Якім быў 2018 год для жывёлаводаў раёна, з якімі планамі і надзеямі ўступілі яны ў 2019-ты

Экономика

 Якім быў 2018  год для жывёлаводаў раёна, з якімі планамі і надзеямі ўступілі яны ў 2019-ты, мы папрасілі расказаць галоўнага заатэхніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пятра Пінчука.

–Пётр Валер’евіч, як вы самі ацэньваеце  вынікі мінулага года?

–Станоўча. Калі гаварыць у цэлым, для працаўнікоў ферм нашага раёна 2018-ты быў спрыяльным. Па многіх паказчыках дасягнуты нядрэнныя вынікі.  Напрыклад,  пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 1 студзеня 2019-га павялічылася на 213 галоў і склала 27 839 галоў (ад 100% у “Пераможніку” да 105% – у “Брагінцы). Не зменшылі сельгаспрадпрыемствы і колькасць кароў, а ў малочным статку іх стала  на 189 галоў  больш і цяпер ён налічвае 6622 (103%).  Да слова, у ААТ “Брагінскім” – 101%, у “Імя Жукава” – 105% да ўзроўню 2017-га. Неабходна адзначыць і тое, што за год мы атрымалі 7522 галавы прыплоду (+280).

Валавая вытворчасць малака на ўзроўні 107%, яго таварнасць за 12 месяцаў склала 89%. За выключэннем ААТ “Камарынскі”, прыбаўленне  прадукцыі забяспечылі  ўсе гаспадаркі. Найбольшы прырост дало адкрытае акцыянернае таварыства “Брагінскі” – 121%, а таксама “Пераможнік” (113%) і “Імя Жукава” (111%).

У разліку на карову надоена па 4574 кілаграмы малака – плюс 166   кг. У  “Брагінскім” прадуктыўнасць вырасла на 715 кілаграмаў, у “Пераможніку” – на 328, у “Імя Жукава” – на 191 кг. Гэтыя ж гаспадаркі  павялічылі і рэалізацыю малака.

–А як справы з вырошчваннем буйной рагатай жывёлы?

–Валавую вытворчасць мяса, за выключэннем “Малажынскага”,  сельгаспрадпрыемствы таксама не знізілі (101%). У ААТ “Імя Жукава” яна склала 108%, у “Пераможніку” – 105%. Сярэднясутачныя прывагі атрымалі па 570 грамаў (+9 гр.).  У лідарах па-ранейшаму чамярысцы, у якіх за суткі жывёла прыбаўляла ў вазе на 698 грамаў, а таксама працаўнікі ферм “Брагінкі” – 669 грамаў.

–Скажыце, калі ласка, на якіх пазіцыях наш раён у вобласці?

–Па тэмпах росту валавой вытворчасці малака і яго рэалізацыі – на чацвёртым месцы сярод гаспадарак Гомельшчыны, па тэмпах росту вырошчвання буйной рагатай жывёлы – на другім месцы пасля мазыран. Дарэчы, толькі два раёны: наш і Мазырскі не дапусцілі мінуса ў вытворчасці мяса і  павялічылі  сярэднясутачныя прывагі (па гэтай пазіцыі да іх далучыўся яшчэ  Лоеўскі раён). Па надоях малака ў разліку на карову наша месца пакуль 13-е, так што неабходна працаваць над  павялічэннем прадуктыўнасці дойнага статка.

–Ці захоўваецца станоўчая дынаміка ў 2019-м?

–Так. Вытворчасць малака ў гэтыя студзеньскія дні складае 104%, яго рэалізацыя – 103%. Плюсуюць, акрамя “Камарынскага”, усе акцыянерныя таварыствы. Камарынцы на працягу доўгага часу  з’яўляліся флагманам жывёлагадоўлі, у іх па-ранейшаму найвышэйшы гадавы  надой  на карову, але ж пралікі, якія дапусцілі ў узнаўленні статка, не дазваляюць ім утрымлівацца на  дасягнутым   рубяжы  і нарошчваць аб’ёмы прадукцыі.  Наадварот, назіраецца яе спад. Справа гонару кіраўніцтва і спецыялістаў паправіць становішча.

А ў цэлым зімоўка праходзіць нармальна. Пытанні, вядома, узнікаюць, іх нямала, бо жывёлагадоўля – складаная галіна, таму стараемся ўсе праблемы вырашаць аператыўна.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий