Юбілеі: 30 лістапада 70 гадоў споўнілася Веры Уладзіміраўне Андрэевай

Общество Праздники и будни

У гэты дзень да настаўніцы матэматыкі з віншаваннямі і падарункамі завіталі прадстаўнікі прафсаюзнага руху, былыя калегі, якія пажадалі паважанаму чалавеку здароўя, бадзёрасці, добрага настрою і доўгіх гадоў жыцця, разам успомнілі цікавыя выпадкі з перыяду педагагічнай дзейнасці.

Агульны працоўны стаж Веры Уладзіміраўны – 42 гады і большасць з іх яна аддала прафесіі настаўніцы. За гэты час жанчына не толькі правяла па краіне матэматычных ведаў не адно пакаленне вучняў, радавалася іх поспехам, але і ахвотна дзялілася вопытам з маладымі калегамі.

Нарадзілася будучы педагог у вёсцы Ліскі Рэчыцкага раёна. І паколькі яе бацька быў ваеннаслужачым, давялося нямала пакалясіць па прасторах былога Савецкага Саюза і нават некаторы час жыць у Германіі. У 1973 годзе скончыла Вінніцкі педагагічны інстытут (Украіна). Як прызнаецца сама юбілярша, жаданне быць настаўніцай з’явілася яшчэ ў дашкольным узросце. Не раз прымярала на сабе гэтую прафесію, гуляючы з сяброўкамі “ў школу”. Пазней у сярэдніх і старэйшых класах здольнасці дзяўчыны да дакладны навук адзначалі яе настаўніцы матэматыкі Валянціна Шлыкава і Уладлена Ларычава. Між тым неаднойчы Веры Уладзіміраўне даводзілася перарываць сваю педагагічную дзейнасць, але зноў і зноў вярталася да яе, бо толькі ў ёй бачыла сваё прызванне.

На Брагіншчыну Вера Андрэева пераехала ў 1996 годзе. Спачатку працавала загадчыцай метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі, а потым, як чалавек сапраўды захоплены сваёй справай, перайшла ў Брагінскую СШ завучам і настаўніцай матэматыкі. Многія рысы характару, уласцівыя ёй самой, імкнулася прывіць і сваім вучням і, першым чынам, адказнасць за даручанае і дысцыплінаванасць.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Вера Уладзіміраўна засвоіла асновы камп’ютарнай граматнасці, таму сумаваць няма калі – зносіны з аднакурснікамі, былымі калегамі, а таксама сябрамі, што жывуць у іншых гарадах і краінах, падтрымлівае праз інтэрнэт. Радуюць жанчыну сваімі поспехамі дачка, двое ўнукаў і двое праўнукаў, якія часта наведваюцца да бабулі.

“Адказная, патрабавальная, справядлівая” – так характарызуюць былыя калегі Веру Уладзіміраўну, якая ўмела знайсці падыход да кожнага дзіцяці, накіраваць яго здольнасці ў патрэбнае рэчышча. Яна па-ранейшаму любіць сваю прафесію і вучняў, якія дагэтуль успамінаюць пра сваю настаўніцу з цеплынёй.