Дажынкі-2018: лідарам у абласным спаборніцтве стаў механізатар ААТ “Брагінаграсэрвіс” Юрый Капур

Сельское хозяйство

Лідарам у абласным спаборніцтве сярод вадзіцеляў і механізатараў абслугоўваючых арганізацый, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў, стаў прадстаўнік ААТ “Брагінаграсэрвіс” Юрый Капур. На яго рахунку – звыш тысячы тон дастаўленага з поля на зерняток збожжа.

Мабыць, у многіх спачатку выклікала здзіўленне, што ў лідары выйшаў удзельнік жніва з такім невысокім, на першы погляд, паказчыкам. Але ж калі даведаліся, што гэтыя тоны Юрый Уладзіміравіч перавёз не на аўтамашыне, а на трактары “Беларус-1221 В” з прычэпам ПСТ-9, згаджаліся, што насамрэч перамога заслужаная, а праца і мэтанакіраванасць механізатара выклікаюць павагу, заслугоўваюць падзякі і ўзнагарод. Несумненна, наш зямляк – выдатны механізатар, якіх сёння нямала ў гаспадарках і абслугоўваючых арганізацыях, але не толькі высокі прафесіяналізм вылучае яго з кагорты працалюбівых і ўмелых. У першую чаргу – настойлівасць, упэўненасць у сваіх сілах, жаданне перамагаць.

Трапіць у лік тысячнікаў у мінулым годзе Юрыю Уладзіміравічу перашкодзіла траўма нагі, хаця ў ходзе ўборачнай кампаніі ён лідзіраваў сярод тых, хто адвозіў зерне ад камбайнаў. Працаваў у ААТ “Брагінка”. У 6 гадзін дастаўляў зялёную масу на жывёлагадоўчыя фермы, а потым спяшаўся на хлебнае поле, дзе яго ўжо чакалі камбайнеры. Для сябе вырашыў: калі не атрымалася трапіць на раённыя дажынкі ў 2017-м, абавязкова буду на фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2018”. Пра тое, што яго адзначаць на абласным узроўні, не здагадваўся.

А працаваў апантана, дапамагаў убіраць зерневыя і зернебабовыя хлебаробам ААТ “Малажынскі”. У раёне ведаюць працягласць зямель сельгаспрадпрыемства (яго нездарма называюць валаўтвараючым), аддаленасць палёў ад зернятока. За дзень “Беларус” нашага героя прабягаў па 340 кіламетраў, як ён жартуе, можна за гэты час да Мінска даехаць. Выконваў ад чатырох да пяці рэйсаў. Колькасць перавезенага зерня была б яшчэ большая, калі б на два дні яго не адарвалі ад асноўнай работы і ў сувязі з вытворчай неабходнасцю не перавялі на іншы ўчастак.

У час пасяўной кампаніі Юрый Уладзіміравіч уносіў арганіку, а паколькі механізаваны атрад ААТ “Брагінаграсэрвіс” выехаў у поле раней за іншых, паспеў раскідаць больш чым 20 тысяч тон. Почырк майстра відаць.

Ад усёй душы віншуем Юрыя Капура з працоўнай перамогай і жадаем, каб у далейшым іх было шмат, каб яго прозвішча значылася ў ліку лепшых заўсёды. Няхай у жыцці ўсё складваецца найлепшым чынам, не падводзіць здароўе. Шчасця, дабрабыту, удачы Вам, паважаны, Вашым родным і блізкім!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *