Часам брыдка чуць

Позиция Валентины Бельченко

Па вуліцы, яшчэ нядаўна ўпрыгожанай яркімі фарбамі восені, павольна ішла насустрач мне невялікая кампанія хлапчукоў. У руках амаль кожнага – мабільнік, за плячыма – рукзакі. Па ўсім зразумела, падлеткі вярталіся дамоў са школы.

І чым менш аддзяляла нас крокаў, тым больш была чуваць іх размова. Эмацыянальная, бойкая, ажыўленая… Засмечаная непрыстойнымі словамі. А тэма гаджэтаў настолькі захапіла, што набліжэнне дарослага чалавека ніхто і не прыкмеціў (ці гэта ўвогуле не бянтэжыла). Вырашыла ўсё-такі нейкім чынам прысароміць – зрабіла заўвагу. Сціхлі. Праўда, толькі на некаторы час – пакуль я аддалялася. І зноў, з такім жа запалам, прадоўжылі сваю дыскусію, “упрыгожаную” брыдкаслоўем.

Зрэшты, у ліку выпадковых слухачоў дзіцячых размоў, дзе праскоквае нецэнзурная лексіка, думаю, хоць раз быў нехта і з вас, паважаныя чытачы. Ніякага адкрыцця тут не назіраецца. Што яны звычайна абмяркоўваюць? Найбольш папулярныя сайты, камп’ютарныя гульні, навінкі кіно і музыкі, модныя тэндэнцыі ў адзенні… У рэшце рэшт, асабістае жыццё аднагодкаў. І ўсё гэта нярэдка суправаджаецца брыдкімі, зняважлівымі выразамі.

Адна маці, міжволі пачуўшы набор такіх слоў з вуснаў свайго сына ў кампаніі  сяброў, была вельмі здзіўлена. Дома – нічога падобнага. Зразумела, што і ў школе такім моўным “нормам” не вучаць. Але здагадацца, адкуль яны запазычаны, было нескладана. Для дарослых членаў гэтай сям’і мацюк – як дзень добры. У тым ліку і ў прысутнасці хлопчыка, які яшчэ зусім нядаўна быў вучнем пачатковых класаў. Атрымліваецца: калі бацькам дазволена… А яны – аўтарытэт. Значыць, гэта крута, па-даросламу. Менавіта такім чынам можна выглядаць у вачах аднагодкаў старэйшым, больш аўтарытэтным, знаходзіцца ў цэнтры павышанай увагі.

Яшчэ большае здзіўленне і неразуменне выклікае, калі часам на вуліцы ці недзе ў краме становішся сведкай “выхаваўчага працэсу” ўласнага малога дзіцяці. Загады тыпу “супакойся”, “не патрабуй”, “не капрызнічай” будуюцца ў грубай форме, з прымяненнем тых жа моцных слоўцаў. Відаць, бацьку ці маці неналежныя паводзіны свайго сына ці дачкі настолькі раздражняюць, што іншых выразаў яны ўжо і не знаходзяць. Не саромеюцца нават тых, хто акружае. Галоўнае – эфект. Абы падзейнічала, паўплывала.

А колькі прыкладаў з жыцця, калі муж і жонка, не ўлічваючы прысутнасць дзяцей, пачынаюць высвятляць паміж сабой адносіны з дапамогай ненарматыўнай лексікі. Бывае, праўда, і не сварацца, не абражаюць адзін аднаго пры малых, проста… так размаўляюць. Па тэлефоне, пры сустрэчах са знаёмымі, у асяроддзі родных і блізкіх. А потым самі ж прыходзяць у роспач, калі раптам чуюць, як іх дзеці “арудуюць” недазваляльнымі словамі.

Абурацца? Усплёскваюць рукамі? Хіба што – ад уласнай дэманстрацыі “культурных” зносін, непавагі да сябе і тых, хто побач. Зусім юных асоб агортвае вульгарны, брудны і нізкі свет брыдкаслоўя. Дзякуючы, што самае прыкрае, нам, дарослым.

Нейкі сум выклікае: да непрыстойных выразаў у нас сталі адносіцца як да чагосьці звычайнага. Ужываюцца паўсюль – незалежна ад статуса ці адукацыі. І падставы – любыя: хоць радасныя, хоць маркотныя. Бывае, што мацюк патрэбен проста для “звязкі” ў сказе. А калі ўжо ён, самы што ні на ёсць трохпавярховы, прылюдна гучыць у чыйсьці адрас, то гэта і ўвогуле ўсіх забаўляе, суправаджаецца хваляй смеху.

Не, я зусім не агітую выходзіць на вуліцы з транпарантамі “Бой брыдкаслоўю!”, хаця і катэгарычна супраць такіх выразаў ва ўсіх сферах жыцця, – у кожнага на гэты конт свая пазіцыя, сваё меркаванне. Але ж павінен у чалавека разумнага быць хоць нейкі ўнутраны рэдактар. І не проста быць, а як мінімум уключацца, спрацоўваць у той ці іншай сітуацыі. Калі, напрыклад, непадалёку знаходзяцца дзеці ці дыялог будуецца ў акружэнні пабочных асоб.

Раззлаваліся ці стаміліся? Нечым узрушаны? Незадаволены?.. Уласныя эмоцыі часам патрэбна трымаць “у цуглях”. Ці падбіраць правільныя, не лаянкавыя і не зняважлівыя словы. Такіх – каб выказаць і радасць, і боль, і гнеў – у нашай мове хапае.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *