Без міру і спакою

Наша гісторыя

У адпаведнасці з патрабаваннямі Палітбюро ЦК КП(б) Літвы і Беларусі падпольныя партыйныя арганізацыі акупіраваных тэрыторый прыступілі да разгортвання ўсенароднай барацьбы. Па рашэнні Гомельскага губернскага камітэта ўся паўната ўлады ў цэнтры і на месцах зноў была перададзена рэвалюцыйным камітэтам. У тыле разгортваўся партызанскі рух. І асабліва шырокі размах ён набыў у Брагінскай воласці, а таксама на Камарыншчыне.

Ужо 5 мая партызанскія атрады пад камандаваннем Піліпа Скарахода і Восіпа Валасенкі ўступілі ў бой з акупантамі каля вёсак Гарадзішча і Малейкі. На мосце праз Брагінку партызаны ўстанавілі кулямёты. Іх агнём была разбіта варожая рота. Пры гэтым загінуў польскі афіцэр. Потым, узарваўшы мост, партызаны адступілі і, каб захаваць сілы, пераправіліся на ўсходні бераг Дняпра.

У лютым – красавіку 1920 года партызаны грамілі варожыя гарнізоны ў Мазырскім і Пінскім паветах. Добрая слава ішла пра конны партызанскі атрад Піліпа Скарахода, які налічваў на той час больш як 300 байцоў.

Нягледзячы на тое што польскія войскі захапілі Мінск і некаторыя навакольныя раёны, для маладой савецкай рэспублікі летам 1919-га галоўным з усіх франтоў быў усё ж Паўднёвы, дзе наступала белагвардзейская армія Дзянікіна. Калі восенню таго ж года прагучаў заклік: “Усе на барацьбу з Дзянікіным!”, на яго дружна адгукнуліся камуністы і камсамольцы Брагіншчыны і Камарыншчыны.

У баях супраць белапалякаў, пятлюраўцаў і белагвардзейцаў у 1919–1920 гг. прымалі актыўны ўдзел байцы Тарашчанскага і Багунскага палкоў 44-й Кіеўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі Карней Мартышук (м. Камарын), Адам Раманавец (п. Новы Пуць), Макар Шупан, Рыгор Прыходзька (в. Хракавічы), Аляксандр Краўчанка (п. Садовы), Сямён Парэмскі, Ціт Манжос (м. Брагін), Адам Прымачэнка (в. Ляды) і інш.

У складзе Багунскага палка ў перыяд летняга наступлення Чырвонай Арміі ў 1920 годзе вызначыўся ўраджэнец вёскі Дуброўнае Сяргей Таміловіч-Данчанка, якому ў Жытоміры ўручылі ордэн Чырвонага Сцяга. Такой жа ўзнагароды быў удастоены яго аднапалчанін, у далейшым старшыня Брагінскага валвыканкама Пётр Купрыянаў.

Пад сцягам праслаўленай 14-й дывізіі, якой камандаваў герой грамадзянскай вайны Аляксандр Пархоменка, ваяваў наш зямляк Уладзімір Сушчанка (в. Шкураты). За смеласць і адвагу ён атрымаў грамату, падпісаную Будзённым і Варашылавым.