Галоўны рэдактар газеты «Маяк Палесся» павіншавала з Новым годам мнагадзетную сям’ю

Общество Падпіска

Яркі бляск агеньчыкаў, ззянне ўпрыгожанай ёлкі, перадсвяточная мітусня ў пошуках падарункаў, убораў, пачастункаў… Новы год і Ражаство Хрыстова заўсёды ствараюць асаблівы настрой. Нездарма іх ад іншых святаў адрознівае вера ў цуды, нешта загадкавае, таямнічае. Ладзяцца тэатралізаваныя прадстаўленні, дабрачынныя акцыі, цёплыя сустрэчы. Таму хочацца і самому крышачку пабыць чараўніком, далучыцца да карысных спраў, падарыць радасць тым, хто побач.

З кім падзяліліся цеплынёй сваёй душы прадстаўнікі мясцовай улады, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў у гэтыя зімовыя дні, многія жыхары раёна даведваюцца, узяўшы ў рукі чарговы нумар “Маяка Палесся”. Але ёсць сярод нашых землякоў і такія, хто з задавальненнем пачытаў бы газету, хацеў бы быць у курсе падзей, што адбываюцца на Брагіншчыне, ды перашкаджае гэтаму невялікі сямейны бюджэт. Таму калектыў рэдакцыі напярэдадні навагодніх святаў вырашыў таксама зрабіць добрую справу – падараваць некалькім сем’ям з дзецьмі падпіску на мясцовае выданне.

У ліку тых, хто будзе атрымліваць нашу газету ў студзені, – Ала Вашкевіч, якая працуе прыбіральшчыцай службовых памяшканняў у Брагінскай школе. Яна сама выхоўвае шасцярых дзяцей: малодшаму сыну – чатыры гады, а старэйшай дачцэ – шаснаццаць.

Каб павіншаваць сям’ю з Новым годам і Ражаством Хрыстовым, уручыць гаспадыні квітанцыю, а дзецям – салодкі падарунак, да іх напярэдадні святаў завітала галоўны рэдактар Галіна Шаўчэнка.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий