Супрацоўнікі Брагінскага РАУС затрымалі злачынцу, які здзейсніў крадзеж двух аўтамабіляў

Территория закона

Уладзімір Шапецька і Артур Палеенка

 

Старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы Артур Палеенка і старшы інспектар па дазвольнай рабоце Уладзімір Шапецька патрулявалі дарогі Брагіншчыны і ў адным з населеных пунктаў – Шкуратах – спынілі аўтамабіль для праверкі дакументаў.

Вадзіцель транспартнага сродку прад’явіў пасведчанне, фотаздымак у якім выклікаў у супрацоўнікаў міліцыі пытанні. Для высвятлення сітуацыі было прынята рашэнне даставіць маладога чалавека ў РАУС.

Вадзіцелем аказаўся жыхар Добрушскага раёна, які прыехаў на Брагіншчыну разам са сваёй дзяўчынай да яе дзядулі. У пасведчанні ж, якое ён паказаў інспектарам, значылася імя іншага чалавека. Не ўсё чыста было і з аўтамабілем – ён знаходзіўся ў спісе скрадзеных.

Як потым высветлілася, крадзеж транспартнага сродку здзейснены ў Калінкавічах 18 кастрычніка. А да гэтага мужчына пайшоў на аналагічнае злачынства ў Навабеліцкім раёне Гомеля – аўтамабіль схаваў у лесе каля Петрыкава, а вадзіцельскае пасведчанне вырашыў выдаць за сваё.

Так пільнасць супрацоўнікаў Брагінскага РАУС дапамагла раскрыць крадзяжы двух аўтамабіляў. Злачынца ўзяты пад варту і зараз яму давядзецца адказваць не толькі за прысваенне чужой маёмасці, але і за прад’яўленне службовым асобам падложных дакументаў.

Па словах начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Валерыя Чэкана, нягледзячы на невялікі працоўны стаж, Артур Палеенка і Уладзімір Шапецька зарэкамендавалі сябе як адказныя і добрасумленныя супрацоўнікі. Кіраўнік упэўнены, што яны абавязкова дасягнуць поспехаў на ніве барацьбы са злачыннасцю, бо прыйшлі ў прафесію па закліку сэрца.

Дарэчы, сёння ў РАУС ёсць вакансіі, на якія чакаюць такіх жа мэтанакіраваных, адукаваных, маральна і фізічна моцных маладых людзей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *