго, каб забраць бацькоўскую пенсію. А як ставяцца да сваіх былых работнікаў кіраўнікі? Узгадваю: колькі радасці было ў адной маёй знаёмай, 80-гадовай жанчыны, калі да яе падышоў дырэктар гаспадаркі, дзе яна некалі працавала даяркай, і спытаў, як здароўе, у чым мае патрэбу. Паверце, што зараз для такіх людзей галоўнае, каб яны адчулі, што не лішнія ў грамадстве, што не забытыя.

Вялікая роля ў фарміраванні адносін да пажылых людзей належыць сям’і, школе, сродкам масавай інфармацыі, грамадскім арганізацыям. Давайце памятаць, што побач з намі яшчэ жывуць ветэраны Вялікай Айчыннай, дзеці вайны, і ў юбілейны год вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да іх павінна быць асаблівая ўвага. Давайце любіць сваіх бацькоў, не саромецца іх прафесій, яны ж далі нам жыццё. Напрыклад, мае, маці – цялятніца, а бацька – пастух, шчаслівыя ў сваіх дзецях, унуках і праўнуках. Віншую іх, а таксама пажылых жыхароў Рудні Жураўлёвай, Каманова, Лубенікоў, Майска і ўсёй Брагіншчыны са святам. Моцнага вам здароўя, шчасця, увагі і клопату ад тых, хто акружае!

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *