Пад гнётам зайздрасці

Позиция Валентины Бельченко

Аднойчы, стоячы ў чарзе за пакупкай, міжволі пачула размову дзвюх жанчын. “Героем” абмеркавання быў нейкі грамадзянін П. (абыдземся толькі літарай, улічваючы наш нешматколькасны раён, дзе амаль кожны на відавоку). А тэма дыялогу – набытая ім у вялікім горадзе кватэра. І гэта пры тым, што паспеў прыватызаваць жылллё і на Брагіншчыне.

Нам, маўляў, так не жыць. Грошай – цэлыя карманы. А мы вось такія няшчасныя, з капейкі на капейку перакідваемся. Іншымі словамі, П. паўстаў у вачах жанчын у самым негатыўным абліччы: багаты, з нерухомасцю. Спіны не гнуў, асабліва не натруджваўся – і на табе, адразу дзве кватэры!

Не “данесена да мяне”, праўда, было, ці ёсць у П. сям’я, дзеці і чым ён увогуле займаецца. Але дарогу, якой ён ішоў да запаветных прыдбанняў, чамусьці паспрабавала сабе намаляваць.

Варыянт першы: чалавек старанна вучыўся ў школе, атрымаў вышэйшую адукацыю, пабудаваў кар’еру. І цяпер, магчыма, займае высокую пасаду і нясе вялікую адказнасць, за што і атрымлівае дастойны заробак, які дазволіў яму зрабіць пэўныя грашовыя накапленні. Як распарадзіцца імі – вырашаць не нам. Варыянт другі. Каб паклапаціцца аб будычыні сваіх нашчадкаў, сямейная пара, пакідаючы ў кішэні рублі толькі на самае неабходнае, адкрыла яшчэ ў пачатку сумеснага жыцця разліковы рахунак, які на працягу доўгіх гадоў папаўняла. Магчыма, не без падтрымкі бацькоў.

І вось яна, жаданая сума сабрана. Варыянт трэці… Зрэшты, разважаць аб крыніцах людскіх даходаў можна доўга: дадатковая работа, рэалізацыя прадукцыі з уласнай гаспадаркі, продаж нейкай тэхнікі, доміка ў вёсцы і г.д. Не думаю, што нерухомасць П. набыў нейкім супрацьзаконным спосабам. Дык чаму ж да гэтага чалавека, які не злодзей, не авантурыст і не прайдоха, а проста ўладальнік жылля, на якое змог зарабіць, такое негатыўнае стаўленне? Чаму людзей паспяховых, з большым дастаткам, дасягнуўшых пэўных вышынь, ставяць у лік вартых асуджэння? Ды і ўвогуле, калі хтосьці ў нечым пераўзыходзіць іншых і ў яго жыцці ўсё складваецца значна лепш, абавязкова шукаюцца нейкія падводныя камяні. І не важна, датычыць гэта матэрыяльных даброт ці, напрыклад, працоўных дасягненняў, адносін у сям’і… Зразумела адно: кіруе ўдзельнікамі абмеркаванняў такіх жыццёвых рэалій злы, каварны і брыдкі паразіт – зайздрасць. Жудаснае, непрыемнае пачуццё.

Памятаю, як адзін вядомы артыст эстрады падчас размовы з журналістам разважаў над пытаннем, каго можна назваць сапраўдным сябрам. Амаль кожны, згадзіцеся, скажа: таго, хто прыйдзе на дапамогу, падставіць плячо ў цяжкую хвіліну, падтрымае ў складаны момант. Але тут адказ быў зусім іншы: хто ўмее шчыра парадавацца за цябе.

І сапраўды, пашкадаваць і паспачуваюць, калі ў чалавека здараюцца нейкія непрыемнасці ці спасцігаюць няўдачы, здольны кожны. А парадавацца тваім перамогам, дасягненням, здабыткам, твайму дабрабыту і шчасцю… Так, каб ні на хвілінку не заныла недзе ўнутры, “чаму ў яго ёсць, а ў мяне няма”, – лічаныя. Вось і акружае нас гэтая пачвара – зайздрасць, якая стварае ўнутры чалавека агрэсію, накіраваную на іншага, больш паспяховага. З кватэрай, крутой машынай, сучасным мабільнікам, лепшым асабістым жыццём – ва ўсім нехта зрабіў крок наперад, уладкаваўся з вялікай перавагай плюсаў.

Што тут скажаш, заўсёды знойдзецца той, у каго больш розуму, таленту, шчасця, грошай і г. д. Куды цяжэй адносіцца да гэтага без прыкрасці і абурэння, параўнання з уласным становішчам, навучыцца не скардзіцца на жыццё, а дзякаваць за тое, што ў цябе ўжо ёсць, знаходзіць у кожным чалавеку нешта добрае – толькі так не станеш ахвярай зайздрасці, гэтага агіднага і пачварнага пачуцця.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *