1 снежня — Дзень страхавых работнікаў

Праздники и будни

Ала Мельнічэнка, Таццяна Катлабай, Вікторыя Мішчанка, Аксана Саўко

Страхаваць ці не? Гэта, безумоўна, кожны вырашае сам. Ды толькі станоўчы адказ гарантуе дапамогу і апору ў непрадказальнай сітуацыі.

Спадзявацца, што бяда ніколі не пастукаецца ў дом і непрыемнасці абыдуць бокам, сама меней, неразумна. Вялікія фінансавыя страты могуць быць выкліканы пажарамі, аварыямі, прыроднымі анамаліямі, стыхійнымі бедствамі…

Таму і імкнуцца работнікі аддзела аказання страхавых паслуг па Брагінскім раёне на чале са Святланай Данюк пераканаць мясцовых жыхароў зрабіць выбар на карысць спакою.

Стараюцца запэўніць: з Белдзяржстрахам усё-такі больш надзейна. Прыкладаў, калі ён дапамагаў людзям у крытычны момант, нямала. Сёння гэтая кампанія прапаноўвае грамадзянам і арганізацыям дзясяткі відаў сваіх паслуг. Але найбольш запатрабаванымі ў раёне, як падкрэсліла Святлана Аляксандраўна, па-ранейшаму з’яўляецца фінансавая абарона хатняй маёмасці, страхаванне ад няшчасных выпадкаў і хвароб, а таксама транспартных сродкаў.

У калектыве добра разумеюць, што менавіта ўладальнікі страхавых полісаў – фундамент развіцця кампаніі. Таму тут застаюцца шчыра ўдзячнымі пастаянным кліентам за давер. У ліку такіх – не толькі фізічныя, але і юрыдычныя асобы. Як, напрыклад, арганізацыі аграпрамысловага комплексу, сельскія выканаўчыя камітэты, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, аддзел адукацыі, спорту і турызму, КЖУП “Брагінскае”, аддзел унутраных спраў, Брагінскі ўчастак ПДРЭЗ, аддзел па надзвычайных сітуацыях і інш. У дзейнасці дапамагае цеснае супрацоўніцтва з партнёрамі-пасрэднікамі: цэнтрамі банкаўскіх паслуг ААТ “ААБ Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”. Але асноўная нагрузка усё ж кладзецца на страхавых агентаў.

Сёння кожны з такіх работнікаў – і прадавец, і эканаміст, і менеджар, і асветнік, і тонкі псіхолаг. Ён павінен не толькі даходліва і граматна растлумачыць кліенту ўмовы і варыянты страхавання, але і смела ісці да людзей з прапановамі, прыцягваць іх увагу да паслуг, улічваць індывідуальныя патрэбы і запыты. Тым больш што працаваць нават у нашым невялікім раёне даводзіцца ва ўмовах канкурэнцыі. Менавіта ад кампетэнтнасці, мэтанакіраванасці агентаў, іх умення весці дыялог з насельніцтвам залежыць і паспяховае вырашэнне пастаўленых задач, і рост даверу да кампаніі.

Усімі гэтымі якасцямі валодаюць Людміла Груда, Ала Мельнічэнка і Валянціна Мялешка – ініцыятыўныя, добрасумленныя, тактоўныя, уважлівыя да кліентаў. Не менш таксама даражаць абранай справай агенты, якія працуюць у пункце пропуску “Камарын”: Таццяна Катлабай, Алена Фядосенка, Ігар Печаноўскі і Вікторыя Мішчанка.

Паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі спецыяліст першай катэгорыі Аксана Саўко.

Няхай вам усім у справе, паважаныя, спадарожнічаюць удача і жыццёвая энергія! Узаемаразумення і даверу ў адносінах з кліентамі, плённага супрацоўніцтва з дзелавымі партнёрамі. Фінансавай стабільнасці, прафесійнага росту і настойлівасці ў дасягненні мэтаў! Са святам!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *