Абы “адрапартаваць”?..

Позиция Валентины Бельченко


Убеленая сівізной, разважлівая і мудрая пажылая жанчына доўга і нетаропка распавядала пра сваё жыццё. У пераважнай большасці напоўненае нягодамі, выпрабаваннямі ды нялёгкай працай – усё гэта глыбокімі маршчынкамі адбілася на яе твары і натруджаных руках, прыгнула цяжкім грузам да зямлі. Шматлікія лініі – нібы мноства сцяжынак і дарог, па якіх яна прайшла. З годнасцю, пачуццём асабістай адказнасці за справу, за лёс роднай зямлі, сваёй сям’і. Была неаднаразова заахвочана як добрасумленная працаўніца, пераможца сацыялістычнага спаборніцтва, мнагадзетная маці.

На нейкі час мая суразмоўца замаўчала. І ціхенька накіравалася да шафы. А я зразумела: каб пацвердзіць сказанае. Дастала, быццам з таямніц сваёй душы, аздобленую саломкай шкатулку, у якой беражліва захоўвала некалі ўручаныя ўзнагароды, а побач з імі – газетныя артыкулы. На пажаўцелых ад часу старонках цепляцца радкі і аб ёй, жанчыне-працаўніцы, жанчыне-маці. Яшчэ маладой, бадзёрай духам, поўнай сіл і запалу – такой яна пазірае з фотаздымкаў, зробленых дзясяткі гадоў назад.

Не буду ўтойваць: падобныя моманты пры сустрэчах з героямі нашых публікацый заўсёды кранаюць і застаюцца ў памяці надоўга. Напэўна, таму што даюць магчымасць адчуць, якімі важнымі з’яўляюцца для людзей журналісцкія радкі. Наколькі яны могуць узрушыць, расчуліць, запасці ў душу, раз чалавек захоўвае гадамі тое, што надрукавана. Паказвае сваім дзецям, унукам… І не гасне іскрынка памяці, не перарываецца нітачка, якая звязвае пакаленні.

Гісторыя раёна, адметныя падзеі і факты, жыццёвыя дарогі землякоў, здабыткі і поспехі сучаснікаў… Для чалавека, які лічыць сябе неадрыўным ад лёсу Брагіншчыны, мясцовае выданне заўсёды было сябрам. А для нас, яго стваральнікаў, мала проста данесці да сваіх чытачоў нейкую інфармацыю ці асвятліць мерапрыемства. Задача аўтара куды больш складаная: не толькі ўразіць, крануць струны чалавечай душы, але і паўплываць на свядомасць, сфарміраваць грамадскую думку, пабудзіць да дзеянняў, атрымаць зваротную сувязь. Радуешся, калі менавіта так і атрымліваецца: чытаюць, абмяркоўваюць, задумваюцца над напісаным, уздымаюць праблемы, падкідваюць тэмы для новых артыкулаў. А дзе – і выказваюць крытыку, заўважаюць у рэдакцыйнай працы пэўныя недахопы. Без гэтага не будзеш імкнуцца да дасканаласці, не даведаешся, што найбольш цікавіць, хвалюе сучаснага чытача. Менавіта ён ставіць нашай працы адзнаку.

Але ёсць у газетнай справе, на жаль, і другі бок медаля, здзіўляе іншая пазіцыя – з боку асобных спецыялістаў. Людзей, якія, здавалася б, у сілу сваёй прафесійнай дзейнасці павінны быць у курсе падзей, што адбываюцца ў раёне, весці сярод насельніцтва інфармацыйна-прапагандысцкую работу, у тым ліку і з дапамогай мясцовага выдання, якое… не выпісваюць. А ўзгадваюць пра яго хіба што, калі ўзнікае неабходнасць змясціць у газеце ўласнае выступленне, нешта давесці да ведама грамадскасці, з чым і звяртаюцца ў рэдакцыю. Маўляў, патрабуе вышэйстаячая арганізацыя. Ідзём насустрач. А потым – чарговы візіт ці званок: “Надрукавалі? У якім нумары? Ці ёсць залішні экзэмпляр? Патрэбна для справаздачы”. Прабачце… Але мы працуем для сваіх падпісчыкаў – не для вашых справаздач.

Цікавая, згадзіцеся, атрымліваецца справа: чалавек, які па сваім прафесійным абавязку павінен узаемадзейнічаць з грамадскасцю, адрасоўваць людзей з той ці іншай мэтай да свайго артыкулу ці нейкага паведамлення, нават не ведае, не адсочвае, калі гэта было апублікавана. Такі вось атрымліваецца парадокс. Абы “адрапартаваць”.

Так, сёння раённая газета – гэта своеасаблівая трыбуна і для кіраўнікоў, спецыялістаў, з якой яны могуць данесці сваё слова да людзей. І мы, журналісты, таксама разам з вамі, паважаныя, змагаемся з негатыўнымі з’явамі ў нашым грамадстве, вядзём прафілактычную работу, шукаем выйсце са складаных сітуацый, становімся ў апазіцыю жорсткасці, бессардэчнасці, недасведчанасці, злу – усяму, што перашкаджае спакойна жыць і працаваць. Па сутнасці ў нас – агульныя мэты і задачы. Дык ці не час некаторым асобам змяніць адносіны да мясцовага выдання?

Любое супрацоўніцтва павінна быць плённым, выніковым і ўзаемным.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *