Выхавальніца Таццяна Бальшакова: няма большага задавальнення, чым займацца справай, якая па душы

Праздники и будни

N_001

У душы кожнага маленькага чалавека ёсць іскрынка таленту, і менавіта выхавальніку патрэбна зрабіць так, каб яна не згасла, а ператварылася ў яркі агеньчык, які б зіхацеў полымем дабрыні, творчасці, прыгажосці і радасці. Таму да сваёй працы Таццяна Бальшакова ставіцца з вялікай адказнасцю. І лічыць: дзеці давяраюць, раскрываюцца, калі да іх ідзеш з адкрытым сэрцам, праяўляеш любоў, увагу і клопат.

Але так атрымалася: спачатку справа, якую выбрала жанчына, зусім не была звязана з педагагічнай дзейнасцю. На работу ў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Брагіна прыйшла ў якасці… повара. Ды ў хуткім часе зразумела: патрэбна нешта перайначваць – вабіла прафесія, якая б дазваляла аддаваць сваю любоў, душэўную цеплыню самым маленькім. Таму і вырашыла: чаму б не паспрабаваць?

Вышэйшую адукацыю Таццяна Валер’еўна атрымала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце: выбрала геолага-геаграфічны факультэт. А перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” прайшла ў Мазыры. І адразу ж, як толькі прыняла ў свае клапатлівыя рукі ад бацькоў іх маленькіх сынуляў і дачушак, паклала ў аснову выхаваўчай дзейнасці шчырасць і чалавечнасць. Яна ўпэўнена павяла дзяцей па дарозе пазнання, адкрываючы перад імі шматгранны свет з яго супярэчнасцямі і складанасцямі, паняццямі дабра і зла.

Ужо на працягу дзевяці гадоў Таццяна Валер’еўна дапамагае маленькім брагінчанам знайсці адказы на шматлікія “чаму?”, напаўняе іх жыццё цікавымі падзеямі, гульнямі, творчымі справамі, закладвае парасткі будучых характараў. І не выбірае для дасягнення пастаўленых мэтаў, як прыкмячаюць калегі, лёгкіх шляхоў. Таму побач з гэтай выхавальніцай дзецям ніколі не бывае сумна і аднастайна. Кожным новым мерапрыемствам, рэалізаванай ідэяй педагог, па яе меркаванні, павінен радаваць, захапляць, здзіўляць. Так, дарэчы, у Таццяны Валер’еўны і атрымліваецца. Нездарма яе выхаванцы смела праяўляюць сябе ў раённых мерапрыемствах, упэўнена трымаюцца на сцэне, з інтарэсам імкнуцца спасцігаць яшчэ нязведанае, фантазіраваць і эксперыментаваць.

Разумеючы, што вядучая роля ў развіцці юных асоб належыць сям’і, Таццяна Бальшакова першая ў раёне ўкараніла ў практыку ўстаноў дашкольнай адукацыі такую форму работы, як “Мацярынская школа”. Свой плён пачала прыносіць дзейнасць у трыядзе “выхавальнік – бацькі – дзіця”. Гэта і садзейнічае лепшай адаптацыі малых да новых умоў жыцця, і ўмацоўвае веру бацькоў у здольнасці і талент сваіх сыноў і дачок, і дапамагае разам знаходзіць выйсце з праблемных сітуацый.

Не менш цэняць у калектыве Таццяну Валер’еўну і як прафсаюзнага лідара. Заўсёды ўраўнаважаная, добразычлівая, ініцыятыўная і мэтанакіраваная, яна за любую справу бярэцца з запалам і энтузіязмам, умее захапіць сваімі ідэямі калег, натхніць іх на творчыя здзяйсненні, актыўны адпачынак.

Відаць, так сам лёс распарадзіўся, накіраваў туды, дзе здольнасці і ўменні, лепшыя чалавечыя якасці гэтай жанчыны змаглі найбольш раскрыцца. І для яе цяпер няма большага задавальнення, чым займацца справай, якая па душы.

Заслужанай узнагародай за стараннасць, руплівую працу і дасягнутыя поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення стала Ганаровая грамата ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, якую Таццяна Валер’еўна атрымала якраз напярэдадні свайго прафесійнага свята

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *