Ганна Дзям’яненка: поспехі вучняў – перамога настаўніка

Грамадства

Пасля размовы з Ганнай Леанідаўнай Дзям’яненкай, якая аддала педагагічнай дзейнасці 42 гады, мне захацелася знайсці нейкія асабліва цёплыя, чуллівыя і сардэчныя словы, каб перадаць усе тыя думкі і ўражанні, якія засталіся ў выніку нашай сустрэчы. Бо гераіня мая не толькі Чалавек высокай культуры і душэўных якасцяў, але і Настаўнік. Так, менавіта з вялікай літары і не інакш! Пра такіх самаадданых сваёй справе людзей кажуць, што ў прафесію яны прыйшлі не па волі лёсу, а па закліку сэрца.

А пачалося ўсё пасля заканчэння школы ў 1976 годзе. Адразу пасля дзясятага класа прыйшла на працу ў Чамярыскую сярэднюю школу піянерважатай. А ў 1977-м паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут на факультэт беларускай мовы і літаратуры, які паспяхова закончыла праз пяць год. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, каля дзесяці гадоў займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай, а затым – па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Але, як прызналася мая суразмоўца, у адзін час вырашыла, што будзе займацца выключна педагагічнай дзейнасцю. І не памылілася.

Калі Ганна Леанідаўна гаворыць пра сваю працу, вучняў і беларускую мову, яе твар свеціцца, што сведчыць аб любові да таго, што яна робіць, аб правільнасці абранай прафесіі. Заслугоўвае ўвагі і той факт, што 42 гады працоўнага стажу прайшлі на адным месцы. А гэта ў наш час – вялікая рэдкасць. Але, як чалавек сціплы і сапраўды адукаваны, пра сябе і свае заслугі гаворыць мімаходзь. Усё больш пра тых, каму прывівае любоў да матчынай мовы і ў кім імкнецца закласці зерне таго самага – разумнага, добрага, вечнага.

На пытанне аб тым, як з цягам часу мяняецца падрастаючае пакаленне і яго стаўленне да вучобы, адказвае, што чалавечыя якасці вучняў застаюцца такімі ж, як і сорак гадоў таму, а вось стаўленне да працэсу пазнання адпавядае тэндэнцыям сучаснасці. Раней дзеці больш чыталі, а гэта ўплывала на іх здольнасць выказваць свае думкі, зараз жа, у век усеагульнай камп’ютарызацыі, інтарэсы іншыя. Дарэчы, і сама настаўніца ідзе ў нагу з часам, з лёгкасцю арыентуецца ў інтэрнет-прасторы і рыхтуе прэзентацыі да ўрокаў.

Як прызнаецца Ганна Леанідаўна, яна ніколі не дзяліла вучняў на “двоечнікаў” і “выдатнікаў”, заўсёды дае кожнаму праявіць сябе і свае здольнасці. А гэта характарызуе яе як чалавека, свабоднага ад штампаў і чужога меркавання, што ў сваю чаргу выклікае асаблівую павагу да яе.

Асобнае месца ў яе дзейнасці адведзена даследаванню. У сваёй працы “Тапаніміка роднага краю” яна асабіста ўдакладняла назвы вуліц, урочышчаў і іншых мясцін, а “Легенды і паданні вёскі Чамярысы”, запісаныя ёю з вуснаў старажылаў, можна смела назваць сапраўдным фальклорным скарбам гэтай зямлі. Актыўная і ініцыятыўная, як характарызуюць Ганну Леанідаўну ў калектыве, на яе ўроках сумаваць не даводзіцца. І тут пачынаеш разумець: менавіта такія настаўнікі, якія “гараць”, здольныя натхняць маладое пакаленне. Ды і вынікі, як кажуць, гавораць самі за сябе. Поспехі вучняў – перамога настаўніка, лепшы доказ таго, што ён ідзе правільным шляхам. Так і ёсць насамрэч. Яе кожныя 45 хвілін не праходзяць дарма, аб чым сведчаць вынікі раённых і абласных алімпіяд. Ды і сама педагог не застаецца ў баку, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах. Цэлы шэраг грамат і дыпломаў таму пацвярджэнне. За сваю шматгадовую плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення яна была адзначана граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, яна знайшла сваё прызванне і ў абароне працоўных інтарэсаў сваіх калег. Ужо не адзін год з’яўляецца прафсаюзным лідарам у школе. Як расказала дырэктар навучальнай установы Святлана Кудранок, Ганна Леанідаўна – гэта чалавек, які заўсёды падтрымае маладых настаўнікаў, з радасцю падзеліцца сваім прафесійным вопытам.

Адсюль можна вывесці асноўныя жыццёвыя арыенціры Ганны Леанідаўны. А заключаюцца яны ў веры ў вучняў, любові да прафесіі і людзей. Бо, як яна сама прызналася, усё жыццё кіруецца сваім сумленнем, а самы вялікі яе страх – каго-небудзь пакрыўдзіць.

Існуе памылковае меркаванне, што самыя нявыхаваныя – гэта дзеці педагогаў. Але не ў гэтым выпадку. Бо і Ганна Леанідаўна, і яе муж Юрый Аляксандравіч, з якім у наступным годзе яны адзначаць рубінавае вяселле, па праву могуць ганарыцца сваімі дочкамі. Малодшая, Марыя, пайшла па слядах маці, скончыла ГДУ імя Ф.Скарыны і атрымала дыплом з адзнакай па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. А старэйшая, Аксана, працуе намеснікам старшыні праўлення Брагінскага раённага спажывецкага таварыства. Дарэчы, абедзве – мнага-дзетныя маці.

І калі Ганна Леанідаўна на пачатку нашай размовы казала, што яна нічога такога выдатнага ў сваім жыцці не зрабіла, ведала б, як памыляецца. Бо што можа быць найкаштоўнейшым у жыцці за тое, як пабудаваць моцную і дружную сям’ю, вырасціць добрых і ўдзячных дзяцей і знайсці сваё прызванне, якое заключаецца ў служэнні людзям.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *