Задача моладзі – адстойваць высокія ідэалы сумленнасці і справядлівасці

Главное Грамадства

29 кастрычніка Беларусь адзначыла стогадовы юбілей УЛКСМ. На ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце “Камсамолу – 100: эстафета пакаленняў”, што прайшлі ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, пашчасціла пабываць і брагінчанам. Уражаннямі аб экскурсіі ў сталіцу з моладдзю раёна паспяшаўся падзяліцца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Даўгулявец.

Сяргей Даўгулявец (справа) падчас сустрэчы з маладымі спецыялістамі Брагінскай СШ

Прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ветэранаў камсамола і актывістаў БРСМ з усёй краіны са святам павіншавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, якая адзначыла, што ўсё, чаго дасягнула за гады незалежнасці наша рэспубліка, не было б магчыма без памяці аб мінулым, без гісторыі, якая навучыла цаніць мір і верыць у дабро.

Тэатралізаваны канцэрт быў падзелены на дзве часткі: гісторыю і сучаснасць. Завяршыўся ён песняй “Беларусь”, якая сімвалізавала адзінства пакаленняў.

Але больш знакавай падзеяй панядзелка стала сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якая прайшла ў Палацы Незалежнасці. У ліку запрошаных – першы сакратар РК ГА “БРСМ” Юлія Сапега.

Юлія Сапега

Як расказала лідар маладзёжнага руху раёна, дэлегацыя Гомельскай вобласці складалася з 35 чалавек. Гэта першыя сакратары раённых арганізацый, лепшыя студатрадаўцы і валанцёры, пераможцы рэспубліканскіх акцый і праектаў.

– Я вельмі рада, што мне пашчасціла пабываць на такім значным мерапрыемстве, – гаворыць Юлія Валер’еўна. – У зале была настолькі цёплая і добразычлівая атмасфера, што ніхто не адчуваў скаванасці і няёмкасці. Дзякуючы гэтай сустрэчы мы адкрылі для сябе Аляксандра Рыгоравіча не толькі як палітыка, але і як чулага, спагадлівага і шчырага чалавека. Было відаць, што яму цікава весці з намі дыялог. І, здаецца, мы паспелі пагаварыць аб усім: пра камсамол, сямейныя каштоўнасці, службу ў арміі, нацыянальную сімволіку, інфармацыйныя тэхналогіі, студатрадаўскі і валанцёрскі рухі. Моладзі было важна пачуць меркаванне кіраўніка дзяржавы аб той ці іншай сітуацыі, і яго адказы далі ўпэўненасць, сілы і жаданне далей працаваць на карысць роднага краю.

Стогадовы юбілей УЛКСМ Прэзідэнт Беларусі назваў знакавай падзеяй як для ветэранаў арганізацыі, так і для цяперашняй моладзі – прадаўжальнікаў лепшых традыцый камсамольскага руху. Звяртаючыся да актывістаў БРСМ, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вызначыцца з накірункамі, па якіх неабходна ўзмоцнена працаваць і паабяцаў падтрымаць усе абгрунтаваныя ініцыятывы і прапановы юнакоў і дзяўчат.

Завяршылася сустрэча наведваннем інтэрактыўнай пляцоўкі, дзе размясціліся выставы дасягненняў моладзі. А затым усе разам праспявалі вядомыя камсамольскія песні пад акампанемент малодшага сына Прэзідэнта Мікалая.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *