Зімовая казка ад сям’і Сніцарэнкаў з Чамярыс

Главное Общество

Паглядзець, як упрыгожылі гаспадыня дома Ала Сямёнаўна з сынам Антонам сваю сядзібу, прыходзяць вечарамі аднавяскоўцы з дзецьмі, робяць сэлфі, любуюцца незвычайнай прыгажосцю. І елка, што расце пад акном, і фасад дома, і нават агароджа па ўсёй даўжыні ўпрыгожаны святлодыёднымі гірляндамі. Пераліваюцца рознакаляровымі агнямі, зіхацяць, зачароўваюць. На макушцы высокай елкі – зорка. Здаецца, што вісіць яна не на дрэве, а ззяе ў небе. Каб разгледзець гэты зімовы цуд, патрэбна пастаяць некалькі хвілін.

Антон Сніцарэнка, стваральнік маленькага цуда.

Антон прызнаецца, што на падрыхтоўку такой колькасці гірлянд, якія набывалі на працягу некалькіх гадоў, пайшоў цэлы тыдзень. Разбіраў іх, паяў, складваў, каб потым развесіць на тэрыторыі двара. Дапамагала яму ў гэтым каханая дзяўчына. Калі бачаць, як радуюцца людзі, і ў саміх цяплее на сэрцы. Не шкада ні часу, ні грошай на аплату электраэнергіі (пра гэта нават і не думалі), галоўнае, у Чамярысы прыйшло свята.

Ала Сямёнаўна лічыць, што і ў вёсцы павінна быць утульна, не горш, чым у горадзе ў навагоднія дні. Хацелі закончыць упрыгажэнне сядзібы да Ражаства Хрыстова, але крыху надвор’е падвяло. Затое калі ўсталяваліся марозы, узяліся за справу.

Вялікі дзякуй Сніцарэнкам за клопат пра адавяскоўцаў і жаданне зрабіць для іх нешта добрае і прыемнае. У іх гэта атрымалася. Хацелася б, каб у іх знайшліся паслядоўнікі і ў будучым годзе іншыя гаспадары з такой жа любоўю ўпрыгожылі свае дамы.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий