Супраць акупантаў

Наша гісторыя

Вясной 1918 года ў Брагіне сфарміраваўся падпольны камітэт РКП (б), які кіраваў дзейнасцю падпольных партыйных ячэек і камуністаў-падпольшчыкаў, партызанскіх атрадаў, арганізоўваў агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. Былі створаны спецыяльныя баявыя органы – рэвалюцыйныя камітэты, у склад якіх увайшлі найбольш аўтарытэтныя мясцовыя партыйцы: Піліп Скараход, Сяргей Краўчанка, Ціт Манжос і інш. Заўважу: прыгаданыя прозвішчы добра знаёмыя брагінчанам па назвах вуліц райцэнтра. Усе гэтыя людзі – акрыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйных падзей і грамадзянскай вайны, барацьбы супраць нямецкіх акупантаў.

У тутэйшых мясцінах дзейнічалі пяць атрадаў народных мсціўцаў. У жніўні 1918 года быў створаны спецыяльны падпольны штаб па кіраўніцтве баявымі аперацыямі партызан супраць нямецкіх войск і гайдамакаў – украінскіх нацыяналістаў. Наступныя месяцы вызначыліся шэрагам добра спланаваных і моцных удараў па акупантах, у тым ліку па іх апорных пунктах у вёсках Астрагляды, Асарэвічы, Крукі, Кацічаў, Верхнія Жары. У выніку было захоплена нямала зброі і боепрыпасаў, нарабаванай акупантамі жывёлы, якую раздалі насельніцтву.

У верасні па рашэнні Рэчыцкага падпольнага павятовага камітэта партыі ў Крыўчы адбыўся нелегальны з’езд прадстаўнікоў Брагінскага, Мікуліцкага, Савіцкага, Іёлчанскага, Хойніцкага, Лоеўскага, Ручаёўскага і Дзяражыцкага валасных рэўкамаў. На ім былі пастаўлены канкрэтныя задачы ў сувязі з будучым наступленнем Чырвонай Арміі па ўсім савецка-германскім фронце. І дзеянні мясцовых партызанскіх атрадаў набылі яшчэ большую ўзгодненасць. А рады народных мсціўцаў папоўніліся дзясяткамі адважных байцоў.

Шостага верасня Рэчыцкі павятовы Савет звярнуўся да ўрада РСФСР з просьбай дапамагчы ў вызваленні ад нямецкай акупацыі. І гэтая пазіцыя мела гарачую падтрымку сярод насельніцтва ўсіх валасцей павета. Жыхары Брагіншчыны падмацавалі яе актывізацыяй барацьбы супраць ворага, аб чым сведчыць бой партызан за вёскі Крыўча, Новая Аляксееўка і Савічы, а таксама дзёрзкая баявая аперацыя партызан атрада Піліпа Скарахода супраць германска-гетманаўскага гарнізона ў Брагіне.

Дзень быў кірмашовы, і на рынкавую плошчу з’ехалася многа людзей, асабліва падвод з сенам. Прыкладна ў палавіне дня з гэтых вазоў вылезлі ўзброеныя партызаны і пачалі вылоўліваць паліцэйскіх казачкоў і нямецкіх салдат. Аперацыя прайшла паспяхова. Але раптам з боку маёнтка Касачоў немцы адкрылі моцны кулямётны абстрэл. Партызаны павялі наступленне на ворага і пасля бою, які доўжыўся да самага вечара, адступілі. У гэтым баі народныя мсціўцы захапілі нямала зброі і боепрыпасаў, хоць і самі панеслі страты.

Сваю злосць за смелую партызанскую акцыю акупанты нярэдка зрывалі на мірным насельніцтве.