За савецкую ўладу

Наша гісторыя

Вясной 1919 года імперыялісты краін Антанты арганізавалі чарговы паход супраць Савецкай Расіі. Дзяржава апынулася ў кальцы белагвардзейскіх (Калчак, Дзянікін, Юдзеніч), інтэрвенцкіх (англа-франка-амерыканцы з поўначы, польскія легіянеры з захаду) армій.

У паўднёва-заходніх раёнах Гомельшчыны актывізаваліся банды ўкраінскіх нацыяналістаў – пятлюраўцаў, якія спрабавалі распаўсюдзіць уладу Цэнтральнай украінскай рады на гэтыя тэрыторыі. З мэтай аб’яднання сіл для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй яшчэ ў першыя дні лютага 1919-га Літва і Беларусь вымушаны былі аб’яднацца ў Літоўска-Беларускую ССР (ЛітБел ССР) на тэрыторыі Віленскай, Мінскай, Ковенскай, Гродзенскай і часткі Сувалкаўскай губерняў. 8 красавіка ЦВК ЛітБел ССР аб’явіў рэспубліку на ваенным становішчы.

У канцы сакавіка таго ж года прадстаўнікі рэўкамаў мясцовых валасцей сабраліся ў Брагіне на з’езд, які абмеркаваў пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай выбараў у валасныя выканаўчыя камітэты. На ім аднагалосна была прынята рэзалюцыя, у якой віталася савецкая ўлада як адзіна здольная адстойваць інтарэсы рабочага класа і сялянства. Затым на валасных з’ездах у Брагіне, Мікулічах, Савічах, Іёлчы, Дзяражычах, Ручаёўцы рэвалюцыйныя камітэты склалі свае паўнамоцтвы і перадалі іх выканаўчым камітэтам Саветаў. Было зроблена самае галоўнае – створаны савецкі апарат.

Пасля выгнання акупантаў найпершым клопатам выканкамаў Саветаў былі пытанні барацьбы з разрухай, размеркаванне памешчыцкіх зямель, будаўніцтва жыцця на новы лад. Але сілы ўнутранай контррэвалюцыі, імперыялістычныя колы Захаду не жадалі пазбавіцца ад сваіх ранейшых намераў задушыць савецкую ўладу.

2 мая адбылася першая Гомельская губернская партыйная канферэнцыя, у якой прымалі ўдзел і дэлегаты з Брагіншчыны: Сяргей Краўчанка, Ціт Манжос, Павел Старахатні і інш. У прынятых рашэннях былі прадугледжаны мерапрыемствы па павелічэнні дапамогі фронту, узмацненні работы па аднаўленні народнай гаспадаркі.

У жніўні, наступаючы з поўдня, войскі Дзянікіна захапілі Чарнігаў і стварылі сур’ёзную пагрозу Гомельскай губерні. Сабраўшыся з сіламі, у сярэдзіне верасня Чырвоная Армія разграміла асноўныя часці Дзянікіна. Але на захадзе фронт стаяў на Беразіне да вясны наступнага года.

У верасні польскія войскі прарваліся ў раён Бабруйска праз Беразіну і пачалі наступленне на Рагачоў, Жлобін у абход Гомельскага ўмацаванага раёна. Затым чарговае цяжкае выпрабаванне чакала нашу краіну вясной 1920-га – палякі захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу.

На Палессі польскія легіянеры сустрэлі ўпартае супраціўленне Чырвонай Арміі і апалчэнскіх фарміраванняў. У прыватнасці, 8 мая 1920 года байцы Пралетарскага (Камуністычнага) батальёна з ліку рэчыцкіх, брагінскіх і лоеўскіх камуністаў і камсамольцаў разам з чырвонаармейцамі каля чатырох гадзін вялі бой з ворагам каля вёскі Воўчая гара. За гэты час з Рэчыцы была эвакуіравана каштоўная дзяржаўная маёмасць, часці 57-й дывізіі Чырвонай Арміі пераправіліся на левы бераг Дняпра і занялі там абарону. Большасць байцоў апалчэнскага батальёна загінулі.

У красавіку войскі акупантаў уступілі на Брагіншчыну і Камарыншчыну. Як і раней, пры германцах, улада ў валасцях перайшла да земскіх упраў, якія сталі марыянеткамі ў руках акупантаў. Вораг устанавіў жорсткі рэжым тэрору, грабяжу і насілля. На барацьбу з ім усё актыўней узнімаліся людзі.