Без дысцыпліны не будзе ні прадукцыі, ні якасці

Важное Сельское хозяйство

У аўторак, 12 лютага, як і было запланавана, мы накіраваліся ў ААТ “Малажынскі”.


Святлана Галавачова

Спачатку пабывалі на Дублінскай ферме, дзе пазнаёміліся з умовамі працы людзей, высветлілі, што іх хвалюе.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Тамко тут бывае часта, таму ў яго склалася сваё ўражанне пра гэтае вытворчае падраздзяленне і калектыў. Дысцыпліна тут не на вышыні. Усё малако, якое надойваюць, рэалізоўваюць не гатункам экстра ці вышэйшым, а толькі першым, што адбіваецца на заробках.  Іх не назавеш нізкімі, бо лепшы аператар машыннага даення атрымлівае ў месяц, па словах загадчыцы МТФ,  па 700 рублёў,  а ў каго ёсць прагулы, на  такую суму можа не разлічваць. Хаця ўсе працуюць у аднолькавых умовах, кармоў хапае, сілас, які раздалі дойнаму статку, якасны. Гэта пацвердзілі і самі жывёлаводы. Тады што перашкаджае асобным сумленна выконваць свае абавязкі і выйсці  калі не ў лідары, дык быць не ў накладзе матэрыяльна? Толькі свая абыякавасць і недысцыплінаванасць.

Васіль Піляк

Шкада, што людзям няма дзе сабрацца разам, памяшканне, якое традыцыйна называлі “ленкомнатой”, патрабуе рамонту. Таму  лісты з падзякай і падарункі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан уручыў аператару машыннага даення  Святлане Галавачовай і слесару даільных установак Васілю Піляку на вуліцы. Затое спецвопраткай забяспечылі ўсіх. Мужчынам выдалі плашчы, касцюмы і гумавыя боты, жанчынам – па два халаты і  боты.

Уладзімір Прышчэпаў

На Юркавіцкай ферме ўтрымліваецца 160 галоў дойнага статка, як высветлілася, прадуктыўнасць іх невысокая, калі параўноўваць з надоямі па іншых фермах і гаспадарках. Трэці год невялікі калектыў узначальвае Святлана Ефіменка, ветэран працы, якая перажывае і за вытворчыя паказчыкі, і за парадак, дысцыпліну. На гэтым вытворчым падраздзяленні, як і на суседнім у Пераносах і Аляксееўцы,  пакоі для адпачынку ёсць. Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Міхаіл Пінжакоў на ферме бывае і раніцай, і ў абед, і вечарам, рэгулярна наведваюцца  старшыня прафкама Паліна Пімянёнкава, спецыялісты гаспадаркі. Аб гэтым  расказвалі вяскоўцы, якім такая ўвага імпануе.

Ганна Гарэлянкова і Наталля Ефіменка

Галоўны заатэхнік Тамара Чарнянок у інтарэсах вытворчасці зрабіла ў Пераносах кадравую перастаноўку. У снежні 2018-га на пасаду загадчыцы МТФ перавяла Наталлю Ефіменку, якая выпайвала цялят. Зараз гэтым займаецца Ганна Гарэлянкова, паколькі адказны ўчастак работы не ўсім  пад сілу ды і не кожны з ім справіцца. А што такое рашэнне заатэхніка было правільнае, пацвердзіў Віктар Іванавіч: у памяшканнях стала чыста, не валяюцца акуркі. Спадзяёмся, і вынікі працы палепшацца.

 Аляксееўскую ферму без загадчыка Уладзіміра Прышчэпава (стаж –  31 год) уявіць цяжка. Яму прафсаюзны лідар і адрасаваў словы падзякі за вернасць прафесіі, стараннасць, да якіх дадаў ліст з падзякай і падарунак.

 Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *