З падзякай за мір і спакой

80 гадоў вызвалення Беларусі

Тых жудасных падзей, калі вакол раздаваліся стрэлы, а зямля дрыжала ад аглушальных выбухаў, мы, на шчасце, не спазналі. Дай Божа, каб і нашы дзеці, унукі, праўнукі ніколі не ведалі, што такое ісці на смерць, хавацца ў лесе ад ворагаў, цярпець іх катаванні і здзекі. Але ж справа нашага нацыянальнага гонару – не забываць, якую цану заплаціла старэйшае пакаленне за мір. Таму нават праз 75 год, што аддзяляюць нас ад даты вызвалення роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, памятаем…

Падчас мерапрыемства, якое прайшло на днях у нашай установе адукацыі, і вучні, і настаўнікі яшчэ раз перагарнулі старонкі свайго мінулага, узгадалі тых, у каго хапіла мужнасці, стойкасці і адвагі, каб супрацьстаяць ворагу ў перыяд Вялікай Айчыннай. Шлях да вызвалення Беларусі быў доўгі і неймаверна цяжкі. Ён пачаўся менавіта з нашых мясцін.

Мемарыял, што знаходзіцца ў вёсцы Галкі, устаноўлены ў гонар абаронцаў, якія загінулі восенню 1943 года пры вызваленні гэтага і суседніх населеных пунктаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За праяўленыя гераізм і мужнасць пры фарсіраванні Дняпра 2500 байцоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза – самай высокай узнагароды Радзімы. Шасці воінам, якія аддалі свае жыцці дзеля перамогі падчас выгнання ворага з нашай мясцовасці, гэтае званне прысвоена пасмяротна. Памяць аб іх жыве ў нашых сэрцах.

На фотаздымках, размешчаных у кутку “Бітва за Днепр” Асарэвіцкага дзіцячага сада – базавай школы, яны маладыя, прыгожыя воіны, прадстаўнікі розных народаў: Даўлетаў і Міннігулаў – башкіры, Уласаў, Якаўлеў, Грыцынін – рускія, Даніелян – армянін.

Менавіта тут, дарэчы, і адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 75-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З вялікай цікавасцю вучні слухалі інфармацыю маладога настаўніка гісторыі Марка Аляксандравіча Лысенкі. Акрамя біяграфічных звестак пра герояў, былі выкарыстаны фотаздымкі з альбомаў, перапіска з роднымі, успаміны тых, хто застаўся пасля вайны ў жывых, экспанаты часоў Вялікай Айчыннай. Прыкаваў увагу стэнд, на якім змешчана 150 прозвішчаў нашых землякоў – жыхароў мясцовых вёсак Асарэвічы, Галкі і Вялле, якія загінулі ў гады вайны. Дзеці разумелі, што гэта іх прадзеды, родныя і блізкія, суседзі, якія разам з усім народам стаялі на абароне Радзімы.

Светлымі надзеямі, радасцю і аптымістычным настроем быў прасякнуты канцэрт, да падрыхтоўкі якога мелі непасрэднае дачыненне Людміла Валянцінаўна Мякшун і Марыя Васільеўна Чарнянок. А на дапамогу ім прыйшлі маладыя настаўніцы Сюзанна Андрэеўна Коунева, Караліна Мікалаеўна Русак і, вядома ж, вучні. Калі мы разам – мы адзіныя.

Маладая змена павінна ведаць пра гераічнае мінулае свайго народа, пра тых, хто цаною ўласнага жыцця падараваў нам мір, свабоду і спакой. Кожнае такое мерапрыемства, захаванне памяці, праўды пра вайну – гэта нізкі паклон пакаленню пераможцаў.

Марыя ШАЎЧЭНКА,
дырэктар ДУА “Асарэвіцкі дзіцячы сад – базавая школа”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *