Дадзена нам

Колонка редактора с Галиной Шевченко

Снежань звычайна ўваходзіць у нашы дамы адчуваннем цуда і казкі. Гэты месяц гартае апошнія старонкі календара і дорыць радасць імклівым зіхаценнем ёлак.

Маразы і завірухі пераносяць у мінулае: з горкамі, санкамі і лыжамі. А яшчэ ў маім дзяцінстве была забава, калі на лёдзе ўсталёўвалі кола ад воза, да якога мацаваліся адным краем доўгія хлысты і да іх – нашы санкі. Такая своеасаблівая вясковая карусель.

Потым – утульная печ, цёплае чарано, вязанкі аранжава-летняй цыбулі і торбачка з сухімі, амаль каменнымі грушкамі на жэрдцы, карункавыя накідкі на ложках. Калі адагрэешся, скачаш на гэтых ложках аж да столі (пакуль бабуля ў хляве). Ад дзяркача па пятай кропцы потым таксама скачаш, але ўжо ніжэй.

І якім смачным быў блінец, які выдаваўся як узнагарода за “фізічныя пакуты”, калі ложак быў перасцелены і змякчалася сэрца старэнькай.

На нефарбаванай, жаўтлява-шэрай ад таго ж дзеркача падлозе – круглыя, вясёлкавыя, звязаныя кручком палавічкі.

За акном – завіруха, бабуля вяжа, я ўголас чытаю “Палескіх рабінзонаў”…

Кволы агеньчык лампадкі на покуці і шэпт: “Дзякуй, Госпадзі, спадобіў дзень пражыць… Хлеб наш даж нам днесь… Спасі і сахрані…”, – смешная бабуля, і словы незразумелыя. Ціха надыходзіць ноч.

Даўно няма маёй бабулі, якая, каб дапамагчы іншым, дзялілася апошнім.

– А дзе ж ты ўзяла? Не было ж у нас…

– Дадзена нам, дзетка…

Кім дадзена, не ўдакладнялася. Людзьмі, уладай, лёсам?

Зараз мяркую – ад Бога. Дадзены дар спачування, суперыжавання, клопату.

Такое далёкае дзяцінства, што, здаецца, гэта было ў іншым вымярэнні і часе. Зараз і зімы не такія снежныя, і забавы іншыя, і да суседзяў за дапамогай мы амаль не звяртаемся.

Апошні і першы месяцы года пераплятаюць святы царкоўныя і грамадзянскія. Раством Хрыстовым ачышчаецца душа. І так хочацца спадзявацца, што заўтрашні дзень прынясе ажыццяўленне ўсіх мар. Мы думаем аб падарунках родным і блізкім, святочных прысмаках і насычаных (або, наадварот, спакойных і ціхіх, утульных дамашніх выхадных днях).

У коле гэтых клопатаў і спраў азірніцеся вакол сябе: магчыма, некаму патрэбна ваша дапамога. Дзеці, састарэлыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Альбо камусьці проста дрэнна. Не заўсёды падтрымка патрэбна матэрыяльная. Можа стацца так, што дастаткова слова ці спагады. Магчыма, вы ўсвядоміце, што вам дадзена больш, чым іншым, і падзеліцеся дабром, верай і надзеяй, якія ёсць у вашай душы.

Бо дадзена нам.

Галіна ШАЎЧЭНКА