Дабрачынная дапамога на 1 мільён рублёў была аказана падчас акцыі “Нашы дзеці”

Важное Грамадства

Паводле папярэдніх падлікаў, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, дзяржарганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, канцэрны, банкі, грамадскія аб’яднанні, уключаныя ў пералік удзельнікаў навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, перадалі ў дзіцячыя ўстановы матэрыяльную дапамогу, абсталяванне і падарункі на суму каля 1 млн рублёў. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

Рэспубліканская акцыя праходзіла з 10 снежня 2018 года па 11 студзеня 2019-га. Прадстаўнікі 91 арганізацыі наведалі 122 сацыяльна значныя аб’екты: школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя бальніцы, дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы і інш.

Усяго на рэспубліканскім узроўні ў дабрачынным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 15 тыс. дзяцей.

“Сёння акцыя “Нашы дзеці” – гэта (усё часцей) не наведванне інтэрнатаў, а ўдзел у сямейным свяце ва ўмовах добраўпарадкаванага катэджа або кватэры, пабудаваных за кошт бюджэту, для пражывання дзіцячага дома сямейнага тыпу – сям’і, якая прыняла на выхаванне ад 5 да 10 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Таксама ў гэтым годзе вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і дзяржарганізацый, банкаў, грамадскіх аб’яднанняў з добрымі віншаваннямі наведалі дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, выхаванцаў апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей-інвалідаў. У многіх установах, дзе выхоўваюцца і навучаюцца дзеці-сіроты і дзеці-інваліды, сфарміраваліся трывалыя шэфскія сувязі, якія падтрымліваюцца не толькі ў перыяд акцыі”, – адзначылі ў прэс-службе.

У ліку асноўных мерапрыемстваў акцыі прайшла “Галоўная ёлка краіны” з удзелам кіраўніка дзяржавы, на якую былі запрошаны больш за 2,3 тыс. дзяцей, а таксама адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы для лепшых навучэнцаў і студэнтаў у Палацы Незалежнасці, ёлкі з удзелам старшынь абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *