Працоўныя калектывы прынялі ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні населеных пунктаў

Главное Год малой родины

У райцэнтры

Яшчэ зусім нядаўна ярка-задуменная восень змяняла колеры і паланіла, зачароўвала сваёй шыкоўнай красой. Але час, калі на тратуарах і газонах з’явіліся стракатыя дываны, а на прысядзібных участках засталіся толькі рэшткі расліннасці, у кветніках – адны сляды былой раскошы, дадаў людзям клопатаў. Галоўны ўпор на працягу кастрычніка рабіўся на падрыхтоўку нашых вуліц, паркаў, двароў і іншых тэрыторый да зімы. Завяршыўся месячнік па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі.

Працоўныя калектывы кожную суботу выходзілі на ўчасткі, дзе найбольш былі патрэбны рабочыя рукі. Ачыстка тэрыторый ад апалага лісця і смецця, абрэзка дрэў, высечка залішняй расліннасці – толькі частка спраў, да якіх далучаліся прадстаўнікі самых розных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. І найбольшы ўклад у агульную справу, як зазначыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Сяргей Прыходзька, унеслі ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, Брагінскі ўчастак Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Не заставаліся ў баку і народныя выбраннікі. У мінулую суботу, напрыклад, жыхары аграгарадка Мікулічы падтрымалі ініцыятыву старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Калясана і старшыні Буркоўскага сельсавета Аляксандра Каваленкі ўсталяваць агароджу на мясцовых могілках. За дзень мужчыны, а гэта больш за дзесяць чалавек, змянілі знешні выгляд месца, дзе пахаваны іх землякі, родныя і блізкія, на адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў. Работы, як заверылі арганізатары суботніка, працягнуцца, у тым ліку і з удзелам жанчын, за якімі – афарбоўка.

У Мікулічах

Набыць піламатэрыялы, дарэчы, дапамаглі добраахвотныя ахвяраванні вяскоўцаў: дзякуючы метаду самаабкладання сабрана 420 рублёў. А цвікамі забяспечыў дырэктар ААТ “Імя Жукава” Сяргей Міхаленка.

Любыя справы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, як падкрэсліў Аляксандр Іванавіч, трымаюцца менавіта на згуртаванасці людзей, іх гаспадарлівасці і неабыякавасці, рабоце ў камандзе ўсіх структур, якія працуюць на тэрыторыі таго ці іншага сельсавета.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *