Гартаючы старонкі мінулага: гады 30-я

Важное Наша гісторыя

Хоць на агульным фоне ўпэўненага ўмацавання народнагаспадарчай сферы краіны дасягненні Брагіншчыны і Камарыншчыны былі даволі сціплыя, але яны мелі немалаважнае значэнне. Закладвалася надзейная аснова для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Калектывізацыя

На рубяжы 1929–1930-х гадоў адбыліся карэнныя перамены на вёсцы. Пачалося фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі. І даволі часта гэта забяспечвалася прымусовымі мерамі. Людзей арганізоўвалі ў калгасы з поўным абагульненнем хатняй жывёлы і дробнага інвентару. Напрыклад, на сесіі Калыбанскага сельсавета па прапанове ўпаўнаважанага з райцэнтра прынялі рашэнне аб тым, што ўсе сяляне павінны ўступіць у калгас. Сур’ёзныя перагібы і памылкі ў справе калектывізацыі ў калгасах “Чырвоны араты”, “Ленінскі шлях”, “Парыжская камуна” і шэрагу іншых месц у сакавіку – красавіку 1930-га выклікалі масавы выхад сялян з калгасаў. А суцэльнае абагульненне маёмасці – збыт ці забой жыўнасці яе гаспадарамі. Сілавыя метады ўлад сустракаліся процідзеяннем сялян, нярэдка – крымінальнага характару. У Калыбані, напрыклад, была спалена канюшня, а ў Кавацы – знішчаны млын.

У лютым 1930-га пачаўся пераход да ліквідацыі кулацтва як класа. І гэта яшчэ больш абвастрыла палітычную сітуацыю. Пацярпелыя ў ходзе калектывізацыі вяскоўцы станавіліся ў варожую апазіцыю да мясцовай улады, кіраўнікоў гаспадарак і сельскіх Саветаў, актывістаў. Напрыклад, у Чыкалавічах, Ніжніх Жарах, Малейках і іншых месцах былі ўчынены тэрарыстычныя і іншыя злачынныя акты. Праціўнікі калектывізацыі забілі старшыняў Шкуратоўскага, Астраглядаўскага сельсаветаў Адама Раманаўца і Сямёна Малочку, старшыню камітэта беднаты Міхаіла Новікава (в. Радзін), спалілі памяшканне сельсавета ў Малейках, хату-чытальню ў Макрацы.

Многія з недахопаў у правядзенні калектывізацыі адзначаліся на пасяджэнні Прэзідыума ЦВК БССР у лістападзе 1931 года, на якім былі заслуханы справаздачы шэрагу кіраўнікоў райвыканкамаў, у тым ліку Брагінскага, аб стане калгаснага будаўніцтва.

Падкрэслівалася неабходнасць шырэйшага распаўсюджвання станоўчага вопыту арганізатарскай і масава-растлумачальнай работы з мэтай паскарэння тэмпаў аб’яднання сялян у калгасы. Дарэчы, на той час у Брагінскім раёне было калектывізавана 53,6 працэнта сялянскіх гаспадарак, у Камарынскім – 52,5.

Кадравая палітыка

Каб вырашыць кадравае пытанне, на работу ў сельскую мясцовасць, згодна з рашэннем лістападаўскага пленума ЦК ВКП(б) 1929 года, былі накіраваны 25 тысяч перадавых рабочых і служачых. У тым ліку ў Беларусь – 100 лепшых працаўнікоў завода “Чырвонае Сорманава” з Ніжняга Ноўгарада, з прадпрыемстваў Масквы і Ленінграда. Ужо ў студзені 1930-га на Брагіншчыну і Камарыншчыну прыехалі 15 рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў. Яны былі абраны старшынямі калгасаў і сельсаветаў, сакратарамі партыйных ячэек.

Але не ўсе, вядома, здолелі праявіць сябе ў новай і незнаёмай для іх справе. Нягледзячы на моцную класавую загартоўку і прафесіяналізм, яны не ведалі спецыфікі і асаблівасцей сельскага побыту, не мелі навыкаў гаспадарчай работы. І ўсё ж добрую памяць аб сабе пакінулі рабочыя Ленінградскіх чыгуначных майстэрняў Міхаіл Бялоў, Пуцілаўскага і Механічнага суднарамонтных заводаў Ігнат Сакалоў і Пётр Сахараў, Ленінградскіх суднаверфяў – Пётр Штыркін, якія працавалі старшынямі калгасаў “Кастрычнік” (в. Сабалі), “Чырвоны барацьбіт” (в. Асарэвічы), імя Бу-дзённага (в. Багушы), імя Варашылава (в. Астрагляды).

Адной з форм умацавання класавых сувязей паміж рабочымі гарадоў і працоўным сялянствам стала шэфская дапамога з боку прадпрыемстваў і арганізацый у рамонце сельгастэхнікі і прычапнога інвентару, уборцы ўраджаю, правядзенні масава-палітычнай работы і г. д. Вясной 1934-га і ў далейшым для аказання такой дапамогі з Гомеля ў раённыя МТС і калгасы прыязджалі тэхнічныя спецыялісты і палітработнікі. На Брагіншчыне і Камарыншчыне арганізавана правялі ўсе сельскагаспадарчыя работы, сабралі ўраджай амаль удвая вышэйшы, чым у папярэднім годзе.

Умацаванню калгасаў у немалой ступені садзейнічала таксама ўручэнне ім Дзяржаўных актаў на бестэрміновае (вечнае) карыстанне зямлёй.

У 1933–1937 гадах умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база сельскагаспадарчай вытворчасці. Паступленне ў МТС усё большай колькасці новай тэхнікі ставіла на парадак дня пытанні падрыхтоўкі механізатарскіх кадраў. Пры Брагінскай і Камарынскай (Іёлчанскай) машынна-трактарных станцыях працавалі курсы трактарыстаў. На іх вучыліся хлопцы і дзяўчаты з ліку былых батракоў, а таксама беднякоў і сераднякоў.

Да высокіх паказчыкаў

У тыя ж гады многае было зроблена па павышэнні культуры земляробства. У гаспадарках абодвух раёнаў укараняліся ворыва зябліва, сяўба радковымі сеялкамі, баранаванне азімых, травапольныя севазвароты. Гэта садзейнічала павышэнню ўраджайнасці сельгаскультур, павелічэнню валавых збораў збожжа, бульбы, ільнопрадукцыі і г. д. У 1936 годзе за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў група перадавікоў Брагінскага і Камарынскага раёнаў была ўдастоена дзяржаўных узнагарод. У прыватнасці, ордэнам Леніна адзначаны звеннявы калгаса імя Тэльмана А. Радчанка, ордэнам “Знак Пашаны” – звеннявы калгаса “Чырвоны працаўнік” В. Кулай, медалём “За працоўную доблесць” – старшыня калгаса “Чырвоная зорка” У. Валасенка, калгасніца “Ленінскага шляху” В. Ліхашапка.

На Брагіншчыне і Камарыншчыне былі добра вядомы прозвішчы стаханаўцаў калгасных палёў – механіка Ф. Гензельмана з калгаса “Чырвоная Украіна” (в. Гдзень), І. Голуба з калгаса імя Варашылава Астраглядаўскага сельсавета, П. Зачаткі і Ф. Зелянкоўскага з калгаса “Кастрычнік” Буркоўскага сельсавета і інш.

З рапарта ардэнаносца В. Кулая раённаму Надзвычайнаму з’езду Саветаў (лістапад, 1936 г):

У маёй брыгадзе налічваецца 30 жанчын і 15 мужчын. Наша брыгада заўсёды працуе сплачона і дружна, і дзякуючы чэсным і добрасумленным адносінам да працы мы датэрмінова і добраякасна выканалі план сельскагаспадарчых работ.

Сярэдні ўраджай па маёй брыгадзе раўняецца 10 ц жыта, 10,5 ц пшаніцы з гектара, і на вопытных участках мы дабіліся 25–30 ц ячменю з гектара.

…Лепшыя стаханаўкі маёй брыгады Савянок Антаніна і Леўчанка Ліда паказалі лепшыя ўзоры работы на апрацоўцы льну, сістэматычна перавыконваючы нормы выпрацоўкі, яны давалі высокую якасць валакна. Леўчанка Лідзе ўсяго 14 год, але па сваёй працы яна не адстае ад дарослых. Звеннявы маёй брыгады Каваленка Фёдар сваім асабістым прыкладам мабілізуе астатніх калгаснікаў на перавыкананне норм выпрацоўкі. Працуючы на здабычы торфу, Каваленка выконвае норму выпрацоўкі на 250%.

Да 1937 года калектывізацыя ў абодвух раёнах была завершана, у калгасы ўдалося арганізаваць да 80 працэнтаў сялянскіх гаспадарак.
У 1939-м на Усезаюзнай сельска-гаспадарчай выстаўцы дэманстравалі свае вытворчыя дасягненні калгасы імя Тэльмана Малейкаўскага, “Другая пяцігодка” Брагінскага, “Чырвоны пар-тызан” Малажынскага Саветаў.

Адукацыя

Ажыццяўляючы мерапрыемствы культурнай рэвалюцыі, савецкі ўрад прыняў у 1925 годзе рашэнне аб увядзенні ў бліжэйшыя гады ў краіне ўсеагульнага абавязковага навучання. Крайнім тэрмінам ажыццяўлення гэтай задачы намячаўся 1933/34 навучальны год.

Аднак, зыходзячы з указанняў XVI з’езда ВКП(б), УЦВК СССР у жніўні 1930-га прыняў закон аб увядзенні з 1930/31 навучальнага года абавязковай пачатковай адукацыі. Аб правядзенні вялікай падрыхтоўчай работы сведчаць лічбы: калі ў 1927–1928 гг. фактычны ахоп навучаннем юных жыхароў Брагіншчыны і Камарыншчыны складаў 66,9%, то ў канцы 1930-га пачатковыя школы наведвала ўжо 89% дзяцей.

У пачатку 30-х ЦК ВКП(б) і савецкі ўрад прынялі пастанову, накіраваную на паляпшэнне работы школ. Яны перайшлі на новыя прадметныя праграмы, быў уведзены цвёрды распарадак заняткаў. Для павышэння якасці ведаў у вучэбныя планы ўключаліся пераводныя і выпускныя экзамены.

З 1933 па 1937 год агульная колькасць школ на тэрыторыі Брагіншчыны і Камарыншчыны павялічылася з 63 да 98, у тым ліку пачатковых – з 60 да 62, няпоўных сярэдніх – з 2 да 30, сярэдніх – з 1 да 5. А колькасць вучняў вырасла з 5200 да 13 700, настаўнікаў – з 330 да 786.

За дасягнутыя поспехі ў навучальна-выхаваўчай рабоце ЦВК СССР у 1939 годзе адзначыў групу перадавых настаўнікаў краіны. Былі ў гэтым ліку і нашы землякі: ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджана настаўніца, пазней – дырэктар Крыўчанскай СШ Анастасія Клімкіна, медалём “За працоўную адзнаку” – настаўніца Верхнежароўскай сямігадовай школы Вольга Чарэнька і інш.

ЗА ГАЗЕТНЫМ РАДКОМ,
ці Аб чым паведамлялі брагінскае раённае выданне “ТРЫБУНА КАЛГАСНІКА”…

Чытаем мастацкую літаратуру

1 студзеня 1935 г.

28 снежня адбылося пасяджэнне штаба пры райкоме па правядзенню пахода за асваенне мастацкай літаратуры. Штаб вызначыў арганізаваць гурткі па чытанню мастацкай літаратуры ў 35 буйнейшых калгасах нашага раёна…
Вызначана, як мінімум, прачытаць і распрацаваць у гуртках наступныя творы: “Маці” Максіма Горкага, “Чапаеў” Фурманава, “Паднятая цаліна” М. Шолахава, “Дрыгва” Якуба Коласа, “Над ракой Арэсай” Янкі Купалы, “Сполах на загонах” П. Галавача…

Сустрэча ардэнаносца

7 студзеня 1936 года

З вялікім захапленнем калгаснікі, усе працоўныя нашага раёна сумесна з прадстаўнікамі раённых арганізацый сустрэлі ўзнагароджанага ЦВК Саюза ССР ордэнам “Знак Пачота” Кулая Васіля Фёдаравіча, які вярнуўся з нарады перадавікоў ураджайнасці па зярну, трактарыстаў і машыністаў малатарань з кіраўнікамі партыі і ўрада…

…Па прыезду ўзнагароджанага ў калектыве быў скліканы сход, на якім калгаснікі віншавалі свайго ардэнаносца доўгімі, бурнымі апладысментамі…

З чым прыйшлі да Надзвычайнага з’езда Саветаў

17 лістапада 1936 г. 

…Выраслі і ўмацаваліся рад калгасаў. Адбыўся карэнны зрух у машынізацыі сельскай гаспадаркі. Павялічылася сетка школ. Узрасла культура вёскі. Вось некалькі фактаў. У 1934 годзе ў раёне было ўсяго 14 трактароў, а зараз 47. Гэта значыць, павелічэнне амаль у тры разы. У 1934 годзе ў раёне не было ніводнага камбайна – зараз іх ёсць 2, маем 2 ільноцерабілкі, 9 складаных малацілак, 7 ільносеялак і рад іншых сельскагаспадарчых машын.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нашым раёне было ўсяго 28 школ, у якіх навучалася 1000 дзяцей, а зараз у нашым раёне ёсць 60 школ, з іх 17 няпоўнасярэдніх і адна сярэдняя. Усяго навучаецца ў школах 9000 дзяцей.

Зараз наш раён выдаткоўвае з агульнага раённага бюджэта 2 823 136 рублёў на культурнае будаўніцтва, 1 709 800 рублёў – на нарасвету, што складае амаль 50 працэнтаў раённага бюджэту…

…У параўнанні з 1934 годам колькасць буйной рагатай жывёлы павялічылася на 42,1 процанты… Выраслі дзесяткі перадавых людзей-стаханаўцаў, як Кулай Васілій Фёдаравіч, Зубар Хадоска, Доўбун, Юнах (брыгадзір трактарнай брыгады МТС), Маргун і рад іншых…

…Наш раён мае ўсе магчымасці быць у радах перадавых раёнаў ардэнаноснай рэспублікі. Адставанне тлумачыцца тым, што асобныя кіраўнікі сельсоветаў, калгасаў і аддзелаў РВК яшчэ не з’яўляюцца сапраўднымі арганізатарамі мас, яшчэ недастаткова кіруюць і дапамагаюць у арганізацыйна-гаспадарчым умацаванні калгасаў. Нарэшце РВК і РайЗА вельмі многа патрэбна зрабіць у адносінах уздыму арганізацыйна-масавай работы на вёсцы, бо і на гэтым участку ў нас далёка не ўсё добра…

П.А. Баброў,
старшыня Брагінскага райвыканкама

…і камарынскае – “КАЛГАСНЫ СЦЯГ”

370 лямпачак Ільіча

7 лістапада 1935 г.

Сёння ў калгасе “Чырвоны араты” Калыбанскага сельсавета яркім святлом загарацца ў 170 калгасных хатах лямпачкі Ільіча. Электрасвятло з’явіцца ў кароўніку і канюшні. 200 калгасных хат атрымаюць электрычнае святло ў калгасе “Чырвоная Украіна” Гдзенскага сельсавета.

Радзільны дом

7 лістапада 1937 г.

Закончана будаўніцтва новага радзільнага дома ў м. Камарын. Ён разлічаны на дзесяць ложкаў. Гэтым зноў-такі сказваюцца велізарныя клопаты партыі і ўрада аб мацеры і дзіцяці.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *