Краіна ў руках Саветаў

Наша гісторыя

Няпоўны месяц застаўся да даты, якая ў нацыянальным самавызначэнні, станаўленні Беларусі як самастойнай дзяржавы стала знакавай. Першага студзеня, што вельмі сімвалічна, мы будзем сустракаць не толькі Новы год, але і юбілей БССР. Сто гадоў назад і сапраўды пачалася новая эра ў нашай гісторыі. Таму самы час прыгадаць, як гэта было, якія падзеі пасля Кастрычніка ахапалі Брагіншчыну.

У першую чаргу патрэбна адзначыць, што станаўленне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове адбывалася ў надзвычай складаных геапалітычных умовах. Варта прыгадаць і развязаныя Першую сусветную, грамадзянскую войны, і падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ваенную інтэрвенцыю краін Антанты. Усё вымушала пераадольваць вялікія цяжкасці і шматлікія перашкоды.

Як сведчыць гісторыка-дакументальная хроніка, пасля Кастрычніцкага ўзброенага перавароту ўлада ў Рэчыцкім павеце перайшла ў рукі Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў. За няпоўны месяц, ад 25 кастрычніка да 20 лістапада1917 года, яна стала рэальнасцю на ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны і Мазыршчыны, у тым ліку ў Брагінскай і іншых валасцях.

У пачатку 1918-га на Брагіншчыне і Камарыншчыне праводзіліся выбары валасных і сельскіх Саветаў пры адначасовым роспуску земстваў, адхіленні ад пасад старастаў і г.д. Ствараліся прэзідыум валвыканкамаў, зямельная, харчовая, культурна-асветная і іншыя камісіі. Найбольш актыўна праводзілася гэтая работа ў Брагінскай, Мікуліцкай, Савіцкай валасцях.

Аб’яднанне ў студзені 1918 года Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў з сялянскімі стварыла трывалую палітычную аснову пралетарскай дзяржавы, вызваліла сялянства з-пад уплыву эсэраў, расшырыла сацыяльную базу дыктатуры пралетарыяту. А першая савецкая канстытуцыя 1918 года ўзаконіла Саветы як дзяржаўную форму гэтай дыктатуры. Іх мэтай было прыцягнуць на бок савецкай улады беднякоў і сераднякоў, умацаваць саюз рабочага класа і сялянства, каб агульнымі намаганнямі падарваць эканамічную моц і палітычны ўплыў кулацтва. У сельскай мясцовасці ў лістападзе – снежні з’явіліся камітэты вясковай беднаты, якія адыгрывалі рашаючую ролю ў размеркаванні зямлі, адабранай у памешчыкаў, канфіскацыі лішкаў хлеба ў кулакоў, забеспячэнні хлебапрадуктамі Чырвонай Арміі, насельніцтва гарадоў і прамысловых цэнтраў.

Пры садзейнічанні партыйных ячэек стварэннем і ўмацаваннем органаў савецкай улады ў радзе месцаў кіравалі дэмабілізаваныя салдаты і матросы. Актыўную работу сярод насельніцтва праводзілі бальшавікі. Аднак наступленне ў лютым 1918 года аўстра-германскіх войск і акупацыя імі значнай часткі Беларусі замарудзілі развіццё Саветаў.