Векавая гісторыя: курс – на індустрыялізацыю

Наша гісторыя

На бягучым тыдні, першага студзеня, наша краіна адзначыла юбілейную дату: споўнілася 100 год з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Таму ёсць добрая нагода яшчэ раз зазірнуць у мінулае, прасачыць за падзеямі, што адбываліся на Брагіншчыне ў перыяд БССР. Гады дваццатыя…

Стварэнне СССР забяспечвала Беларусі, як і кожнай іншай рэспубліцы Саюза, спрыяльныя ўмовы для перабудовы грамадства на сацыялістычных асновах, уздыму эканомікі і культуры, карэннага паляпшэння жыцця грамадзян. Гэта праяўлялася і ў адчувальнай дапамозе з боку дзяржавы валасцям Брагіншчыны і Камарыншчыны тэхнікай і абсталяваннем, спецыялістамі для развіцця мясцовай прамысловасці, кадрамі народнай асветы, аховы здароўя і інш. Асабліва прыкметнай стала такая дапамога пасля абвяшчэння партыяй на XIV з’ездзе ВКП(б) курсу на сацыялістычную індустрыялізацыю.

У вырашэнні пытанняў сацыяльна-культурнай сферы мясцовыя органы імкнуліся шырэй прыцягваць да работы ў Саветах сельскую беднату. Найбольш плённа працавалі ў гэтых адносінах выканкамы Брагінскага, Мікуліцкага, Савіцкага Саветаў. Партыйныя і дзяржаўныя органы надавалі вялікае значэнне далучэнню пралетарыяў, у тым ліку жанчын, да ўдзелу ў рабоце розных камісій, груп садзейнічання, дэлегацкіх сходаў і г.д. Актыў-насцю ў грамадскай рабоце вызначаліся тады вясковыя дзяўчаты Марыя Гудзянок, Ганна Жураў, Марыя Федасенка, Дар’я Цеслянок і інш. У далейшым яны сталі першымі ў сваіх раёнах жанчынамі, якія ўзначалілі выканкамы мясцовых органаў савецкай улады.

Справе аднаўлення народнай гаспадаркі, уцягнення сельскіх працаўнікоў у сацыялістычнае будаўніцтва служылі каапера-тыўныя арганізацыі. У 1923 годзе на Брагіншчыне і Камарыншчыне дзейнічалі тры адзіныя спажывецкія таварыствы. Тут працавалі 196 прыватных крам, чайных закусачных. У часы нэпа галоўнай задачай кааперацыі з’яўлялася авалоданне рынкам ва ўмовах свабоды гандлю.

Вялікую дапамогу ў аднаўленні гаспадаркі аказвалі сельскія камітэты сялянскай узаемадапамогі. У Брагінскім і Камарынскім раёнах у 1925 годзе іх было 57, і аб’ядноўвалі яны 10 тысяч маламоцных сялянскіх двароў.

З другой паловы 20-х гг. пачалося згортванне нэпа. Ажы-ццяўлялася каапераванне дробнай саматужнай прамысло-васці. Прыватныя прадпрыемствы (15 алейніц і столькі ж крупадзёрак, 12 ваўначосак і інш.) знікалі, скасоўваліся арэндныя дагаворы. У выніку вымушанага аб’яднання майстроў-прыватнікаў склалася сістэма кааператыўных арцелей. У Брагіне дзейнічалі арцелі “Чырвоная іголка”, “Прагрэс”, “Чырвоны Кастрычнік”, у Камарыне – “Камунар”, “Рэкорд”, “Чырвоны будаўнік”. Яны наладзілі вытворчасць абутку і швейных вырабаў, цэглы для задавальнення попыту мясцовага насельніцтва.

У гэты ж перыяд была ўведзена ў эксплуатацыю шаша Чарнігаў – Жытомір, частка якой прылягала па Камарынскім раёне. Праз Днепр і Прыпяць праклалі два драўляныя масты.

Шмат увагі дарожнаму будаў-ніцтву на Камарыншчыне ўдзя-лялася і ў наступныя гады, асабліва калі начальнікам дарожнага аддзела райвыканкама працаваў Кірыл Мазураў. Забрукаваны пры ім участак шашы Камарын – чыгуначная станцыя Іёлча і ў напрамку Чарнобыля ў народзе пачалі называць мазураўскім. У 1926-м на тэрыторыі Камарынскага раёна разгарнулася будаўніцтва ўчастка чыгункі Чарнігаў – Оўруч. Яна пралягала праз Іёлчу – Капоранку – Пасудава. Паспяхова спраўляўся з заданнямі па забеспячэнні будаўніцтва рабочай сілай і гужавым транспартам выканкам Новаіёлчанскага сельсавета.

У 1928 годзе іёлчанска-пасу-даўскае наваколле абудзіў першы паравозны гудок.

Брагінскі райвыканкам на працягу 1927–1928 гг. многае рабіў па далейшым землеўпарадкаванні сялянскіх гаспадарак. За кошт абрэзкі зямлі ў заможных сялян на працягу гэтых двух гадоў былі надзелены ёю 212 беззямельных і малазямельных вясковых двароў.

Такім чынам, 20-я гады з’явіліся для брагінчан і камарынцаў перыядам умацавання асновы для далейшага развіцця раёнаў у вытворча-эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферах.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ