Прафсаюзы падвялі вынікі дзейнасці ў 2018 годзе

Общество

Прафсаюз – гэта згуртаванае, творчае і мабільнае аб’яднанне аднадумцаў, дзейнасць якога накіравана на стваральную працу на карысць роднага краю і падрастаючага пакалення. Яно аказвае падтрымку работнікам у вырашэнні іх праблем, спрыяе пазітыўнаму клімату ў калектыве, дзе кожны б адчуваў сваю значнасць як спецыяліст і як чалавек, меў добрыя ўмовы працы і атрымліваў дастойны заробак.
Аб выніках дзейнасці ФПБ у 2018 годзе расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок.


– Раман Міхайлавіч, якімі значнымі падзеямі быў напоўнены адыходзячы год для прафсаюзаў?

– У першую чаргу хачу адзначыць, што ў прафсаюзных радах Брагінскага раёна налічваецца больш за чатыры тысячы чалавек, якіх аб’ядноўваюць чатыры галіновыя прафсаюзы і 55 пярвічных арганізацый. Самымі важнымі накірункамі ў нашай рабоце застаюцца абарона сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў людзей, іх прававая і інфармацыйная падтрымка, стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы.

Для раённага аб’яднання прафсаюзаў гэты год быў даволі насычаны. Сумесна з сацыяльнымі партнёрамі арганізаваны і праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, 100-годдзю УЛКСМ і 75-годдзю вызвалення Брагіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асаблівая ўвага надавалася контролю за выкананнем нормаў калектыўных дагавораў.

Адным з найважнейшых пытанняў гэтага года для ФПБ, вядома ж, была работа над законапраектам Працоўнага кодэкса. У яго ўнесена каля 40 прапаноў. Усе яны сфарміраваны на аснове пытанняў і праблем, з якімі да нас звярталіся прадстаўнікі працоўных калектываў. І тут прынцыповы для прафсаюзаў момант – неабходнасць заканадаўчага замацавання такой нормы, як падаўжэнне ці перазаключэнне кантрактаў з добрасумленнымі працаўнікамі на максімальна працяглы тэрмін, або перавод іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый. Такая норма сёння ўключана ў якасці рэкамендацыйнай у Генеральнае пагадненне, у некаторыя галіновыя дагаворы. Абмеркаванне гэтай пазіцыі яшчэ ідзе, і мы будзем дабівацца яе замацавання ў Працоўным кодэксе. Гэта неабходна для таго, каб яна ўжывалася паўсюдна, і каб выключыць суб’ектывізм пры прыняцці рашэнняў аб прадаўжэнні працоўных адносін з работнікамі.

– Давайце падрабязней спынімся на Генеральным пагадненні. Дакумент на 2019-2021 гады быў падпісаны 19 снежня.

– У ім знайшлі адлюстраванне ўсе найбольш значныя для нашага грамадства тэмы: рост заробкаў і забеспячэнне занятасці насельніцтва, цэны на прадукты харчавання і сацыяльныя гарантыі. У выніку перамоў бакі знайшлі кампрамісы па спрэчных пытаннях і захавалі гарантыі для працаўнікоў, прапісаныя ў мінулым дакуменце, а па некаторых нават узмацнілі пазіцыі.

Мы вельмі чакалі падпісання гэтага дакумента, бо ён вызначае стратэгію работы прафсаюзаў у будучым годзе, служыць асновай для раённага пагаднення на 2019-2021 гады і калектыўных дагавароў.

Дарэчы, калектыўна-дагаворная работа з’яўляецца важным элементам прафсаюзнай дзейнасці, таму ёй заўсёды надаецца асаблівая ўвага. Са станоўчых прыкладаў хачу адзначыць нормы, уключаныя ў калектыўныя дагаворы па рабоце з моладдзю ААТ “Брагінаграсэрвіс” і КМУП “Брагінскае ПМС”, па рабоце з пенсіянерамі – ветэрынарнай станцыі, з бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей, – КЖУП “Брагінскае”.

– З мая 2017 года ФПБ праводзіць так званы “народны” маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Раскажыце аб выніках гэтай работы.

– Прафсаюзы аналізуюць цэны ў гандлёвых кропках і супастаўляюць іх з даходамі людзей. Маніторынг на даны момант праводзіцца ва ўсіх раёнах і гарадах абласнога падначалення краіны. А дакладней – у 137 тэрытарыяльных адзінках, 274 магазінах па 98 таварных пазіцыях. У тым ліку і на Брагіншчыне – у двух гандлёвых кропках райспажыўтаварыства.

Пра вынікі “народнага кантролю” мы інфармуем Мініс-тэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Камітэт дзяржкантролю.

– У верасні мінулага года ФПБ падпісала дагавор аб узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай Беларусі. Як ідзе супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі на раённым узроўні?

– У прафсаюзаў і пракуратуры падобныя задачы. Вядома, формы, метады работы і паўнамоцтвы ў нас розныя, але мэта адна – абарона законных правоў і інтарэсаў людзей. Таму мы і прапанавалі аб’яднаць намаганні нашых ведамстваў у даным накірунку. Зараз гэтае ўзаемадзеянне вельмі паспяховае.

Добра зарэкамендавалі сябе сумесныя прававыя прыёмы грамадзян, якія спрыяюць больш хуткаму вырашэнню многіх праблем. У нашым раёне з красавіка па снежань 2018 года праведзена пяць такіх сустрэч, па дапамогу звярнуліся 15 чалавек, пытанні якіх галоўным чынам датычыліся заробкаў, кампенсацый, умоў змянення працоўных дагавораў.

– Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці – ахова працы?

– Безумоўна. Прынцыповая пазіцыя прафсаюзаў: чалавек павінен вяртацца з работы дамоў здаровым. Таму ў штаце ФПБ больш за сто тэхнічных інспектараў працы. На прадпрыемствах дзейнічаюць грамадскія інспектары, якія сочаць за вытворча-тэхналагічнай дысцыплінай і бяспекай.

З мэтай маніторынгу выканання заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах Брагіншчыны раённым аб’яднаннем прафсаюзаў праведзена больш за 25 выездаў з мабільнай групай райвыканкама, падчас якіх выяўлена звыш 350 парушэнняў. На шчасце, сёлета ў нас адсутнічаюць выпадкі цяжкага і смяротнага траўматызму, хоць па рэспубліцы адзначаецца яго рост. І тут важна зразумець, што ўхіленне большасці парушэнняў, якія прывялі да трагедый, не патрабавала вялікіх фінансавых выдаткаў. Гэта значыць, іх прычына крыецца ў абыякавым стаўленні да вытворчай бяспекі як кіраўніцтва прадпрыемстваў, так і саміх работнікаў.

– Напярэдадні навагодніх свят органы ўлады і гра-мадскія аб’яднанні праводзяць шмат акцый. Ці ўдзельнічаюць у дабрачынным марафоне прафсаюзы?

– Безумоўна. Мы імкнёмся стварыць навагодні настрой для хлопчыкаў і дзяўчынак з сацыяльнага прытулку, дома сямейнага тыпу, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Рыхтуем для іх цікавыя прадстаўленні і, вядома ж, падарункі. Напрыклад, сёлета 15 юных жыхароў Брагіншчыны атрымалі магчымасць прыняць удзел у прафсаюзным навагоднім мерапрыемстве, якое праходзіла ў абласным драматычным тэатры.

Асаблівую актыўнасць дабрачынная акцыя “Прафсаюзы – дзецям” набывае напярэ-дадні навагодніх свят, але яна дзейнічае на працягу года. Таму мы і далей будзем працягваць радаваць хлопчыкаў і дзяўчынак падарункамі і цікавымі сустрэчамі.



Пакінуць адказ