Дзеці з Кірава атрымалі падарункі ад міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Самарыцянскі кашалёк”

Общество

А перадалі іх хлопчыкам і дзяўчынкам валанцёры абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях”.

 

Падчас дзіцячай канцэртнай праграмы “Дабрыня для душы”, якая прайшла ў Кіраўскім сельскім клубе, у зале практычна не было пустых месцаў. Многія мясцовыя жыхары сабраліся тут, каб паслухаць, як спяваюць і чытаюць вершы юныя вясковыя артысты.

А рыхтаваліся дзеці да мерапрыемства пад чуткім кіраўніцтвам загадчыцы ўстановы культуры Марыны Хікматавай. Гэта чалавек, які шчыра любіць сваю прафесію і робіць усё, каб пазнаёміць падрастаючае пакаленне з беларускай культурай, захоўвае і перадае дзецям веды аб традыцыях нашых продкаў.

Вядома, што сельскі клуб для вяскоўцаў – гэта не толькі месца для сустрэч і развіцця творчых здольнасцяў, але і цэнтр пазітыва і станоўчых эмоцый. Яшчэ больш радасці і дабрыні сюды прыўнёс візіт прадстаўнікоў абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” з падарункамі ад “Самарыцянскага кашалька”.

Яркія скрыначкі, начыненыя гасцінцамі, дзецям раздалі валанцёры Таццяна Раянок і Паліна Цярэшчанка. Вучаніцы Малейкаўскай СШ упершыню выступілі ў такой ролі, але запэўнілі, што працягнуць і далей займацца валанцёрскай дзейнасцю. Як адзначыла іх настаўніца Людміла Раманюк, людзі, якія шчыра жадаюць далучыцца да гэтага руху, робяць добрыя справы ад душы, бескарысліва, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу і жывуць з жаданнем зрабіць свет хоць крышачку лепшым.

Нагадаем, што падарункі для дабрачыннай арганізацыі “Самарыцянскі кашалёк” збіраюцца ў розных краінах простымі людзьмі. На гэты раз маленькіх беларусаў парадавалі іх аднагодкі з Велікабрытаніі.

 



Добавить комментарий