Свабодная і самастойная

Наша гісторыя

Паражэнне аўстра-германскага блока ў 1-й імперыялістычнай вайне і лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі стварылі спрыяльныя ўмовы для вызвалення акупіраваных кайзераўцамі тэрыторый. У лістападзе УЦВК ануліраваў Брэсцкі мірны дагавор. Акупанты вымушаны былі пакінуць Брагіншчыну і навакольныя мясцовасці, баючыся быць уцягнутымі ў баявыя дзеянні з партызанамі да падыходу чырвонаармейскіх часцей. 13 снежня 1918 года у тэлеграме рэўваенсавета Заходняга фронту старшыні УЦВК Якаву Свярдлову паведамлялася, што “В Речицком уезде до прихода Красной Армии Советская власть установилась в Брагине, Хойниках, Слободе, Малодуше и других населённых пунктах”.

16 снежня ўсю ўладу ў валасцях Брагіншчыны і Камарыншчыны ўзялі ў свае рукі рэвалюцыйныя камітэты.

Першага студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі ўрад абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Уся ўлада ў Беларусі, як у ім адзначалася, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі краіны, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных уладаў.

Але ў пачатку 1919-га становішча савецкай дзяржавы ўскладнілася. На ўсходзе наступала армія Калчака, на захадзе пагрозу стваралі войскі Юдзеніча і актыўная падрыхтоўка да ваенных дзеянняў буржуазна-памешчыцкай Польшчы, якая мела намер расшырыць свае тэрыторыі за кошт захопу беларускіх і ўкраінскіх зямель.

У гэтай цяжкай сітуацыі партыйныя і савецкія органы праводзілі арганізацыйную і палітычна-масавую работу па аказанні ўсебаковай дапамогі Чырвонай Арміі. На Брагіншчыне і Камарыншчыне праводзіліся кампаніі па мабілізацыі моладзі, збору прадуктаў для патрэб фронту і інш.