Цяжарнасць: радасць ці трагедыя? На далікатную тэму – адкрыта

Грамадства

Здавалася б, навіна, калі ў арганізме жанчыны зараджаецца жыццё, павінна акрыляць, дарыць пачуццё радасці і шчасця. Але гэта – у сітуацыі з цяжарнасцю, якая сапраўды жаданая. Зусім іншыя эмоцыі выклікае вестка аб чаканні дзіцяці ў тых, хто яго нараджэння не планаваў. Прыярытэты часта расстаўляюцца інакш: кар’ера, матэрыяльная нестабільнасць, страх перад цяжкасцямі, не той узрост, не зараз… І першы імпульс: “Мне гэта не патрэбна!” Душой авалодваюць разгубленасць, трывога, адчай і нават гнеў. Што рабіць? Розныя абставіны і ўласныя прынцыпы, няўпэўненасць у сабе нярэдка прыводзяць жанчыну да рашэння пазбавіцца ад “праблемы”. Ці можна ў такім выпадку змяніць ход яе думак, пераканаць у адваротным?

Па меркаванні псіхолага цэнтральнай раённай бальніцы Святланы РАДОЎСКАЙ, вялікую ролю тут іграе не толькі падтрымка родных і блізкіх, але і размова з кампетэнтным, неабыякавым спецыялістам.

Кансультацыя –абавязковая

Тэма абортаў заўсёды была спрэчнай. У розныя часы ў грамадстве гэтую медыцынскую працэдуру то забаранялі, то дазвалялі. І сёння думкі наконт яе таксама існуюць розныя. Адны лічаць, што перарыванне цяжарнасці – толькі асабістая, інтымная праблема, у якую ніхто, акрамя самой жанчыны, не павінен умешвацца. Другія не знаходзяць такому ўчынку ніякіх апраўданняў, прыраўноўваючы яго да дзетазабойства. А калі глядзець яшчэ шырэй, то праблема мае і дэмаграфічны сэнс, сацыяльнае значэнне, важны этычны аспект.

Але ж права выбару – нараджаць ці не – усё роўна застаецца за жанчынай. Праўда, аборт па жаданні пацыенткі зробяць не адразу. Даецца пэўны час, каб усё добра абдумаць і ўзважыць. Плюс абавязковае псіхалагічнае кансультаванне – яго арганізацыі прысвечана адна з паправак, унесеная ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” ў снежні 2014-га. А сама работа ў даным напрамку, у тым ліку і ў нашым раёне, распачалася з наступнага, 2015 года.

Без даўлення

У кабінеце Святланы Іванаўны шмат нагляднай рэкламы, памятак, іншых інфармацыйных матэрыялаў, якія заклікаюць выбраць паміж дзіцём і абортам першае. Але гэта яшчэ зусім не значыць, што адсюль жанчына выйдзе перакананая: буду нараджаць. Задача псіхолага, да якога яна трапляе пасля ўрача, – не аказваць на яе нейкае прамое ўздзеянне, даўленне, а падвесці да прыняцця асэнсаванага рашэння, дапамагчы разабрацца ў сітуацыі і сабе, аддзяліць рэальнасць ад выдумкі. Бо часта пацыентка аддае перавагу аборту паспешна, пад уплывам нейкіх знешніх абставін, унутраных установак, кіруючыся толькі эмоцыямі. І размова з адукаваным, неабыякавым спецыялістам можа многае прасвятліць, дапамагчы ўзважыць усе “за” і “супраць”, а самае галоўнае – убачыць іншыя бакі сітуацыі, у якую яна трапіла.

Без кансультацыі ёсць рызыка прыняць раптоўнае рашэнне і потым усё жыццё аб гэтым шкадаваць, пазбавіць сябе магчымасці быць шчаслівай, адчуць радасць мацярынства. Таму дзейнасць псіхолага на даным этапе сапраўды важная. Яна дазваляе жанчыне не толькі атрымаць усю неабходную інфармацыю аб паследках перарывання цяжарнасці, але і разгледзець уласныя рэсурсы, падысці да выбару найбольш адказна, абгрунтавана.

Жанчыны плачуць

– Пачынаць, – прызнаецца Святлана Іванаўна, – было цяжка. Нягледзячы на значны вопыт работы ў якасці псіхолага, гэта для мяне з’яўлялася нечым новым, яшчэ не апрабаваным. Таму паўсталі пытанні: як правільна пабудаваць размову з цяжарнай жанчынай, абмеркаваць з ёй тыя праблемы, што паўплывалі на жаданне зрабіць аборт, не параніць яе нейкім неасцярожным словам? Мяне асабіста цікавілі меркаванні, погляды, пазіцыя менавіта прафесіяналаў-практыкаў. І да-волі карыснымі ў гэтым плане сталі арганізаваныя для псіхолагаў і ўрачоў-гінеколагаў семінары, дзе найбольшую ўвагу прыкоўвалі выступленні спецыялістаў, якія ўжо мелі пэўныя напрацоўкі ў такім кансультаванні і змаглі многае прааналізаваць, падзяліцца ўласным вопытам.

На стартавым этапе, як дадае мая суразмоўца, складанасці ўзнікалі ў тым, што кабінет псіхолага жанчыны ўвогуле ўспрымалі як нешта дробязнае, няважнае. Зачастую кінуўшы: “Мне толькі подпіс”, пацыентка нават не разлічвала ні на якую ўвагу да сябе – толькі б усё прайшло як мага хутчэй. А тут… Запрашэнне прысесці, супакоіцца. Спецыяліст добра разумее, што ў такі момант жанчына знаходзіцца ў стрэсавым стане. Таму варта праявіць да яе максімальную тактоўнасць і падабраць такія словы, якія б настроілі на даверлівую размову. Ніякіх дакораў, асуджэнняў ці абвінавачванняў. Асабістыя погляды – толькі пры сабе. Жанчыне важна адчуць, што чалавек, які побач, разумее яе і праяўляе шчырую зацікаўленасць унік-нуць у сутнасць яе праблем, хоча дапамагчы справіцца з імі. Прычым размова будуецца з улікам канкрэтнай сітуацыі: узрост, стан здароўя, матэрыяльнае становішча, статус, дзеці, адносіны з роднымі, даўленне іншых і г. д.

Задаю пытанне:

– Што адбываецца, калі псіхалагічнае напружанне знята і чалавек гатовы ісці на кантакт?

– Амаль дзевяноста працэн-таў жанчын, якія “для сябе ўжо ўсё вырашылі”, плачуць… І ў такія моманты разумееш: на падсвядомым узроўні гэтага зусім не хочацца рабіць – вымушаюць пэўныя праблемы. Таму мая задача як спецыяліста – дапамагчы паглядзець на іх шырэй, пад іншым вуглом.Чалавек можа проста на чымсьці зацыкліцца, нешта перабольшыць, няправільна ўспрыняць, не здольны ацаніць свае ўнутраныя і знешнія рэсурсы. Адсюль і рашэнне – добра не абдуманае, імпульсіўнае, – адказвае Святлана Іванаўна.

– А якія перашкоды на шляху нараджэння дзіцяці найчасцей называюць жанчыны?

– Як правіла, гэта матэрыяльныя цяжкасці: мне (нам) не пацягнуць. Ці наяўнасць дзяцей, якія будуць нечым абдзелены: ужо ёсць, куды яшчэ адно. Хтосьці проста саромеецца ўзросту, у якім застала вестка аб цяжарнасці, калі гэта ўжо, напрыклад, за сорак. Маўляў, што людзі скажуць, дзеці ўжо дарослыя, трэба рыхтавацца няньчыць унукаў. Але ў любой з такіх ці іншых сітуацый варта зразумець адно: аборт не вырашыць існуючыя праблемы – усё гэтак жа не будзе хапаць грошай, не пацяплеюць адносіны з мужам, не факт, што ў будучым рэалізуюцца ўсе планы… Таму важна рабіць свой выбар, зняўшы эмацыянальнае напружанне, бо ў такім стане па-дзея, якая нечакана ўварвалася ў жыццё, бачыцца толькі ў змрочных фарбах. Жанчыны ідуць на перарыванне цяжарнасці, аслепленыя сваімі страхамі, загнаныя ў вугал нейкімі праблемамі, непрыемнасцямі, стэрэатыпамі. І ім неабходна дапамагчы сканцэнтравацца на пазітыўных эмоцыях, светлых пачуццях, якія прынясе падоранае жыццё.

– У чым, на Ваш погляд, заключаюцца найбольшыя цяжкасці пры кансультаванні?

– У тым, што перада мной – нематываваная асоба. Жанчына, якая ўзяла накіраванне на аборт, прыходзіць на кансультацыю не па ўласным жаданні. Яна не настроена на гутарку з псіхолагам, часам пазбягае шчырай, адкрытай размовы. Таму няпроста да кожнай падабраць ключ, немагчыма спрагназаваць вынік пасля кансультацыі.

І ўсё ж верагоднасць адмовы ад перарывання цяжарнасці ўзрастае, калі на прыём да псіхолага прыходзіць пара. А гэта, па словах Святланы Іванаўны, адбываецца вельмі рэдка. Як правіла, увесь цяжар сітуацыі ўскладваецца на жаночыя плечы, хаця адказнасць за зараджэнне новага жыцця павінны несці двое. Вялікую ролю іграе менавіта падтрымка родных і блізкіх, на дапамогу якіх можна разлічваць у выпадку з’яўлення на свет дзіцяці, уласная ўстаноўка на пазітыў.

«У мяне будзе хлопчык»

Святлана Іванаўна добра памятае адну з жанчын, якая прыйшла на перадабортную кансультацыю ў зусім маладым узросце – яшчэ не споўнілася і дваццаці. Таму давялося асаблівую ўвагу скіраваць на магчымыя паследкі: пры першай цяжарнасці яе перарыванне асабліва небяспечнае, ёсць рызыка ўвогуле застацца бяздзетнай. Што вымушае рабіць такі крок? Да яго, як высветлілася, прывяла ўласная няўпэўненасць: яшчэ не замужам, а тут – цяжарнасць. Сумненні выклікала, ці захоча яе малады чалавек уступіць у шлюб. Сэрцам, як кажуць, дзіця прыняла, а розум супраціўляўся: пакуль не патрэбна, не чакала. І ўсё ж першае (якое шчасце!) аказалася мацнейшым. Цяпер гэта поўная сям’я. А магло б скласціся зусім інакш з-за неабдуманага, памылковага рашэння.

Яшчэ адна жанчына, мнагадзетная маці, была ў роспачы. “У мяне ўжо тры дзяўчынкі. Калі б ведала, што хлопчык…” – плакала яна. Гэта была самая працяглая ў практыцы Святланы Іванаўны кансультацыя, бо пацыентка вельмі вагалася і, здавалася, сама чакала, каб яе нехта спыніў. У яе не назіралася цвёрдага намеру зрабіць аборт, хаця ўжо і ўзяла на яго накіраванне, – дома не адчула падтрымкі мужа, які таксама не хацеў чарговую дачку.

…Пройдзе некалькі месяцаў – і Святлана Іванаўна ў час выпадковай сустрэчы з гэтай пацыенткай пачуе радаснае: “У мяне будзе хлопчык”.

З васемнаццаці жанчын, якія сёлета прайшлі псіхалагічнае перадабортнае кансультаванне, прынялі рашэнне захаваць цяжарнасць толькі пяць. Гэта, безумоўна, вельмі мала, але за кожным з такіх фактаў – жыццё. “Я заўсёды шчыра радуюся, калі ўдаецца раскрыць сэрца жанчыны і яна выбірае дзіця”, – не хавае светлых пачуццяў мая суразмоўца. Зразумеўшы, што яго нараджэнне не варта ўспрымаць як трагедыю, чалавек пачынае глядзець на сітуацыю па-новаму, у будучыню – з надзеяй.

Месяц маўчання

Псіхолагі часта называюць стан жанчыны, якая вырашыла пазбавіцца ад нараджэння дзіцяці, “тунэльнай свядомасцю”: думкі аб аборце настолькі заганяюць яе ў тупік, што яна не бачыць ніякага іншага выйсця з сітуацыі. І канцэнтруецца толькі на тым, што губляе, а не набывае.

Так, права выбіраць – не за ўрачом і не за псіхолагам. Але менавіта яны павінны данесці да кожнай, хто ідзе на перарыванне цяжарнасці, усе паследкі гэтай працэдуры.

– Аборт – зусім не бескрыўдная аперацыя, а насільнае хірур-гічнае ўмяшальніцтва ў зладжаную сістэму фізіялагічных змяненняў, накіраваных на нараджэнне дзіцяці. Ён нясе за сабой шэраг негатыўных паслед-каў, якія могуць праявіцца нават праз шмат гадоў, – адзначае акушэр-гінеколаг цэнтральнай раённай бальніцы Анастасія Гуцяр. – Пасля гэтай працэдуры заўсёды застаецца рызыка ўскладненняў: запаленчыя працэсы, востры крывацёк, вопухалевыя захворванні, немагчымасць больш мець дзяцей…

А яшчэ жанчына зведвае мацнейшы псіхалагічны стрэс, які застаецца ў яе падсвядомасці на ўсё жыццё. З’яўляюцца шматлікія душэўныя расстройствы, унутранае апусташэнне, асобасныя змены. Нездарма ў медыцыне існуе тэрмін “постабортны сіндром”, і ніхто не ведае, як ён праявіцца ў канкрэтнай жанчыны.

Святлана Іванаўна часта прыводзіць сваім пацыенткам прыклад з уласнай практыкі:

– Некалі ў тэрапеўтычным аддзяленні на лячэнні знаходзі-лася бабуля, якой ужо было за восемдзесят. І ўрач палічыў неабходным накіраваць яе да мяне на кансультацыю: у пажылой жанчыны назіралася павышаная трывожнасць, плаксі-васць, бяссонніца. Таму мая задача была “зазірнуць” ёй у душу і знайсці прычыну такога стану. Як высветлілася, усё – ад аднаго памылковага кроку. Гэта здарылася яшчэ ў час вайны: муж загінуў, а яна засталася цяжарнай, чакала чарговае дзіця. І паслухалася свякроў, якая, ссылаючыся на цяжкасці, настойвала на аборце. Дзіця не нарадзілася… А маладая жанчына пасля праведзеных маніпуляцый месяц не магла размаўляць – такое ўздзеянне на яе аказала перарыванне цяжарнасці. І думка “Навошта я гэта зрабіла? Хіба б не вырасціла?..” не давала спакою ўсё жыццё. Развіўся неўроз.

Як успрыме арганізм насільнае хірургічнае ўмяшальніцтва? Ці не парушыцца пры гэтым псіхічная раўнавага жанчыны? Дакладны адказ не дасць ніхто.

Яшчэ адно жыццё

Пасля даабортнай псіхалагічнай кансультацыі ў пацыенткі ёсць два дні цішыні, за якія яна павінна ўсё добра абдумаць і прыняць канчатковае рашэнне. Права выбару, безумоўна, у яе ніхто не адбярэ. Але калі праз нейкі час пасля размовы ў графе “Вынік цяжарнасці” з’явіцца запіс “пастаноўка на ўлік”, спецыяліст адчувае шчырую радасць: яшчэ адзін чалавек з’явіцца на свет…

Пакуль ніводная жанчына, якая захавала дзіця, не сказала: “Як дрэнна, што я гэта зрабіла”.

Што, на ваш погляд,

дапамагло б не адмаўляцца

ад нараджэння дзіцяці?

Вольга Чарнянок, начальнік аддзела ЗАГС Брагінскага райвыканкама:

– На маю думку, павінна павышацца якасць жыцця. А маладой сямейнай пары, перш чым задумвацца аб дзецях, варта спачатку дасягнуць пэўнай матэрыяльнай стабільнасці, стаць, як кажуць, на ногі. Каб потым не ўзнікала праблем, як забяспечыць іх усім неабходным, сабраць у той жа садок ці школу.

Вольга Ясінская, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх:

– Вялікую ролю, лічу, іграе асабісты прыклад бацькоў. Калі дзеці выхаваны ў любові, адчуваюць у жыцці разуменне, падтрымку і клопат, то і самі яны будуць імкнуцца да стварэння паўнацэннай сям’і, радавацца яе папаўненню.

Алена Любенка, галоўная медыцынская сястра Брагінскай ЦРБ:

– Шчыра кажучы, некалі і сама не думала, што тройчы стану маці. Але ніколі не пашкадавала, што менавіта так атрымалася: у мяне – два сыны і дачка.

Я лічу, што выбар – асэнсаваны, добра абдуманы – павінна рабіць у сітуацыі з незапланаванай цяжарнасцю менавіта жанчына. Але і падтрымка мужа (партнёра) іграе немалаважную ролю, бо адказнасць ускладваецца на дваіх. Тут ужо неабходна разлічваць толькі на ўласныя сілы і магчымасці, а не на дапамогу аднекуль збоку, асабліва пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей.

Алена, студэнтка, будучая настаўніца:

– Думаю, што патрэбна з ранняга ўзросту размаўляць з дзецьмі на тэмы семейных адносін, тлумачыць ім на даступнай, зразумелай мове аб каштоўнасці чалавечага жыцця. Падлеткі павінны атрымліваць інфармацыю, адказы на далікатныя пытанні не з інтэрнэта, а з вуснаў кампетэнтных спецыялістаў. Важна больш сур’ёзна падыходзіць да планавання сям’і і дзяцей, адчуваць адказнасць за ўласныя ўчынкі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *