Першага кастрычніка вучні Малажынскай школы павіншавалі пажылых людзей са святам

Важное

Штогод першага кастрычніка вучні Малажынскай школы ідуць з букетамі і паштоўкамі да пажылых людзей, каб павіншаваць іх са святам.

Раней дзеці адчувалі сябе няёмка, не ведалі, як зайсці, што сказаць. Таму на дапамогу ім прыходзілі настаўнікі. А сёлета адбылося нешта незвычайнае: вучні вырашылі абысціся без нас.

Узяўшы ўсё неабходнае, вясёлы гурт рушыў па вёсцы. Прахожыя сустракалі іх са здзіўленнем і ўсмешкамі, пыталіся:

“Куды гэта вы накіроўваецеся?”А, атрымаўшы адказ, дзякавалі, што не забываюць старэйшых. У гэты дзень вёска нібы памаладзела. Мы з лёгкім хваляваннем чакалі сваіх вучняў. Вярнуўшыся, дзеці з натхненнем расказвалі аб тым, як іх сустракалі.

Ваня адзначыў, што, нягледзячы на сталы ўзрост, амаль усіх гаспадароў засталі за справай. Такой энергічнасці, працавітасці і малады пазайздросціць. Таццяна расказала, што многія іх ужо чакалі, частавалі цукеркамі і дзякавалі за пажаданні. А Валерыя запытала: “А чаму з іх вачэй, калі мы дарылі паштоўкі, букеты, жадалі здароўя і добрага настрою, каціліся слязінкі?”

Я, уздыхнуўшы, ціха прамовіла : “Таму што мітуслівыя працоўныя дні ўжо мінулі. Дзеці павырасталі, раз’ехаліся. Занятыя працай, уласнымі клопатамі, яны рэдка наведваюцца да сваіх бацькоў, якія з хваляваннем чакаюць іх, штодзень прыслухоўваюцца, ці не скрыпнулі дзверы, ці не зайдзе ў хату любімы сынок або дачушка. Сталым людзям не хапае ўвагі, а яна так патрэбна…”

Ніна КОРАНЬ,
настаўніца гісторыі ДУА “Малажынская сярэдняя школа”



Добавить комментарий