З абмежаванымі магчымасцямі, але з бязмежным аптымізмам і імкненнем да перамог

Грамадства

Раённы дом культуры ў чарговы раз стаў пляцоўкай для правядзення свята, галоўнымі гасцямі якога былі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дырэктар ТЦСАН Сяргей Пархамец, вітаючы прысутных, адзначыў, што Міжнародны дзень інвалідаў нагадвае ўсім нам пра моцных духам людзей, якія ахвотна праяўляюць свае здольнасці ў творчасці і спорце, але ў той жа час ім патрэбна наша падтрымка.

– Сёння дзяржава робіць многае, каб жыццё людзей з інваліднасцю было паўнацэнным, каб яны не лічылі сябе абдзеленымі, а мелі магчымасць рэалізавацца ў любой сферы дзейнасці, – падкрэсліў Сяргей Міхайлавіч. За актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах ён уручыў граматы Мікалаю Кірыльчуку, Аляксандру Прыходзьку і Паўлу Мельнічэнку, адзначыўшы іх аптымізм і імкненне да перамог.

Старшыня абласной дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Лепшы шлях” Юрый Куніцкі заўважыў, што, нягледзячы на цяжкія жыццёвыя сітуацыі, наведвальнікі аддзялення не апускаюць рукі, а знаходзяць сілы нешта рабіць, і радуе, што ў іх атрымліваецца. І няхай яны неяк абмежаваны ў магчымасцях, але маюць бязмежнае жаданне дзейнічаць, рухацца наперад.

Падзякавала ўсім, хто дапамог арганізаваць свята, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Любоў Кузняцова. І найперш – супрацоўнікам раённага дома культуры, якія не дазволілі гасцям сумаваць, падрыхтавалі забаўляльную праграму з гульнямі, песнямі і танцамі. Аб падарунках і гасцінцах для святочнага чаявання паклапаціліся раённыя арганізацыі Беларускага саюза жанчын, Беларускага Чырвонага Крыжа, ГА “Белая Русь”, ААТ “ААБ Беларусбанк”, ААТ “Брагінаграсэрвіс”, а таксама ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна.

Мерапрыемства завяршылася на вясёлай музычнай ноце, і госці накіраваліся ў аддзяленне дзённага знаходжання, дзе іх чакаў салодкі стол. Дружнае ўзаемадзеянне чулых сэрцаў дапамагло стварыць для ўсіх добры настрой, падарыць яркія эмоцыі. А тых, хто не змог прысутнічаць на свяце, арганізатары дабрачыннай акцыі наведалі дома.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *