Да 100-годдзя БССР: ва ўмовах НЭПа

Важное Наша гісторыя


Барацьба з іншаземнымі інтэрвентамі, грамадзянская вайна каштавалі народу вялікіх ахвяр. Нямала нашых землякоў склалі галовы на палях бітваў як з аўстра-германскімі і польскімі захопнікамі, так і са сваімі суайчыннікамі, што былі на баку белых.

Пераход да мірнага аднаўленчага будаўніцтва пасля грамадзянскай вайны адбываўся ў няпростых умовах: з аднаго боку – эканамічны і дыпламатычны націск імперыялістычных колаў, з другога – упартае процідзеянне звергнутых эксплуататарскіх класаў мерапрыемствам савецкай улады. Народная гаспадарка, асабліва яе сельскагаспадарчы сектар, знаходзіліся ў надзвычай цяжкім становішчы. У сялян не хапала насення, зменшылася колькасць коней. Пасяўныя плошчы скараціліся супраць узроўню папярэдніх гадоў на адну трэць. У дадатак і засуха з’явілася адной з прычын галоднай зімы 1921–1922 гг., асабліва ў раёнах Паволжа.

Патрабаваліся радыкальныя меры, каб вывесці эканоміку з цяжкага крызісу, аднавіць народную гаспадарку і пабудаваць сацыялізм. Гістарычную ролю ў гэтым плане адыграў X з’езд РКП (б) (сакавік 1921 г.), які прыняў рашэнне аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам, аб пераходзе ад палітыкі ваеннага камунізму да новай эканамічнай (НЭП). Ажыццяўленне яе забяспечвала нармальныя ўзаемаадносіны паміж горадам і вёскай. Ужо ў 1923 годзе ў сельскагаспадарчай вытворчасці пачаўся перыяд уздыму.

Сяляне расшырылі пасяўныя плошчы, павялічылі вытворчасць сельгаспрадуктаў. Аднаўляліся разбураныя падчас вайны і ўзводзіліся новыя дзяржаўныя і дробныя саматужныя прамысловыя прадпрыемствы. Павышэнню зацікаўленасці сялян у пэўнай меры садзейнічаў і зацверджаны Усерасійскім ЦВК у кастрычніку 1922 года Зямельны кодэкс, які вызначыў парадак землекарыстання і забяспечыў найбольшае задавальненне патрэб сялян – ліквідацыю цераспалосіцы, дальнаполля і г.д. Да таго ж дзяржава арганізавала агранамічнае і ветэрынарнае абслугоўванне сялянскіх гаспадарак, штогод пачала выдаваць ім насенную пазыку і інш. Так і на Брагіншчыне ў 1924 годзе на базе сельскагаспадарчай арцелі “Усход-Зара” (в. Глухавічы) пачалі працаваць кароткатэрміновыя курсы па агратэхніцы і ветэрынарыі (выкладчык – Фёдар Навіцкі): навучанне прайшлі больш за 100 чалавек. У Камарыне такая ж работа вялася пры ветэрынарнай лячэбніцы, пабудаванай у 1923-м. Тут заняткі вёў энтузіяст сваёй справы Міхаіл Манецкі. У 1924–1926 гг. у Брагіне і Камарыне адбыліся сельскагаспадарчыя выстаўкі.

Важным клопатам мясцовых Саветаў і партыйных арганізацый у 1922 годзе з’яўлялася правядзенне шырокай кампаніі па аказанні дапамогі насельніцтву ахопленых голадам раёнаў краіны. Толькі да пачатку 1923-га па валасцях Брагіншчыны ў гэтых мэтах было сабрана 2200 пудоў хлебапрадуктаў.

Праўда, не ўсюды і не ўсе з аднолькавым усведамленнем ставіліся да трагедыі. Многія з заможнікаў і кулакоў нават імкнуліся сабатаваць дзеянні мясцовых улад па зборы прадуктаў і грашовых сродкаў у фонд галадаючых, часам не спыняючыся перад учыненнем злачынстваў. Так, у 1923-м былі забіты супрацоўнік Брагінскай валасной міліцыі Уладзімір Болатаў і яго таварыш па рабоце Станіслаў Барцэвіч.

Адначасова з арганізацыяй добраахвотных грашовых адлічэнняў працоўнымі калектывамі, збору прадуктаў для маючых у іх асаблівую патрэбу савецкім урадам вышукваліся і іншыя, часам не зусім прыстойныя, калі не сказаць кашчунныя, крыніцы папаўнення фонду галадаючых. “Улічваючы разладжанасць фінансавага становішча краіны пасля грамадзянскай вайны, – успамінаў тагачасны загадчык зямельнага аддзела Брагінскага валвыканкама Яўсей Дабрынскі, – УЦВК у лютым 1922 года прыняў пастанову аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. З пятнаццаці храмаў Брагіншчыны было ўзята больш за дзесяць пудоў срэбра, якое перадалі затым у фонд галадаючаму насельніцтву”.

Неабходнасць абароны суверэнітэту савецкай краіны, задачы сацыялістычнага будаўніцтва патрабавалі больш цеснага аб’яднання эканамічных, палітычных і ваенных рэсурсаў савецкіх рэспублік. У студзені 1921 года быў падпісаны дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе РСФСР і БССР, паводле якога прызнавалася незалежнасць і суверэннасць кожнага з бакоў. Былі таксама ўстаноўлены цесныя сувязі БССР, УССР і Закаўказскай Федэрацыі. Ідучы насустрач пажаданням працоўных, 1-шы Усесаюзны з’езд Саветаў 30 снежня 1922 года прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза ССР і аб’яднанні ў ім РСФСР, БССР, УССР і ЗСФСР на аснове добраахвотнасці і раўнапраўя.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *