Акцыя “Наш жывёлавод” працягваецца

Важное Сельское хозяйство

На гэты раз старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан і галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ала Гардзейчык пабывалі ў ААТ “Брагінка”.

У кожным калектыве ёсць сумленныя  людзі. Яны спраўляюцца са  сваімі  абавязкамі бездакорна, а калі лічаць, што і  гэтага недастаткова, нагружаюць сябе дадаткова. І не з-за пачуцця страху ці пахвалы, проста па-іншаму не могуць, ды і сумленне не  дазваляе. Да такой высновы прыходзіш, калі назіраеш, як песціць (па-іншаму і не скажаш) сваіх гадаванцаў Наталля Пастухова. У яе групе зараз 50 цялят, якіх яна будзе выпайваць да 21-дзённага ўзросту. Імя дала кожнаму, яны разумеюць  каманды жывёлавода, рэагуюць на  голас, лашчацца, як малыя дзеці. Напрыклад, любімая Панда навучылася пераскокваць цераз агароджу, каб апынуцца хутчэй каля даглядчыцы і  адчуць дотык яе  пяшчотных рук.

 Даводзіцца Наталлі Аляксандраўне ў гэтыя зімовыя дні нялёгка. Малако забірае ў суседнім памяшканні, цягне бітон на цялежцы па бездаражы (напярэдадні выпаў моцны  снег),  падагравае  на газавай пліце і корміць маладняк.  А вось сярэднямесячная заработная плата ў яе невысокая, па словах жанчыны, складае  пражытковы мінімум.

Віктар Іванавіч уручыў Наталлі Пастуховай ліст з падзякай і падарунак. На ферме ў вёсцы Новы Пуць іх прымаў Мікалай Раманавец. Ён адкатвае жыжку, абслугоўвае дойны статак. Не першы год Віктар Іванавіч прыязджае сюда, каб падзя[i]каваць Мікалаю Пятровічу за сумленную працу. Да цёплых слоў віншаванняў далучылася і Ала Уладзіміраўна. У першую чаргу яе цікавілі пытанні аплаты працы, бо нараканні на нізкія заробкі ў той дзень былі не толькі ад жывёлаводаў, але і ад Заааператараў машыннага даення.

Дарэчы, у працаўнікоў сельгасарганізацый з’явілася магчымасць зарабляць больш. Тарыфным пагадненнем, якое падпісалі Міністэрства сельскай гаспадаркі, Беларускі прафсаюз работнікаў АПК і Рэспубліканскі аграпрамысловы саюз “БелАПС”, прадугледжаны надбаўкі ад 10 да 25 працэнтаў. Дакумент (а ён будзе працаваць да 2021 года) вызначае мінімальныя абавязковыя для прымянення сацыяльныя гарантыі на ўзроўні ўсёй галіны і служыць асновай для заключэння калектыўных дагавораў. Праўда, Тарыфнае пагадненне ў пытаннях зарплаты цесна звязана з эканомікай прадпрыемства. Усё залежыць ад таго, колькі прадукцыі вырошчвае і прадае прадпрыемства, ці ёсць на яго рахунку абаротныя сродкі. І ўсё ж той, хто старанна працуе, мае права на годную зарплату.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *