Падтрымалі добрую традыцыю

Главное

Кожны з нас у гэтыя зімовыя дні верыць: год, які наступіў, будзе абавязкова лепшы, чым папярэдні. Хтосьці спадзяецца знайсці сваё шчасце ці палепшыць фінансавае становішча, хтосьці – вылечыцца ад хвароб ці пашырыць кола сяброў… Мы з дзяцінства загадваем жаданні пад бой курантаў і верым у іх здзяйсненні. Не выключэнне, відаць, і людзі састарэлыя. Хіба можа чалавек ні аб чым не марыць?!

Напярэдадні Новага года мы, члены прафсаюзнай арганізацыі Мікуліцкай сярэдняй школы, падтрымалі добрую традыцыю нашай установы: наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і ветэрана педагагічнай працы Фёдара Быстрыка. Завіталі да яго з салодкім падарункам ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, цёплымі і шчырымі пажаданнямі моцнага здароўя і даўгалецця.

Твар Фёдара Дзмітрыевіча свяціўся радасцю і ўдзячнасцю. Для чалавека ў такім паважаным узросце вельмі важна адчуваць, што пра яго не забываюць.

Пераапрануўшыся ў Дзеда Мароза і Снягурку, мы не толькі павіншавалі ветэрана, але і аказалі яму дапамогу ў ачыстцы двара ад снегу. Добрыя справы – менавіта той цуд, якога мы ўсе чакаем у Новы год.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,

старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мікуліцкай  сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *