Больш  прадукцыі – вышэйшыя  заробкі 

Сельское хозяйство

 

На Буркоўскі малочнатаварны комплекс ААТ “Імя Жукава” мы прыехалі разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Раманам Цеслянком і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрыем Тамко.

Галоўны эканаміст гаспадаркі  Юлія Сырапарава і старшыня прафсаюзнага камітэта Галіна Прахарэнка расказалі пра людзей, якія тут заняты. У першую чаргу адзначылі жывёлаводаў Уладзіміра Раманюка і яго сястру Людмілу Чэркас. У мінулым годзе ў ходзе рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” лістом з падзякай і падарункам быў адзначаны Уладзімір Яўгенавіч (ён ужо на пенсіі), а сёлета за сумленную працу вырашана заахвоціць Людмілу.

На Рыжкаўскай ферме, якая, па словах Галіны Фёдараўны, лічыцца лепшай, была магчымасць не толькі пагутарыць і пазнаёміцца бліжэй з людзьмі, але і высветліць, як жывуць вяскоўцы, якія ў іх заробкі, ці ўсе пункты калектыўнага дагавору выконваюцца. Гэтыя пытанні прадстаўнікі раённых службаў  адрасавалі загадчыцы МТФ Ніне Пікуль. Лепшыя аператары машыннага даення атрымліваюць па 600-700 рублёў, сярэднямесячная зарплата па ферме –  550 рублёў. Мінімальная яна толькі  ў двух вартаўнікоў.

За студзень валавы надой склаў 89 тон. У суткі ад кожнай каровы атрымліваюць зараз па 16 літраў малака. Заатэхнічная служба пастаянна праводзіць кантрольнае даенне, займаецца ўзнаўленнем статка. Першацёлак вырошчваюць у Мікулічах. У 2016-м групу нецеляў набраў адзін з лепшых аператараў машыннага даення гаспадаркі і раёна Васіль Пікуль, у мінулым годзе – Таццяна Ганчар. Спецыялісты ўстановы “Брагінская ветэрынарная станцыя”, якія праводзілі ў гэты час  запланаваную работу, адзначылі, што каровы тут прадуктыўныя. Асобныя даюць па 25-30 літраў малака.

Акрамя Васіля Пікуля і Таццяны Ганчар, аператарамі  працуюць таксама Аксана Калашнікава, Валянціна Цярэшчанка і Ала Каток (падмяняе выхадныя і водпускі). Па ўзгадненні з кіраўніцтвам ААТ “Імя Жукава” і прафкамам ліст з падзякай і падарунак будуць уручаны жывёлаводу Аксане Шаўчэнцы, якая вырошчвае маладняк буйной рагатай жывёлы.

Сваімі падначаленымі Ніна Пятроўна задаволена. Расказала нам, што ўсе стараюцца атрымаць  якасную прадукцыю, бо разумеюць: ад гэтага залежаць іх заробкі. Больш малака надаілі і рэалізавалі гатункам экстра – больш грошай атрымаюць.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *